Як Валожын робяць даступным для людзей з інваліднасцю

24.01.2018.

Трэці год у Валожынскім раёне рэалізуецца праект ЕС "Валожын без бар'ераў". Ці атрымліваецца зрабіць гэты рэгіён больш даступным для людзей з інваліднасцю? Расказваем пра поспехі праекта ў 2017 годзе і планах на 2018.

Першы ў краіне хостел для людзей з інваліднасцю, даступная экасцежка і фестываль сацыяльнай інтэграцыі - што чакае Валожын у 2018?

У гэтым годзе "Валожын без бар'ераў" выходзіць на фінішную прамую. Вось што адбудзецца на працягу апошняга года рэалізацыі праекта:

  • пра тое, як жывуць, чым займаюцца і пра што мараць людзі з інваліднасцю ў Валожынскім раёне даведаемся ў відэапраекце "Адзін дзень з жыцця". Ён выйдзе вясной. У праекце будуць тры серыі, кожная прысвечана жыццю асобнага героя або гераіні.
  • летам у Валожыне адкрыецца Турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр для людзей з інваліднасцю з хостэлам на 20 месцаў.
  • адначасова з адкрыццём турцентра пройдзе Фестываль сацыяльнай інтэграцыі, які збярэ каля 1000 гасцей. Праграму фестывалю падрыхтуюць 60 удзельнікаў інклюзіўнага лагера для людзей з інваліднасцю і без.
  • завершацца працы па стварэнні спецыяльна абсталяванай экалагічнай сцежкі для людзей з інваліднасцю ў Налібоцкай пушчы. Падчас афіцыйнага адкрыцця сцежкі будзе арганізаваны прома-тур для прадстаўнікоў СМІ, людзей з інваліднасцю, тураператараў.

Чакаецца, што Валожынскі раён стане прыкладам стварэння і развіцця сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг, якія будуць даступныя для ўсіх. І таксама прасуне разуменне таго, што для сацыяльнай інтэграцыі людзі з інваліднасцю павінны мець роўныя магчымасці як для працы, так і для адпачынку. А што было зроблена для гэтага ў 2017 годзе?

Запусціць сацыяльны бізнес-праект у рэгіянальным горадзе - рэальна

У 2017 валожынцы даказалі, што запусціць свой сацыяльны бізнес у невялікім горадзе - рэальна. У снежні фіналісты першай стартап-школы прэзентавалі свае дасягненні прадстаўнікам СМІ. Вытворчасць вешанак, турыстычны партал пра Беларусь з функцыяй пошуку аб'ектаў па іх даступнасці для людзей з інваліднасцю, упрыгажэнні ручной працы - больш пра фіналістаў школы і іх праекты чытайце ў артыкулах валожынскай "Працоўнай славы", газеты "Звязда" і першай газеты для інвалідаў "Разам". Але на гэтым гісторыя стартап-школы ў Валожыне не сканчаецца. У наступным годзе пачнецца новы сезон стартап-школы. На старонцы http://start.by/volozhin ужо адкрыты набор для жадаючых запусціць свой сацыяльны або бізнес-праект.

Чым прыцягнуць людзей з інваліднасцю?

Роўныя магчымасці для адпачынку - неабходная ўмова для сацыяльнай інтэграцыі людзей з інваліднасцю. Гаспадары аграсядзіб, прадстаўнікі сферы турызму, работнікі сацыяльных службаў і музеяў распрацавалі турыстычныя прадукты для людзей з інваліднасцю на трэнінгу ў сакавіку.

Таксама для прадстаўнікоў сацыяльнага і турыстычнага бізнесу вясной прайшоў конкурс. Пяцёра пераможцаў атрымалі па 5 тысяч еўра на спецыяльнае абсталяванне, каб зрабіць свае паслугі даступнымі для людзей з інваліднасцю, а ў сакавіку 2018 прэзентуюць вынікі. Напрыклад, у Валожынскім раёне турысты з інваліднасцю змогуць пракаціцца на коннай павозцы і на лодцы, а таксама навучыцца пячы хлеб.

А прачытаць рэкамендацыі аб тым, што важна ведаць пры працы з людзьмі з рознымі відамі інваліднасці ў турызме, як зрабіць рэкрэацыйныя аб'екты даступнымі і што варта ўлічваць у дызайне можна ў гэтай брашуры. Яе склалі эксперты з сацыяльнай, турыстычнай і архітэктурна-будаўнічай сфер.

Урокі нямецкага Брэмена для Валожына

Чаму на вуліцах нямецкага Брэмена можна ўбачыць больш людзей з інваліднасцю, чым у Беларусі? Гэта высвятлялі ў жніўні ўдзельнікі Працоўнай групы праекта падчас навучальнага візіту. У нямецкіх калег ёсць, чаму павучыцца: грамадскі транспарт абсталяваны адмысловымі пад'ёмнікамі, музеі робяць экспазіцыі даступнымі для людзей з рознымі відамі інваліднасці, а праверыць установы горада на даступнасць можна ў Інтэрнэце. Лепшыя практыкі Брэмена ў галіне стварэння даступнай асяроддзя чытайце тут.

А для таго, каб даведацца, з якімі цяжкасцямі ў гарадскім асяроддзі сутыкаюцца валожынцы з інваліднасцю, Працоўная група праекта апытала больш за 100 чалавек. Зараз адказы апрацоўваюць, і ў канцы студзеня 2018 падвядуць вынікі. Пасля заканчэння праекта пройдзе яшчэ адно анкетаванне, каб параўнаць вынікі і вызначыць, як праект паўплываў на жыццё жыхароў.

Акрамя гэтага, у верасні выйшаў у свет План дзеянняў па паляпшэнні інфраструктуры і якасці сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю. Мясцовыя ўлады ўжо зацвердзілі яго і прынялі да выканання.

http://euprojects.by/blr/news/how-valo-yn-becomes-more-accessible-for-people-with-disabilities/