Пра праграмы РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр"
Беларускі ПЭН-цэнтр рэспубліканская грамадская арганізацыя. Створаны ў лістападзе 1989 года Аргкамітэтам, у які ўваходзілі дваццаць вядомых пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр прыняты ў Сусветную асацыяцыю пісьменнікаў "Міжнародны ПЭН-клуб" у маі 1990 года на Сусветным Кангрэсе. Беларускі ПЭН-цэнтр зарэгістраваны Мінюстам Рэспублікі Беларусь 16 лістапада 1990 года на падставе Статута і Пастановы Савета Міністраў рэспублікі № 274 ад 1 лістапада 1990 года, а таксама перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 года. Як член Міжнароднага ПЭН-клуба Беларускі ПЭН-цэнтр мае статус "А" ў ЮНЕСКА і дарадчы статус у ААН.
ПЭН-цэнтр аб'яднанне прафесійных літаратараў, створанае з мэтай пашырэння інтэлектуальнага супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій, удзелу ў міжнародным літаратурным супрацоўніцтве, развіцця беларускай культуры, выхавання ў грамадскай свядомасці высокіх гуманістычных ідэалаў (гл. таксама сайт http://pen.unibel.by).
Праграмы
Літаратурныя прэміі
У 1994 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр устанавіў дзве штогадовыя літаратурныя прэміі, якія прысуджаюцца выдатным прафесіяналам з мэтай заахвочвання іх працы і адзнакі зробленага на карысць распаўсюджвання ідэй адкрытага грамадства.
Пісьменнікі ў зняволенні
З 1996 года Беларускі ПЭН-цэнтр з"яўляецца членам Камітэта "Пісьменнікі ў зняволенні", заснаванага ў 1960 годзе Асамблеяй Дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клуба.
Пісьменнікі ў выгнанні
Праграма працуе на падтрымку пісьменнікаў, якія вымушаны жыць у выгнанні, і была ініцыявана ПЭН-клубам у мэтах абмену інфармацыяй і вопытам, а таксама ў мэтах прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем, з якімі сутыкаюцца пісьменнікі-выгнаннікі.
Лінгвістычнае права
Беларускі ПЭН-цэнтр самым актыўным чынам удзельнічае ў рабоце Камітэта Міжнароднага ПЭН-клуба па мастацкім перакладзе і лінгвістычным праве, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Барселоне, і ў першую чаргу па праграме "Усеагульная дэкларацыя лінгвістычных правоў".