ГА ТБМ заклікае адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы

25(1838) 12.02.04 Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" заклікае грамадзян краіны годна адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы. У звароце ТБМ да грамадзян Беларусі гаворыцца, што 21 лютага, па ініцыятыве ЮНЕСКА, ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. "Мы святкуем яго таму, што родная мова і стаўленне да яе — гэта паказчык маральнасці чалавека і яго душы. Родная мова — аснова светаўспрымання. Са знікненнем любой мовы людзі губляюць часцінку нашага агульначалавечага багацця і культурнай разнастайнасці", — гаворыцца ў звароце. Яго аўтары падкрэсліваюць, што "у нашай краіне склалася трывожная сітуацыя з беларускай мовай. Пры моўна-культурнай экспансіі расійскага народа беларуская мова фактычна адкінута на перыферыю і не займае належнага ёй месца мовы тытульнай нацыі. Ад гэтага церпяць іншыя моўныя і культурныя супольнасці Беларусі".
12 лютага 2004