Усе ўзросты птушкам падуладныя.

№160(5323) 25.08.10 Унікальны праект з такой назвай распачала ў Мінску грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

 Людзі сталага ўзросту... Як знайсці сябе, калі жыццёвая дарога перасякае сваю апошнюю мяжу? Чым заняць вольныя хвіліны, якія, здаецца, цягнуцца бясконца? Якім сэнсам напоўніць самотныя будні? Дапамагчы пажылым людзям знайсці адказы на гэтыя няпростыя пытанні паспрабавалі ў “Ахове птушак Бацькаўшчыны”. Праект “Усе ўзросты птушкам падуладныя” падтрымліваецца нямецкім фондам “Памяць, адказнасць, будучыня” і ажыццяўляецца АПБ у супрацоўніцтве з міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне”.
 
Усё пачынаецца з ідэі...
 
Як высветлілася ў выніку невялікага даследавання, праведзенага “Аховай птушак Бацькаўшчыны”, менавіта пажылыя людзі ўяўляюць сабой самую актыўную сацыяльную групу пры вырашэнні “птушыных” праблем. Пра гэта сведчаць тэлефанаванні ў офіс арганізацыі: пераважная большасць іх паступае ад пенсіянераў. Значыць, яны неабыякавыя да гэтай тэмы і гатовы дзейнічаць.
Так нарадзілася ідэя праекта, які закрануў не толькі эколага-асветніцкія, прыродаахоўныя пытанні, але і пытанні сацыяльнага характару. Яго мэта — прыцягненне пажылых людзей і дзяцей, якія жывуць у дамах-інтэрнатах агульнага тыпу, да натуралістычнай дзейнасці. Пры гэтым ідэя сацыяльнай рэабілітацыі пенсіянераў-інвалідаў — адна з цэнтральных у праекце.
Назіранні за птушкамі, дапамога ім узімку, вывучэнне іх звычак — усё гэта можа стаць тым заняткам, які арганізуе вольны час пенсіянераў, надасць новы сэнс нялёгкаму жыццю хворых і састарэлых людзей, запаліць радасную іскрынку ў іх душах, — лічыць каардынатар праекта Наталля Парэчына.
Аднак і гэта яшчэ не ўсё: у АПБ спадзяюцца, што з цягам часу з дапамогай удзельнікаў праекта, якія атрымаюць лепшую падрыхтоўку, магчыма будзе пашырыць і сетку захавальнікаў тэрыторый, важных для птушак (ТВП). Замежны вопыт, з якім добра знаёмы ў АПБ, будзе вельмі дарэчы: у Каралеўскім таварыстве аховы птушак Вялікабрытаніі (RSPB), адным з галоўных партнёраў “Аховы птушак Бацькаўшчыны”, велізарная колькасць пенсіянераў працуе валанцёрамі ў інфармацыйных цэнтрах. Пажылыя людзі там кансультуюць наведвальнікаў, выдаюць абсталяванне назіральнікам за птушкамі, праводзяць экскурсіі для турыстаў на ТВП.
Мы працуем на базе пяці дамоў-інтэрнатаў і аднаго дзіцячага дома горада Мінска з шасцю групамі актывістаў па 10 чалавек у кожнай, — расказвае Наталля Парэчына. — Удзельнікаў адбіраем на добраахвотных пачатках. На ўсіх этапах работы з імі задзейнічаны як спецыялісты АПБ, так і валанцёры-студэнты з мінскіх вну.
 
Святочныя будні
 
Сярод “штодзённых” мера-прыемстваў рознаўзроставых навучэнцаў — творчыя майстэрні з выкарыстаннем методыкі арт-тэрапіі, рэгулярныя экскурсіі,  сустрэчы за гарбатай з праглядам відэафільмаў пра птушак, збор і нарыхтоўка зёлак і кармоў для птушыных сталовак, фальклорныя вечары і г.д. Спадабалася дзядулям і бабулям экскурсія па зборы лекавых траў, якая праходзіла ў ваколіцах Радашковічаў пад кіраўніцтвам кандыдата сель-скагаспадарчых навук Віктара Каравосава. А зусім хутка, напачатку верасня, яны прымуць удзел у сапраўдным чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі “Гонкі за птушкамі-2010”.
Святлана Адамовіч
27 жніўня 2010