Праграма падтрымкі мясцовых ініцыятываў

Чэская няўрадавая арганізацыя “Грамадзянская Беларусь”абвяшчае чарговы конкурс на доўгатэрміновую трэнэрскую падтрымку пачынаючых ініцыятываў і прапаноўвае досьвед і практыку лепшых няўрадавых арганізацыяў Чэхіі, Беларусі і краінаў Цэнтральнай Эўропы.

Арганізацыя ня ставіць сабе за мэту фінансавую падтрымку лякальных ініцыятываў. Прыярытэтам зьяўляецца прафэсійны рост ініцыятываў і паляпшэньне якасьці іх дзейнасьці, таму Грамадзянская Беларусь прапаноўвае:

– Дыягностыку. Вызначэньне моцных і слабых бакоў ініцыятывы / групы;
– Індывідуальны плян. Кожная група распрацуе свой плян працы / разьвіцьця на пэўны пэрыяд. Плян можа ўключаць у сябе сэрыю адукацыйных мерапрыемстваў, неабходных для разьвіцьця ініцыятывы і павышэньня яе эфэктыўнай дзейнасьці (трэнінгі, сэмінары, кансультацыі);
– Рэалізацыю міні-праекта.
– Стажыроўкі ў Чэхіі. Актыўныя і пасьпяховыя ўдзельнікі праекту пазнаёмяцца з чэскімі лякальнымі ініцыятывамі ды іх досьведам працы.

Удзельнікамі праграмы ня змогуць стаць: спартовыя аб'яднаньні, актыўныя палітыкі, людзі ці групы, галоўнай задачай якіх зьяўляецца распаўсюджваньне рэлігіі, удзельнікі падобных праграмаў, якія рэалізуюцца паралельна ці ўжо маюць фінансаваньне сваіх праектаў.

Каб заявіць пра сваю зацікаўленасьць у супрацоўніцтве з Грамадзянскай Беларусьсю, неабходна да 10 жніўня 2016 г. даслаць свае кантакты (назву ініцыятывы, рэгіён, эл. пошту, тэлефон) праз эл. адрас .

Паводле belngo.info

 

5 жніўня 2016