Чэхія: шчыры партрэт

№73-74 (2999-3000) 15.05.09  Днямі ў сталічным Палацы мастацтваў адкрылася выстава "Адзін дзень у Чэшскай Рэспубліцы". У экспазіцыю ўвайшло больш як 70 работ чэшскіх фатографаў. Ініцыятарам выставы выступілі амбасада Чэхіі ў Беларусі і айчынны Саюз мастакоў.

Экспазіцыя стваралася пад патранатам былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела. Прэзентацыю выставы за межамі краіны ўзяў пад асабісты кантроль міністр замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнберг.

На адкрыцці экспазіцыі Часовы Павераны ў справах Чэхіі ў Беларусі Іржы Карас адзначыў: "Калектыў чэшскіх фатографаў не толькі зафіксаваў хроніку звычайнага дня Чэхіі, але і стварыў арыгінальны і шчыры партрэт сваёй краіны з высокай выяўленчай, дакументальнай і гістарычнай каштоўнасцю".

У экспазіцыі прадстаўлены цікавыя работы на самыя разнастайныя тэмы. Тут фотаздымкі чэшскіх гарадоў і вёсак, помнікаў. Шмат партрэтаў людзей.

Уразіў фотаздымак Томаша Трэшцака, на якім выяўлена пражская цяжарная наркаманка Кацярына. У анатацыі да фотаздымка напісана, што "гэта нетыповая для сённяшняй Чэхіі карціна", аднак наяўнасць гэтай працы ў экспазіцыі сведчыць аб тым, што чэшскія фотамастакі і сапраўды паказваюць беларусам шчыры вобраз сваёй краіны.

Дарэчы, пасля вандроўкі па музеях свету экспазіцыя будзе захоўвацца ў Нацыянальным архіве Чэхіі ў Празе цягам 30 гадоў, а затым ізноў будзе экспанавацца — у 2038 годзе.

У Мінску выстава будзе працаваць да 31 мая.

16 траўня 2009