2004

17 снежня 2004

  • Багасловы абмеркавалі праблемы еўрапейскага аб'яднання

    №309 (25322), 15.12.2004. У Мінскім епархіяльным упраўленні 10-11 снежня адбылася Міжнародная канферэнцыя "Хрысціянства і ўзаемадзейнае суседства духоўных каштоўнасцяў у еўрапейскай супольнасці".


8 снежня 2004

  • Дапамагаць чымпіёнам

    №299 (25312), 07.12.2003. Чатырохразовы алімпійскі чэмпіён па фехтаванню Віктар Сідзяк ініцыяваў стварэнне новай грамадскай арганізацыі — "Клуб алімпійскіх чэмпіёнаў".


2 снежня 2004

  • Беларускія рабыні

    № 293-294 (25306-25307), 02.12.2004. З пачатку гэтага года больш як 350 нашых суайчынніц афіцыйна прызнаны ахвярамі гандляроў людьмі.


4 лістапада 2004

  • Немцы навучаць рамантаваць абутак

    №264-265 (25277-25278), 04.11.2004. У Столін прыбыў гуманітарны груз з Германіі. Нямецкія сябры вырашылі дапамагчы з працаўладкаваннем столінскіх інвалідаў. І паставілі абсталяванне для майстэрні па рамонту абутку. Нямецкія партнёры абавязаліся таксама навучыць інвалідаў працавць на новай тэхніцы.


25 кастрычніка 2004

  • Як Мачулішчы "разварушыліся"

    240-241(25253-25254)08.10.2004 Паводле выніковага апытання, праведзенага сярод жыхароў паселка Мачулішчы, размешчанага ў Мінскім раене, абсалютная большасць мачулішчанцаў прызнала пазітыўныя змены ў жыцці свайго роднага мястэчка дзякуючы дзейнасці Дабрачыннага грамадскага аб'яднання "Пралеска". Паводле слоў старшыні ДГА "Пралеска", дырэктара праекта "Погляд" Святланы Андруховіч, фактычна раз у месяц паселак ахоплівала якая-небудзь акцыя, сустрэча,"круглы стол", творчы конкурс і г.д.


21 кастрычніка 2004

  • Што нас чакае ў сярэднетэрміновай перспектыве

    247-248(25260-25261) «Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года»— дакумент, які нядаўна быў прадстаўлены грамадскасці . У ёй знайшлі свой лрацяг асноўныя палажэнні дзеючых прагнозных дакументаў, зацверджаных прэзідэнтам і Саветам Міністраў. Стратэгія падрыхтавана пры падтрымцы Прадстаўніцтва ААН у Мінску ў рамках сумеснага праекта Праграмы развіцця ААН і ўрада Беларусі.


21 верасня 2004

  • Работа па выплатах кампенсацый ацэнена станоўча

    212(25225) 07.09.2004 У Мінск прыбыў з візітам старшыня праўлення германскага фонду «Памяць, адказнасць і будучыня» Ханс-Отта Бройцігам. Як паведамляе прэс-служба пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Мінску, запланаваныя яго сустрэчы са старшынёй Беларускага рэспубліканскага фонду «Узаемаразуменне і прымірэнне» Валянцінам Герасімавым і старшынёй праўлення «Беларусбанка» Надзеяй Ермаковай, падчас якіх будуць абмеркаваны актуальныя пытанні супрацоўніцтва. «Вынік іх сумеснай працы станоўчы. Амаль 130 тысяч былых прымусовых рабочых атрымалі кампенсацыі на суму каля 284 мільёнаў еўра», гаворыцца ў афіцыйным паведамленні для прэсы. Усе выплаты нямецкім бокам праводзяцца на падставе федэральнага закона. Стварэнню федэральнага фонду папярэднічалі міжнародныя перагаворы, у якіх прымала ўдзел і наша краіна.


