Дзень памяці

06.05.10 З 1986 года на Барысаўшчыне ў канцы красавіка — пачатку мая праводзіцца Дзень памяці воінаў-землякоў, якія загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку. Мітынг-рэквіем з гэтай нагоды прайшоў у Барысаве каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам у мінулую нядзелю.

Аб мужнасці і гераізме землякоў, якія засталіся верныя Ваеннай прысязе і да канца выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане і некаторых іншых «гарачых кропках» гаварылі старшыня гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Васіль Бараннік, старшыня Барысаўскага райвыканкама Уладзімір Мірановіч, намеснік камандуючага Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання Сяргей Кароль. Удава воіна-інтэрнацыяналіста Вольга Галаўко выказала шчырую ўдзячнасць арганізатарам мерапрыемства за памяць аб загінуўшых воінах. А таксама адзначыла, што Дзень памяці – гэта яшчэ і збавенне віны перад светлай памяццю тых, каго не дачакаліся дадому іх родныя і блізкія.
 
Падчас вайны ў Афганістане загінулі 23 ураджэнцы Барысаўшчыны.
Мікалай Чалей.
 
10 траўня 2010