Такім быў Халакост у Віцебску

20-21(3150-3151) 09.02.10 Ганебным выказванням некаторых асоб у еўрапейскіх краінах пра нібыта перабольшаную альбо нават "прыдуманую" гісторыю Халакосту пераканаўча пярэчыць дакументальнай праўдай першая віцебская акцыя, прысвечаная 65-годдзю Перамогі, — фотавыстава ў абласным краязнаўчым музеі "Халакост. Погляд праз 65 гадоў".

Экспазіцыя, зладжаная пры садзейнічанні грамадскай арганізацыі "Яўрэйскі культурны цэнтр "Мішпоха", складаецца з фотаздымкаў розных перыядаў гарадской гісторыі. 70 фота знятыя ў Віцебску падчас яго акупацыі ў 1941—1944 гадах нямецка-фашысцкімі войскамі, салдаты і афіцэры якіх рабілі гэтыя здымкі і дасылалі іх потым дадому як сведчанне сваіх подзвігаў. Але сёння фатаграфіі ўяўляюць сабой яскравую панараму віцебскіх старонак найвялікшай трагедыі яўрэйскага народа.
На фота бачныя пераслед і масавыя забойствы нявінных ахвяр генацыду, пакутнае існаванне вязняў гета, створанага нацыстамі на ўзбярэжжы Заходняй Дзвіны.
Другі раздзел выставы ўтрымлівае работы сучасных фатографаў, зробленыя ў гарадах, мястэчках, вёсках Віцебшчыны. Тут адлюстраваны выявы помнікаў на месцах расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва, партрэты ветэранаў вайны з ліку жыхароў вобласці яўрэйскай нацыянальнасці, а таксама выявы тых, каго называюць праведнікамі народаў свету, — беларусаў, якія, рызыкуючы жыццём, ратавалі яўрэяў ад гібелі.
 
11 лютага 2010