Наш дызайн — іхняя "Хімера"

Днямі беларускі андэграўнд прадэманстраваў, да чаго прыводзіць яго супрацоўніцтва з афіцыйнымі структурамі. 5-га мая ў Пушкінскай бібліятэцы адбылася прэзентацыя чарговага нумара часопіса "ProDesign".

 

Юбілейны дзесяты нумар выдання цалкам прысвечаны скандынаўскаму, а дакладней шведскаму дызайну, і яго ролі ў жыцці беларусаў. Таму не дзіва, што прэзентацыю ўпрыгожылі некалькі "жоўта-блакітных" сцягоў, шведскі стол (хоць і выраблены ў Беларусі), а таксама кіраўнік Аддзялення Амбасады Швецыі ў Мінску сп-р Ян Шадрэк.

Прысутныя аднагалосна канстатавалі, што шведы унікальная нацыя, якой належыць ці то не большая частка ўсіх карысных вынаходніцтваў чалавецтва. Што пацвердзілася пры жартаўлівым раскрыцці пачка са свежымі часопісамі. У ход пайшлі: шведскія запалкі, дынаміт, піла Husqvarna і нават развадны гаечны ключ, які таксама стаў вядомы свету, дзякуючы шведам. У інтэрв'ю карэспандэнту "ЛіМа" сп-р Шадрэк з натуральнай шведскай сціпласцю адзначыў: "Як добра, што мы не вынайшлі атамную бомбу!".

Часопіс "ProDesign" выходзіць ужо два з паловай гады, і за гэты час паспеў стаць падзеяй на беларускім рынку СМІ. Выданне аб самым спрэчным відзе мастацтва само стала… мастацкім творам, бо яго афармленнем займаюцца лепшыя беларускія дызайнеры. Лаўрэат конкурсу "Мастацтва кнігі", у 2003-м годзе спецыялізаваны часопіс увайшоў у тройку лепшых выданняў года, згодна дадзеных Міністэрства інфармацыі. А месяц таму "ProDesign" атрымаў неангажаваную прэмію "Хімера" ў Варшаве за лепшы дызайн сродку масавай інфармацыі ва Усходняй Еўропе. Дарэчы, старшынёй журы "Хімеры" быў Эндру Кнэр, сусветна вядомы спецыяліст, які працаваў у такіх выданнях, як "Сквайр", "Таймс", дызайнерскія працы якога ўпрыгожваюць залы Луўра і Нью-Йоркскага Музея сучаснага мастацтва.

Фундатарам часопіса з'яўляецца Беларускі саюз дызайнераў, які аб'ядноўвае больш за 500 творчых людзей краіны. Арганізацыя мае сваёй мэтай абарону правоў крэатараў і папулярызацыю гэтага мастацтва на Беларусі. Як зазначыў кіраўнік БСД Зміцер Сурскі, дызайн выконвае і вялікую сацыяльную функцыю.

Працягваючы традыцыю "нацыянальнага каларыту", наступны нумар "ProDesign" выйдзе ў супрацоўніцтве з Польскім Інстытутам у Мінску.

 

Мікалай Анішчанка

25 жніўня 2004