Пра ініцыятывы ЕС у Салігорску раскажуць «Праекты ў асобах»!

19.08.2017

Фотавыстава «Праекты ў асобах» адкрылася 15 жніўня на Цэнтральнай плошчы Салігорска. «Экспазіцыя распавядае пра самыя яркія прыклады таго, як у выніку ініцыятываў, фінансаваных Еўрапейскім саюзам, беларусы змяняюцца самі і змяняюць жыццё іншых да лепшага! Летась у межах двухбаковай дапамогі Еўрапейскі саюз выдаткаваў 29 мільёнаў на праекты, спектр якіх вельмі шырокі. У 2017 годзе распачаўся вялікі праект, які будзе развіваць веласіпедны рух па ўсёй краіне», -- адзначыла на цырымоніі адкрыцця каардынатар па пытаннях прэсы і інфармацыі аддзела праектаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Таццяна Аляксеева.

На сустрэчу з жыхарамі таксама прыехалі аўтар фотаздымкаў Юлія Мацкевіч, удзельнікі праектаў – прадстаўнік Праграмы «Кансультацыі для малога бізнесу» і намеснік дырэктара па развіцці і маркетынгу ТАА «ЭНЕРГІЯ» Таццяна Ярашэнка, нацыянальны менеджар Групы падтрымкі малога бізнесу Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Вольга Кузняцова. З прывітальным словам да наведнікаў звярнуўся намеснік старшыні Салігорскага райвыканкама Аляксей Страпко.

Тэматыка выставы разнастайная і актуальная – ахова навакольнага асяроддзя, рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, увядзенне энергазберагальных і зялёных тэхналогій, развіццё сельскіх тэрыторый і падтрымка прадпрымальніцтва, дапамога падапечным Беларускага дзіцячага хоспіса і жанчынам, пацярпелым ад хатняга насілля, прасоўванне еўрапейскага падыходу ў адукацыі і навуцы, захаванне гістарычных і культурных традыцый. Сярод герояў – навукоўцы, педагогі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, студэнты.

За два папярэднія гады «Праекты ў асобах» былі пабачаныя жыхарамі дванаццаці гарадоў. У 2017 годзе выстава пабывала яшчэ ў сямі населеных пунктах. Наступная выстава адкрыецца ў Нясвіжы, далей экспазіцыя пройдзе па маршруце Кобрын – Баранавічы – Столін.

http://euprojects.by/blr/news/the-faces-of-projects-offering-an-account-of-the-eu-initiatives-in-salihorsk/