За апошнія 15 гадоў нас стала меней на 650 тысяч чалавек

№117-118 (3043-3044) 31.07.09  Пра гэта паведаміла старшыня беларускага аддзялення ГА "Міжнародны жаночы саюз "Адзінства", былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Марыя Худая на пасяджэнні "круглага стала" ў Мінску.

Паводле яе слоў, самая высокая за ўвесь час існавання краіны колькасць жыхароў была ў 1991—1993 гадах — 10 млн 320 тысяч. З 1993 года колькасць насельніцтва стала рэзка зніжацца. Нягледзячы на ўсе меры, што прымаюцца, гэтая тэндэнцыя захоўваецца, заявіла старшыня жаночага саюза.

Рэзкае скарачэнне колькасці насельніцтва з 1993 года былы дэпутат парламента тлумачыць "складаным аднаўленчым перыядам пасля развалу СССР". Паводле яе слоў, з-за неабходнасці прыстасоўвацца да змен і ў сувязі са "стратай маральных арыенціраў" людзі менш нараджалі, пры гэтым з-за старэння насельніцтва павялічвалася смяротнасць.

Паводле слоў Марыі Худой, апошнімі гадамі назіраецца паступовы рост нараджальнасці. Часткова, лічыць яна, гэта звязана з мерамі з боку дзяржавы па падтрымцы сям'і, такімі, напрыклад, як выдзяленне льготных крэдытаў на жыллё маладым сем'ям. Аднак пакуль рост нараджальнасці не перакрывае высокія паказчыкі смяротнасці. Так, у 2008 годзе нарадзілася 107 тыс. беларусаў, памерла — 134 тысячы.
 

2 жніўня 2009