PRodvizhenie-2018: у Брэсце адбыўся Форум рэгіянальных ініцыятыў
- Брэст
Удзел у мерапрыемстве, якое праходзіла 7-8 снежня, бралі каля 70 удзельнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама госці з Германіі.
У першы дзень Форума яго ўдзельнікі знаёміліся з беларускім і нямецкім досведам працы па наладжванні сувязяў з грамадскасцю.
Так, Ліза Відэмут распавяла натхняльную гісторыю пра сацыяльнае прадпрыемства па вырабе піва, якое выдаткоўвае атрыманыя грошы на падтрымку сацыяльных праектаў у розных гарадах Усходняй Германіі.
Дзмітрый Макарук падзяліўся карыснымі парадамі наконт наладжвання супрацы з мясцовымі ўладамі.Юлія Партнова (ActiveYOUkraine) правяла майстар-клас па стварэнні гісторый пра грамадскі актывізм і грамадскіх актывістаў, звярнуўшы асаблівую ўвагу на планаванне структуры такіх гісторый.
Дзяніс Васількоў (Цэнтр “Кола”, Магілёў) прысвяціў свой выступ арганізацыі працы грамадскіх ініцыятыў у сацыяльных сетках.
Запіс яго выступу глядіце па гэтай спасылцы.
Цікавай атрымалася таксама дыскусія пра магчымасці супрацы паміж грамадскімі актывістамі і журналістамі.
Аксана Бровач (“Камсамольская праўда ў Беларусі”), Ірына Новік (Hrodna.Life), Аліна Дзеравянка (Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці), Рыгор Цярэнц’еў (Брэсцкая моладзевая арганізацыя “Час Зямлі”) падзяліліся гісторыямі сваіх поспехаў і няўдач па лініі “медыя – грамадскія ініцыятывы”, а таксама рэкамендацыямі наконт таго, што трэба рабіць/не рабіць, каб супраца паміж журналістамі і прадстаўнікамі грамадскіх ініцыятыў была ўдалай для абодвух бакоў.
Змястоўнымі і цікавымі аказаліся таксама майстар-класы, з якіх распачалася праграма другога дня Форума.
Ёрг Рэшке (Германія) падзяліўся сваімі парадамі арганізацыі онлайн кампаній па зборы ахвяраванняў на грамадскую дзейнасць.
Аксана Кузіна (“Прастора”, Віцебск) зрабіла прэзентацыю і дыскусію на тэму “Калі мэтавая аўдыторыя – мясцовыя ўлады”.
“Разынкай” Форума стала дыскусія ў фармаце “Сусветнай кавярні”, у час якой удзельнікі абмеркавалі ідэі магчымых сумесных праектаў, скіраваных на ўстойлівае развіццё рэгіёнаў, магчымасці і рызыкі для супрацы, падзяліліся ідэямі наконт таго, дзе шукаць партнёраў у Беларусі і ў Германіі.
Яркай фінальнай кропкай форума стала ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў на лепшыя PR-матэрыялы і лепшыя адукацыйна-асветніцкія праграмы.
Удзел у гэтым конкурсе бралі выпускнікі Школы PR і медыякампетэнцый, а таксама Школы плюралізма.
Пераможцамі гэтых конкурсаў сталі Ілона Бяляцкая (Прастора КХ, Брэст), Наталля Раманюк (кампанія MYSA BAG, Брэст), а таксама Аляксандра Шор (мясцовая ініцыятыва “Свае”, Жодзіна). Яшчэ адным пераможцам конкурса стала адукацыйная праграма, прысвечаная жаночаму лідэрству, якую сумесна распрацавалі Лера Пінчук (Мінск), Інэса Дроніна (Мінск) і Святлана Пінчук (Гродна).
Форум праводзіцца ў межах праекта PRodvizhenie-2018, які сумесна ажыццяўляюць:
Установа “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” (Гродна)
Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” (Гродна)
Брэсцкі мясцовы фонд рэгіянальнага развіцця
Coopforum International (Берлін, Германія).
Праект «PRodvizhenie – PR і медыякампетэнцыі для грамадзянскай супольнасці ў рэгіёнах Беларусі» здзяйсняецца ў межах праграмы Міністэрства замежных спраў Германіі «Развіццё супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю краін «Усходняга партнёрства» і Расіі».
Больш падрабязна пазнаёміцца з ходам праекта можна на блогу PRodvizhenie2018.
http://3sektar.by/news/prodvizhenie-2018-u-brestse-prahodzits-forum-regiyanalnyih-initsyiyatyiu.html?fbclid=IwAR2ww9gJabq4o0Nojc6upKbc04vefKWsKrcsZotoydSWkmuB1gP11MIR6Bw