Аб’яднала “Сонечная цеплыня”

24.06.10 У Барысаве прайшоў дзевяты абласны конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры “Сонечная цеплыня дрэва”. У ім прынялі ўдзел адзінаццаць разьбяроў па дрэву з розных рэгіёнаў Міншчыны, а таксама з Гомеля і Брэсцкай вобласці. І дзякуючы іх творчай фантазіі і майстэрству звычайныя драўляныя калоды ператварыліся ў арыгінальныя скульптуры.

У кожнага майстра — свой почырк, свае тэхналогіі і мастацкія прыёмы, свая тэматыка і методыка яе раскрыцця. Але ўсіх іх аб’ядноўвае адно — любоў да творчасці.
Леанід Сянько з вёскі Дзераўная Стаўбцоўскага раёна зрабіў драўляную скульптуру заснавальніка горада на Бярэзіне — князя Барыса. А яго аднавясковец Віктар Русецкі — сімвалічны помнік воінам, якія загінулі на пераправе цераз Бярэзіну падчас адступлення напалеонаўскіх войск у лістападзе 1812 года. Прыцягваюць увагу драўляная скульптура анёла  работы Фёдара Клунко з Брэстчыны, філасофскі твор Алега Пракарыны з Нясвіжчыны, гумарыстычныя сюжэты Сяргея Дубягі з Вілейшчыны, самабытнасць і народны каларыт работ Мікалая Задрэйкі з пасёлка Івянец Валожынскага раёна. Падводзячы вынікі конкурсу, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута адзначыў высокі  ўзровень работ канкурсантаў.
У намінацыі “Высокае майстэрства разьбы па дрэву” пераможцамі сталі Алег Шапель са Слуцка і гамяльчанін Валерый Казлоўскі. Арыгінальнае пластычнае рашэнне журы прызнала ў работах Віктара Русецкага са Стаўбцоўшчыны, Аляксандра Лукоўскага з Вілейскага раёна і Алега Пракарыны з Нясвіжчыны. У намінацыі “Выразнасць мастацкага вобраза, нацыянальныя матывы” пераможцамі конкурсу прызнаны Сяргей Дубяга з Вілейскага раёна, Леанід Сянько са Стаўбцоўшчыны, Уладзімір Хікіч з Мядзельскага раёна, Фёдар і Віктар Клунко з Брэстчыны і івянецкі разьбяр Мікалай Задрэйка.
Намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Валянціна Шутко шчыра падзякавала майстрам-разьбярам за падараваныя гораду драўляныя скульптуры і запэўніла, што яны ўпрыгожаць гарадскі парк культуры і адпачынку. Барысаў перадаў эстафету Слуцку, дзе павінен адбыцца чарговы, дзесяты абласны конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры.
Мікалай Чалей.
 
 
24 чэрвеня 2010