З Дзедам Марозам – да дзеда Тарасюка

06.01.11 Удзельнікі праекта «Вёска, якая не павінна знікнуць» павіншавалі народнага майстра з Новым годам і Калядамі

«Вечерний Брест» ужо расказваў пра ініцыятыву, міжнародны грант на рэалізацыю якой выйграў «Тур» – грамадскае аб´яднанне аматараў мастацтваў рэгіёна «Белавежская пушча» і Берасцейшчыны. Пасля прэзентацыі праекта адбылася паездка яго рабочай групы і валанцёраў на хутар Стойлы Пружанскага раёна да народнага майстра Мікалая Тарасюка.
Па словах каардынатара праекта Вольгі Чэркас, гэта сустрэча павінна была стаць камертонам далейшай дзейнасці, яе сімвалам. Бо тое, чым займаецца Тарасюк, пераклікаецца з задачамі захавання беларускай народнай спадчыны.
Вёску, ля якой месціцца хутар Мікалая Тарасюка, таксама можна аднесці да ліку знікаючых, хаця тут стаяць хаты, а вясной прыязджаюць засаджваць агароды гарадскія дзеці і ўнукі. Гледзячы на скульптурныя мініяцюры майстра, мы атрымліваем поўнае ўяўленне пра тое, якое жыццё тут віравала раней. Маленькія расфарбаваныя фігуркі – нібы літары, з якіх складаецца летапіс Стойлаў.
Нешта падобнае будзе вынікам той працы, за якую ўзяліся ўдзельнікі праекта. Канешне, яны не змогуць выратаваць населеныя пункты, якія пакідае жыццё. Але можна зрабіць так, каб гэтыя вёсачкі з асаблівасцямі іх побыту засталіся на паперы, на аўдыя- і відэаносьбітах. Каб нашчадкі ведалі, хто ў іх жыў, чым праславіўся (няхай і ў маштабах свайго сяла), якія песні ў свой час спявалі жыхары, якія казкі складалі, што апраналі…
Тры машыны спыніліся ля хутара. Шэсце гасцей узначаліў член аб´яднання «Тур» народны майстар з Кобрына Уладзімір Чыквін. У чырвона-белай шапцы і з мехам на плячы ён выглядаў сапраўдным казачным персанажам. Гаспадар хутара выйшаў насустрач гасцям разам са сваёй сяброўкай Надзеяй, жыхаркай суседняй вёскі Шчэрбы. Да іх далучыўся цікаўны кот, залопалі крыламі гусі. Дагэтуль маўклівы хутар напоўніўся галасамі, смехам.
  
Дзед Мароз сказаў:
Мае падарункі трэба заслужыць. Пачытайце вершыкі!
Мікалай Тарасюк адразу ўключыўся ў гульню і пачаў дэкламаваць:
Як на тоненькі лядок выпаў беленькі сняжок…
А яго таварышка заспявала: «Белым снегам, белым снегам…» Госці падхапілі песню.
Абсалютная большасць удзельнікаў праекта ніколі не была ў дзеда Тарасюка. Таму і самая маладая наведвальніца – студэнтка філфака Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна Кацярына Жданюк, і старэйшыя члены групы – былыя вязні фашысцкіх канцлагераў Вера Іванаўна Пакала і Мікалай Рыгоравіч Антановіч з вялікай цікавасцю знаёміліся з хутарскім побытам, разглядалі пчаліныя вуллі, аздобленыя сэрцайкамі, фігуркі вавёрак, зайцоў і птушак на шалёўцы хаты. Па пратаптанай сцяжынцы гаспадар павёў гасцей у глыбіню саду, да створанага сваімі рукамі музея «Успаміны Бацькаўшчыны».
Тут экспазіцыя пачыналася ўжо з ганка. За малюсенькім столікам прымасціліся дзве лыжкі і апалонік. І не проста стаялі, а спрачаліся, што вынікала з надпісу: «Ложка ругала аполоніка: “Чего много кушаешь? Все подорожало!” А аполонік ложке в ответ: “Я своей профессии не поменяю!”»
Вялікая калекцыя Тарасюковых работ дэманструецца зараз у Польшчы. Але іх адсутнасць ніяк не адбілася на экспазіцыі. У музеі па-ранейшаму яблыку няма дзе ўпасці. Здаецца, год назад не было над столлю гіганцкай змеепадобнай жырандолі. З´явілася тут і шмат фантастычных вазонаў з лазы. З аднаго гаршка тырчыць нешта падобнае на ананас, з другога – на кукурузу. Рукі 78-гадовага творцы не ведаюць стомы.
Але вось чаго нельга не заўважыць. У расфарбаванага драўлянага мужчынкі ўся спіна ў дзірачках. А ля ног нібыта насыпана жоўтая мука. Гэта значыць, што тут на ўсю моц шчыруюць шашалі і на нашых вачах павольна, але немінуча точаць у пыл драўляныя творы. Як гэта спыніць? Што рабіць? Куды стукацца? Пакуль ідэя стварэння на дзяржаўным узроўні сапраўднага музея Мікалая Тарасюка толькі абмяркоўваецца без надзеі быць рэалізаванай, мы можам страціць тое, што маем.
Пасля музея гаспадар запрасіў у хату. На падлозе ў кутку ляжалі загатоўкі, сярод іх – фігурка дзіка. «Для чаго яна?»</em> – запыталіся цікаўныя. Тарасюк хуценька прынёс вілападобную костку нейкай жывёліны, паклаў на яе кабанчыка, павазіў па стале – і мы ўбачылі санкі з паляўнічай здабычай. Дзіва бярэ, колькі фантазіі ў гэтага чалавека з сівой галавой і душой дзіцяці!
Перад ад’ездам удзельнікі праекта папрасілі Мікалая Васільевіча паказаць ім мост цераз рэчку, што цячэ непадалёк. У мінулым маі гэтая пераправа, якую сам Тарасюк называе «жызненным пуцём», абвалілася. Стары звяртаўся ў розныя інстанцыі, напамінаў, што ён усё ж такі лаўрэат прэзідэнцкай прэміі «За духоўнае адраджэнне». Не хутка, але мясцовыя ўлады адгукнуліся на просьбу. Потым даходзілі чуткі, нібыта МНС стала апякаць старога і ўмацавала кладку. Убачанае непрыемна ўразіла. Мосціку дзесь паўгода, а выглядае ён як равеснік хутара. Паўгнілая драўніна, сям-там нават з грыбамі. Прагалы паміж папярочкамі кладкі такія, што калі маеш нагу-маламерку, то і захраснуць можаш. І за парэнчы страшнавата трымацца – крывыя жэрдкі, злучаныя дротам.
Парэнчы сам зрабіў, – сціпла заўважыў Тарасюк.
Дык гэтая гарбатая пераправа яшчэ і без парэнчаў была?!
Так што святочнае падарожжа не абыйшлося без расчараванняў. Таму ў новым годзе самымі актуальнымі будуць такія пажаданні: моцнага здароўя – Мікалаю Тарасюку, трываласці – яго мосціку і смерці – шашалям!
 
  Людмила Бунеева
 
 
  
12 студзеня 2011