I будзе восень залатой

 29.10.13. "Не выпадкова, што мы сабраліся на гэтую сустрэчу ў Нясвіжы, — адзначыла ў сваім уступным слове старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Людміла Мусянкова. — Нашы першыя праекты рэалізоўваліся менавіта ў гэтым горадзе, дзе раённая арганізацыя нашага таварыства працавала ў цесным кантакце з мясцовай уладай. І вынікі нас радуюць. Менавіта ў рамках рэалізацыі гэтых праектаў у Нясвіжы на базе садаясляў №4 тры гады назад з’явіўся першы не толькі на Міншчыне, але і ў Беларусі валанцёрскі атрад "Сэрцайка", дэвізам якога сталі словы: "Тысячы слоў пакінуць меншы след, чым памяць аб адным учынку". Праект "Каб убачыць вясёлку, трэба перажыць дождж" быў накіраваны на сацыяльны патранаж выхаванцаў цэнтра карэкцыйна развіццёвага навучання і рэабілітацыі Нясвіжскага раёна. Вялікі грамадскі рэзананс набылі праекты Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа "За жыццё і святасць мацярынства", "За жыццё і святасць бацькоўства", якія рэалізоўваліся на тэрыторыі гэтага рэгіёна.   

Удзельнікаў сустрэчы віталі тагачасныя юныя валанцёры, якія ўжо сталі школьнікамі, і новы атрад дашкольнікаў "Сэрцайка". "Прыемна ўсведамляць, як зярняты міласэрнасці прарастаюць у дзіцячых сэрцах і як перадаецца эстафета пераемнасці пакаленняў, — заўважыла менеджар праекта "Умацаванне Службы сясцёр міласэрнасці Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа" Таццяна Святловіч. — Але, паверце, не меней радасна бачыць, з якім натхненнем працуюць валанцёры сталага веку, дапамагаючы тым, каму яшчэ больш складана жыць у гэтым свеце… Як правіла, гэта людзі актыўнай жыццёвай пазіцыі. Дарыць іншым увагу і цеплыню свайго сэрца — гэта для іх не абавязак, а ўклад жыцця". Напрыклад, удзельнікі ініцыятыўнай групы са Слуцка ў Год беражлівасці для падапечных цэнтра медыка-сацыяльнай дапамогі шылі са старых рэчаў прыгожыя торбачкі для прадуктаў, вязалі мяккія дыванкі, якімі можна было ўпрыгожыць столікі альбо пакласці пад ногі на падлогу. У прытулках рабілі з цеста аплікацыі, шылі кухонныя "кішэнькі" для рэцэптаў, мяккія цацкі — "Сэрцайка дорыць усмешку".

У Вілейцы актыўна працуюць клубы для пажылых людзей "Дзеці вайны", "Сталы ўзрост", "Умелыя рукі" і іншыя. Добра ведаюць тут і хор ветэранаў. Яго вакальная група "Надзея" — часты госць нават у самых аддаленых вёсках Вілейшчыны. Валанцёры раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа часта наведваюць састарэлых у бальніцах, у Куранецкім доме для састарэлых, бываюць у нямоглых дома. Не абдзелены ўвагай яны і ў Нясвіжы. Паводле слоў намесніка старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандра Майсені, у Нясвіжскім раёне звыш 12 тысяч пенсіянераў, з якіх больш як 5 тысяч — адзінокія і адзінока пражываючыя. Кожны з іх — навідавоку, тут робяць усё магчымае, каб чалавек не заставаўся сам-насам са сваімі праблемамі. "Вельмі важна, каб мы не забываліся пра людзей сталага ўзросту, якім патрэбна дапамога, — адзначыла старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Валянціна Пратасенка. — Ад гэтага залежыць, якой будзе іх восень жыцця. Вельмі важна, каб яна была залатой".

Святлана Хорсун

"Мінская праўда"