Вобраз Адама Міцкевiча праз паштоўку

Такiм чынам прадстаўлена асоба Адама Мiцкевiча ў кнiзе Уладзiмiра Лiхадзедава "Адам Мiцкевiч на паштоўцы канца ХІХ—пач. ХХ ст.".

Пад адной вокладкай сабраныя 396 паштовак. Тут i Беларусь, i Польшча, i тэрыторыi сучаснай Украiны i Расii. Мясцiны i краявiды, дзе нарадзiўся, жыў, бываў Мiцкевiч. Выявы вёскi Завоссе, малой радзiмы паэта, руiнаў замка i фарнага касцёла ў Навагрудку. Таксама партрэты Адама Мiцкевiча рукi Ваньковiча (знакамiты партрэт на гары Аю-Даг), выявы яго сяброў i каханай Марылi Верашчакi, iлюстрацыi да твораў i iнш.

Мяне найбольш уразiлi паштоўкi з выявамi знiшчэння помнiка Мiцкевiча, — прызнаецца аўтар прадмовы да кнiгi лаўрэат дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь Адам Мальдзiс. — Да гэтага часу мне iх не даводзiлася бачыць.

Выданне лаўрэата прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь "За духоўнае адраджэнне" створана пры падтрымцы Польскага iнстытута ў Мiнску.

— Кнiга з’яўляецца крокам наперад на шляху да лепшага ўсведамлення агульнага мiнулага палякаў, беларусаў, украiнцаў, лiтоўцаў, — кажа Надзвычайны i Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусi Хенрык Лiтвiн. — Мiцкевiч выхоўваўся на традыцыях Рэчы Паспалiтай. Сёння мы павiнны не дзялiць гэтую спадчыну на часткi, а ўспрымаць яе як агульную.

Кнiга — шостая па лiку за апошнiя пятнаццаць месяцаў. Папярэднiя расказвалi пра сiнагогi Беларусi, невядомы Мiнск. Адметнай кнiгай стала "Беларусь праз фотааб’ектыў нямецкага салдата", прысвечаная падзеям Першай сусветнай вайны, а таксама кнiга пра мястэчкi i малыя гарады нашай краiны "Знiчкi айчыны". "Усе яны ўваходзяць у серыю "У пошуках страчанага", якая стала працягам аднайменнай рубрыкi газеты "Советская Белоруссия". У гэтай рубрыцы друкавалiся паштоўкi з каментарамi журналiстаў, гiсторыкаў, пiсьменнiкаў.

Мне стала крыўдна, што iмя такой значнай фiгуры ў нашай гiсторыi, як Адам Мiцкевiч стала забывацца, — тлумачыць iдэю стварэння кнiгi Уладзiмiр Лiхадзедаў. — Нават Пушкiн лiчыў яго вышэй за сябе. За 10 апошнiх гадоў калекцыя паштовак па Мiцкевiчу стала значна пашырацца. Таму стала магчымым зрабiць такое выданне.

Першую паштоўку з выявай свайго роднага Полацка Леанiд Лiхадзедаў купiў каля 30 гадоў таму. Цяпер яго калекцыя налiчвае 15 000 штук. Многiя паштоўкi ён набываў у сваiх паездках за мяжу. Па словах калекцыянера, жадання прадаць яе нiколi не ўзнiкала.

42 рэпрадукцыi паштовак з кнiгi можна ўбачыць у музеi гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны да 31 сакавiка, а таксама наведаць дзве iншыя выставы Уладзiмiра Лiхадзедава: "Мiнск. Падарожжа ў часе" i "Беларусь праз фотааб’ектыў нямецкага салдата". Там жа можна набыць кнiгi з серыi "У пошуках страчанага".

Выстава паштовак з калекцыi Уладзiмiра Лiхадзедава праходзiць таксама i ў Гомелi.

www.zvyazda.minsk.by

9 лютага 2009