Адкрыццё выставы “Майстры Віленскай школы Міхась Сеўрук і Пётра Сергіевіч

15 снежня 2016 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Майстры Віленскай школы Міхась Сеўрук і Пётра Сергіевіч. Жывапіс і графіка з прыватных калекцый”

У экспазіцыю ўвайшло звыш 150 твораў мастакоў. Усе з прыватных збораў. Пераважная большасць з іх – малавядомыя ці зусім невядомыя не толькі шырокай аўдыторыі, але і спецыялістам: мастацтвазнаўцам, гісторыкам і тэарэтыкам мастацтва, галерыстам.

Сеўрук Міхась (Міхаіл) Канстанцінавіч нарадзіўся 27 (14 лютага па старому стылю) 1905 г. у Варшаве, Польшча, памёр 14 сакавіка 1979 г. у Нясвіжы Мінскай вобласці. Вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі (1919–1926), Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя (1927–1932, факультэт прыгожых мастацтваў) у Фердынанда Рушчыца, Аляксандра Штурмана, Людаміра Сляндзінскага. Выкладаў маляванне і чарчэнне ў школах і быў мастацкім кіраўніком студыі пры гарадскім клубе (Нясвіж, 1944–1952). Сябра Саюза савецкіх мастакоў БССР з 1946 г. Удзельнік выстаў з 1933 г. Жыў у Нясвіжы з 1939 г.

Сергіевіч Пётра (Пётр) Аляксандравіч нарадзіўся 23 (10 ліпеня па старому стылю) 1900 г. у в. Стаўрова Віленскай губерні (цяпер Браслаўскі раён Віцебскай вобласці), памёр 1 лістапада 1984 г. у Вільнюсе, Літва. Вучыўся на мастацкіх курсах (Петраград, 1917–1919) у Аляксандра Андрэева, вольнай школе малюнка і жывапісу Адомаса Варнаса (Вільня, 1920), Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя (1920–1924, 1926–1929, факультэт прыгожых мастацтваў) у Фердынанда Рушчыца, Аляксандра Штурмана, Людаміра Сляндзінскага, Кракаўскай акадэміі мастацтваў (1924–1925) у Юзафа Панкевіча. Працаваў у Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільнюсе (1944–1946). Выкладаў малюнак у Дзяржаўным літоўскім мастацкім інстытуце (Вільнюс, 1946–1953). Сябра Віленскага таварыства незалежных мастакоў з 1932, Саюза мастакоў Літоўскай ССР з 1945. Заслужаны дзеяч мастацтваў Літоўскай ССР (1960). Удзельнік выстаў з 1927 г. Жыў у Вільні з 1919 г.

Экспанаванне выставы будзе праходзіць з 16 снежня 2016 па 23 студзеня 2017 года.

Куратары выставы: вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Архіпава В.А., старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Загорская Ю.С.

Национальный художественный музей Республики Беларусь

 

 
 
 
 
15 снежня 2016