На Палессі стартуе праект па маніторынгу малых рэк

Рэгіён:
24.07.2018

Малыя рэкі басейна Прыпяці засмечаныя. Як вырашыць гэтую праблему разам з мясцовымі жыхарамі? У прыгранічных раёнах Беларусі ды Украіны стартаваў праект “Трансгранічныя водныя інспектары”.

У межах праекта ў Пінскім (Беларусь) ды Любешоўскім (Украіна) раёнах з’явяцца 20 грамадскіх экалагічных пастоў. Іх удзельнікі - 20 дарослых і 200 школьнікаў - будуць сачыць за станам рэк, азёр ды калодзежаў ў гэтых раёнах ды правядуць 20 кампаній па даследванні вады ў рэках ды ачыстцы берагоў.

Яны будуць знаходзіць заторы, месцы навалы смецця на рэках ды аналізаваць хімічны склад вады з дапамогай кампактных хімічных лабараторый. Дадзеныя будуць запампоўвацца на спецыяльны вэб-сайт або наўпрост перадавацца раённым інспекцыям прыродных рэсурсаў ды аховы навакольнага асяроддзя. Гэта дапаможа інспекцыям прымаць своечасовыя рашэнні. А мясцовыя жыхары змогуць даведацца пра праблемы малых рэк, якія працякаюць у іх населенных пунктах.

Мы хочам прыцягнуць увагу мясцовых жыхароў да праблемаў малых рэк. Ад іх стану залежыць ня толькі тое, якую ваду мы п’ем. Рэкі ды іх берагі - гэта дом для шматлікіх птушак, раслін ды жывых арганізмаў, - расказвае Святлана Паддубная, менеджэр праекта “Трансгранічныя водныя інспектары”

Ужо ў жніўні ў Пінскім раёне пройдзе трансгранічны летні лагер. Ён збярэ больш за дзве сотні школьнікаў з Пінскага ды Любешоўскага раёнаў. Лагер адбудзецца з 16 па 22 жніўня ды завяршыцца водным фестывалем

Акрамя гэтага, у межах праекта ў вёсцы Заполле Пінскага раёна пракладуць сетку вадаправоду, а ў Любешоўскім раёне - абсталююць рэкрэацыйную зону ў раёне ракі Карасценка.

Праект “Трансгранічныя водныя інспектары” сафінансуецца Еўрапейскім саюзам у рамках Праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Усходняга партнёрства Беларусь - Украіна. З беларускага боку праект рэалізуюць Пінскі раённы выканаўчы камітэт ды Фонд “Інтэракцыя”. З украінскага - аддзел адукацыі, моладзі і спорту Любешоўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі і грамадская экалагічная арганізацыя “Свет вакол нас”

Змест дадзенай публікацыі з’яўляецца прадметам выключнай адказнасці Мясцовага фонда садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва “Інтэракцыя” і ніякім чынам ня можа адлюстроўваць афіцыйнай пазіцыі Еўрапейскага саюза.

http://euprojects.by/blr/news/project-on-monitoring-of-small-rivers-starts-in-paliessie-region/