Iнваліды супраць тэатралаў

№75-76 (3001-3002) 19.05.09 На мінулым тыдні ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачаўся разгляд справы па іску старшыні Беларускай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргея Драздоўскага да аднаго з супрацоўнікаў службы аховы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета.

Як расказаў "Народнай Волі" Сяргей Драздоўскі, канфлікт адбыўся яшчэ ў сакавіку, калі інваліды-калясачнікі прыехалі ў рэканструяваны тэатр паглядзець, што ў ім зроблена для інвалідаў, якія пажадаюць наведаць тэатр.

— Напярэдадні мы звязаліся з адміністрацыяй тэатра, каб дамовіцца аб сустрэчы, нам паабяцалі, што на наступны дзень патэлефануюць, — распавядае Сяргей Драздоўскі. — Званка так і не дачакаліся, а таму вырашылі проста з'ездзіць, самім купіць квіткі і паглядзець спектакль. Але нават касы сталі для нас недасягальнымі, бо там парог быў вельмі высокі і на калясцы было даехаць проста немагчыма. Пастараліся знайсці кагосьці з адміністрацыі, пад'ехалі да службовага ўваходу, але там ахоўнік нас выставіў за дзверы. Кнігу скаргаў таксама не далі, гадзіну стаялі на вуліцы, выклікалі міліцыю, і толькі пасля гэтага выйшаў галоўны адміністратар тэатра, які даў нам гэтую самую кнігу. Праўда, праз некалькі дзён у нас адбылася сустрэча з кіраўніцтвам тэатра, і нас правялі па ім. Мы знайшлі каля пятнаццаці пазіцый, якія не дазваляюць інвалідам-калясачнікам нармальна наведваць гэтую ўстанову, хоць раней публічна казалі, што для інвалідаў усё зроблена на самым высокім узроўні. Зараз спаслаліся на недахопы, якія, маўляў, дапусцілі падрадчыкі.

Зараз Сяргей Драздоўскі якраз і судзіцца з тым самым ахоўнікам, які, па словах старшыні асацыяцыі, зняважыў інвалідаў.

"У даным выпадку для нас грошы нават не галоўнае, — дадае Сяргей Драздоўскі. — Прынеслі б хаця прабачэнні, якіх мы так і не дачакаліся. Дарэчы, наступнае слуханне адбудзецца 29 мая".

Між тым выконваючы абавязкі дырэктара тэатра Валянцін Пышны паведаміў нашаму карэспандэнту, што аб судзе нічога не ведае, а каментаваць сітуацыю па тэлефоне адмовіўся.

21 траўня 2009