Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны ад 19.05.2005

Кроніка грамадзкага жыцьця Гарадзеншчыны ад Грамадзкага абяднаньня Цэнтр Трэці сектар ад 19.05.2005г.

а/с 54, Гародня, 230009,

тэл./факс (0-152) 75-71-72,

e-mail:

www.sektar.cjb.net

ПАДЗЕІ

Навучанньне і інтэграцыя

Павышэньне якасьці адукацыйных праграм для моладзі  гэтая мэта лягла ў аснову міжнароднага праекту, удзел у якім разам з партнэрамі з Польшчы, Партугаліі, Гішпаніі, Аргентыны, Польшчы і Ўкраіны будзе браць грамадзкае абяднаньне Цэнтр Трэці сектар з Гародні. Удзельнікамі праекту стануць маладыя трэнэры з названых вышэй краін. На працягу 10 дзён яны будуць удасканальваць свае веды і ўменьні ў галіне распрацоўкі адукацыйных праграм для моладзі, авалодваць новымі мэтадамі трэнэрскай працы, абмяркоўваць магчымыя сумесныя праекты ў галіне нефармальнай адукацыі моладзі.

Дадатковай мэтай праекту зьяўляецца інтэграцыя моладзі з розных краін, нацыянальных і культурных асяродзьдзяў.

Гэта ўжо другі падобнага кшталту праект, які адбываецца з удзелам Центру Трэці сектар. Летась на тэрыторыі Польшчы быў зладжаны беларуска-гішпанска-польска-ўкраінскі маадзёвы летнік, прысьвечаны ролі моладзі ў разьвіцьці мясцовых супольнасьцяў. Абодва згаданыя праекты атрымалі падтрымку ў межах Праграмы Моладзь, якая фінансуецца Эўрапейскім Зьвязам.

Вітаўт РУДНІК


Стартуе Акадэмія першых

Актывісты грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, якія працуюць з моладзьдзю, маюць магчымасьць узяць удзел у новым адукацыйным курсе Акадэмія першых. Мэтай курса зьяўляецца падрыхтоўка лідэраў і кіраўнікоў маладзёвых грамадзкіх абяднаньняў, здольных арганізоўваць сваю ўласную дзейнасьць, дзейнасьць сваіх арганізацыяў і дзейнасьць на ўзроўні сваіх мясцовых супольнасьцяў.

Арганізатарамі курсу зьяўляюцца Міжнароднае асьветніцкае грамадзкае абяднаньне АКТ, а таксама Беларускі саюз маладзёвых і дзіцячых грамадзкіх арганізацыяў Рада. Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у курсе 20 траўня да 16 гадзін.

Вітаўт РУДНІК


Навучаньне на дыстанцыі

Палепшыць сваю кампутарную пісьменнасьць змогуць удзельнікі новага дыстанцыйнага курсу Асновы працы з электроннымі табліцамі.

Мэтай курсу, які распачынаецца зь 1 чэрвеня, зьяўляецца вывучэньне асноваў працы з электроннымі табліцамі з дапамогай Microsoft Excel 2000.

Каб узяць удзел у курсе, неабходна зарэгістравацца па адрасе: http://distance.iatp.by Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па электроннай пошце, зьвярнуўшыся па адрасе:

Вітаўт Руднік


Круглае возера-2005

Традыцыйны летні інтэграцыйны летнік-сэмінар у намётах ладзіць сёлета грамадзкае абяднаньне Розныя-Роўныя.

Летнік пад назвай Круглае возера-2005 будзе базавацца зь 10 да 20 ліпеня на беразе Плешчаніцкага вадасховішча. Удзельнікамі мерапрыемства будуць маладыя людзі ўва ўзросьце ад 18 да 31 году з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі і бязь іх.

Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел у мерапрыемстве 25 чэрвеня.

Вітаўт РУДНІК


Вечар беларускай і швэдзкай паэзіі

Аматары і аматаркі паэзіі запрашаюцца на вечар беларускай і швэдзкай паэзіі і літаратуры. Арганізатарамі сустрэчы выступілі Швэдзкі інстытут (Svenska instiutet), Стакгольм, разам з філялягічным факультэтам Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. У праграме заплянаваныя літаратурныя чытаньні беларускіх і швэдзкіх аўтараў.

Літаратурны вечар у Гародні зьяўляецца часткай праграмы дзён швэдзка-беларускай паэзіі і літаратуры. Гэтаксама былі заплянаваныя сустрэчы 19 траўня ў Менску і 21 траўня ў Пінску. Вечар у Гародні адбудзецца 21 траўня па адрасе: актавая заля корпусу філялягічнага факультэту ГарДУ па вул. Леніна, 32.

Уваход вольны.

Падрыхтавала АЛЕСЯ БЯЛЕНІК


Свабода мэдыя у цэнтры ўвагі

12-13 траўня ўва Ўроцлаве (Польшча) адбываўся ІІ Міжнародны фэстываль мэдыя, на які, у якасьці ганаровых удзельнікаў, былі запрошаныя беларускія і ўкраінскія журналісты. Ад Беларусі ўдзел у мерапрыемстве ўзялі гарадзенскія журналісты, сябры мясцовай філіі ГА Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Праграма фэстывалю ўключала ў сябе трэнінгі і практычныя заняткі з удзелам вядомых польскіх журналістаў, візыты ў рэдакцыі мясцовых газэт, канфэрэнцыю, дэбаты пра ролю і значэньне студэнцкіх СМІ і выставы фатаздымкаў.

Другая частка фэстывалю прайшла ў Любіне нефармальнай сталіцы польскага пазацэнзурнага друку ў часы стану ваеннага. Тут адбылася прэзэнтацыя выставы Любін польскія сутарэньні незалежнага друку і аднайменнага дакумэнтальнага фільму, падрыхтаваных студэнтамі мясцовага факультэту журналістыкі. Таксама адбыліся прэс-канфэрэнцыя і дэбаты на тэму Незалежная прэса ў таталітарнай дзяржаве.

Валера РУСЕЛІК


Беларусь ува Ўсходнім Экспрэсе

9-14 красавіка ў невялікім горным мястэчку Чыста Папрычка (Čista Paprička) (Славаччына) адбываўся Міжнародны трэнінг для маладых лідараў з краін Усходняй Эўропы і Каўказу Усходні Экспрэс.

Удзел у мерапрыемстве ад Беларусі ўзяло ГА Цэнтр Трэці сектар. Мэтай трэнінгу было знаёмства маладых лідараў акрэсьленага рэгіёну міжсобку і з Праграмай Action1 Маладзёвыя абмены, навязваньне супрацоўніцтва паміж патэнцыйна партнэрскімі арганізацыямі-ўдзельніцамі Ўсходняга Экспрэсу, а таксама стымуляваньне распрацоўкі сумесных праектаў у межах Праграмы.

Арганізатарамі трэнінгу выступілі SALTO-YOUTH Усходняй Эўропы, Каўкаскі рэсурсовы цэнтар сумесна з Славацкай нацыянальнай агенцыяй Праграмы Моладзь IUVENTA-NAFYM.

Валера РУСЕЛІК


Дабрачынны канцэрт «Бацькаўшчыны»

Дабрачынны канцэрт хору беларускай духоўнай Бацькаўшчына адбыўся 5 траўня ў Гародні. Выступ хора адбываўся ў лютэранскай кірсе, на аднаўленьне якой і пойдуць сабраныя ў час канцэрта ахвяраваньні.

У чэрвені Бацькаўшчына возьме ўдзел у Фэстывалі беларускай культуры ўва Ўроцлаве (Польшча).

Вітаўт РУДНІК

23 траўня 2005