I самастойна, і з дапамогай
У Веткаўскай раённай бібліятэцы, дзе ў рамках праекта ПРААН створаны адзін з пяці цэнтраў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, якія дзейнічаюць на Гомельшчыне, адбыўся тэлемост з Нью-Йоркам, дзе праходзіла сустрэча Міжустаноўчай мэтавай групы па Чарнобылі. Удзел у відэакантактах прынялі прадстаўнікі раённых улад, грамадскіх арганізацый, а таксама прадстаўнік ААН (ПРААН) у Беларусі Санака Самарасінха. Размова з адміністратарам Праграмы развіцця ААН (ПРААН) Хеленай Кларк і іншымі прадстаўнікамі міжнароднай арганізацыі аб сацыяльна-эканамічным развіцці пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС рэгіёнаў вялася ў рэжыме рэальнага часу. З боку гаспадароў у ёй прымалі ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення па праблемах ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС Гомельскага аблвыканкама Людміла Лісюк і намеснік старшыні Веткаўскага райвыканкама Сяргей Кончыц.
— На мінімізацыю постчарнобыльскіх наступстваў наша дзяржава накіроўвае значныя фінансавыя сродкі, — адзначыла «Р» Людміла Лісюк. — Пераканаўча выглядае ў гэтым плане ўжо такая лічба: штодзённа на рэалізацыю розных дзяржаўных праграм гэтага кшталту выдаткоўваецца сума ў эквіваленце каля мільёна долараў ЗША. На сёлетні год сумы выдаткаванняў Гомельшчыне з дзяржаўнага бюджэту на «чарнобыльскую» тэматыку прыкметна павялічаны і складаюць 2,1 трыльёна рублёў. Асноўныя фінансавыя рэсурсы будуць сканцэнтраваны на будаўніцтве і рэканструкцыі аб’ектаў сельгаспрызначэння, стварэнні новых і мадэрнізацыі існуючых прамысловых вытворчасцей. Летась, дарэчы, па лініі ліквідацыі наступстваў катастрофы была пабудавана свінаферма на 10 тысяч галоў у Ельскім раёне, праведзена капітальная рэканструкцыя свінагадоўчага комплексу з цэхам перапрацоўкі ў Чачэрскім раёне, створаны ўчастак апрацоўкі корпусных дэталяў на Хойніцкім заводзе гідраапаратуры... Сродкі таксама выдзелены на работы па газіфікацыі жылых дамоў, арганізацыю цэнтралізаванага водазабеспячэння, добраўпарадкаванне дарог. Запланавана набыццё і дастаўка ў гаспадаркі дадатковых партый мінеральных удабрэнняў, правядзенне іншых ахоўных мер у аграпрамысловым комплексе...
Як адзначалася ў час відэаканферэнцыі, дзяржаўныя органы Гомельшчыны пры вырашэнні задач па пераадоленні постчарнобыльскіх наступстваў цесна супрацоўнічаюць з прадстаўніцтвам Праграмы развіцця ААН у Беларусі. З удзелам міжнародных структур з фондаў ААН і Еўрапейскай камісіі на тэрыторыі вобласці, найбольш пацярпелай ад катастрофы, рэалізавана каля 90 праектных ініцыятыў, з іх чатыры буйнамаштабныя — у галіне міжнароднай тэхнічнай дапамогі. За тры мінулыя гады на гэтыя праекты накіравана 1,6 мільёна долараў ЗША.
У гэты ж дзень прадстаўнік ААН (ПРААН) у нашай краіне Санака Самарасінха прыняў удзел у адкрыцці пункта замяшчальнай тэрапіі ў Гомельскай абласной туббальніцы, стварэнне якога прафінансавана міжнароднымі фондамі. Варта адзначыць, што раней такія пункты, прызначаныя для прафілактыкі і лячэння ВІЧ-СНІД, дзейнічалі толькі пры спецыялізаваных дыспансерах. Па інфармацыі кіраўніцтва лячэбнай установы, з пачатку наступнага месяца пацыентамі пункта стануць 15 апіоідназалежных пацыентаў клінічнай бальніцы. Варта адзначыць, што лячэбныя прэпараты на аснове сіропаў, якія прымяняюцца пры замяшчальнай тэрапіі, выключаюць магчымасць унутрывеннай перадачы інфекцый, спрыяюць паляпшэнню якасці жыцця пацыентаў.