16 верасня 2004

  • Прэзідэнт Беларусі прыняў рашэнне аб аказанні дзяржаўнай падтрымкі ў ажыццяўленні шэрагу гуманітарных праектаў

    218(25231) 14.09.2004 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 верасня падпісаў Указ № 443 «Аб аказанні дзяржаўнай падтрымкі ў ажыццяўленні гуманітарных праектаў, звязаных з функцыянаваннем жылых пасёлкаў «SOS-Дзіцячая вёска» ў г.Мар'іна Горка і пасёлку Бараўляны». У прыватнасці, рашэннем кіраўніка дзяржавы міжнародная дабрачынная арганізацыя «SOS-Кіндэрдорф Інтэрнацыяналь» вызваляецца ад выплаты шэрагу збораў у сувязі з бязвыплатнай перадачай жылога пасёлка «SOS-Дзіцячая вёска» ў Мар'інай Горцы грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд «SOS-Дзіцячая вёска». Згодна з указам, у 2004 годзе грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд «SOS-Дзіцячая вёска» будзе аказана фінансавая дапамога ў выглядзе субсідый са сродкаў рэспубліканскага бюджэту для завяршэння будаўніцтва і добраўпарадкавання жылога пасёлка «SOS-Дзіцячая вёска» ў г.Мар'іна Горка, набыцця мэблі, а таксама на ўтрыманне дзяцей-сірот, якія пражываюць тут, і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Як адзначылі ў прэс-службе, указ прыняты ў рамках правядзення ў Беларусі мэтанакіраванай палітыкі па абароне правоў і інтарэсаў сацыяльных неабароненых слаёў насельніцтва, а таксама па стварэнню спрыяльных умоў для развіцця супрацоўніцтва з міжнароднымі дабрачыннымі арганізацыямі.


3 верасня 2004

  • Парсюкі пагражаюць усяму чалавецтву?

    208(25221) 02.09.2004 Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) днямі распаўсюдзіла трывожнае паведамленне: вірус птушынага грыпу Н5N1 быў выяўлены ў парсюкоў на фермах у некаторых раёнах Кітая. Гэта менавіта той самы штам птушынага віруса грыпу, які ўпершыню праявіў сябе ў 1997 годзе ў Ганконгу і прадэманстраваў надзвычай высокую агрэсіўнасць. У 2003 і 2004 гадах у Тайландзе і В'етнаме былі зафіксаваны новыя выпадкі інфіцыравання людзей птушыным грыпам, і зноў не абышлося без лятальных зыходаў. Між іншым апошняе паведамленне кітайскіх навукоўцаў аб інфіцыраванні птушыным грыпам парсюкоў азначае, што пандэмія, якую эпідэміёлагі чакалі на працягу апошніх 1015 гадоў, можа стаць рэальнасцю ўжо сёлета. Пандэмію, у адрозненне ад эпідэмій грыпу выклікае вірус грыпу з абсалютна новай антыгеннай структурай, які не распазнае імунная сістэма чалавека. Звычайныя свойскія парсюкі аднолькава адчувальныя як да птушыных, так і да чалавечых вірусаў грыпу, і гэта робіць іх своеасаблівай «прабіркай», у якой можа ўтварыцца смяротны для чалавека «кактэйль»: калі жывёліна інфіцыруецца адначасова і чалавечым, і птушыным вірусамі грыпу, паміж двума вірусамі адбываецца абмен генетычным матэрыялам, і такім чынам нараджаецца новы смяротны штам. Эпідэміёлагі лічаць, што і пандэмія 1918 года, і пандэмія 1957 года, якія пацягнулі шматмільённыя ахвяры, былі выкліканы вірусамі грыпу з камбінаваным генетычным саставам: часткова птушыным, а часткова чалавечым. Прычым размнажаўся новы вірус у арганізмах парсюкоў, ад якіх ужо, у сваю чаргу, заражаліся людзі. Для таго, каб не прапусціць нараджэння пандэмічнага штама, Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя разгорнута на планеце сетка са 110 вірусалагічных лабараторый, размешчаных у 83 краінах свету. Беларускі цэнтр па грыпу, напрыклад, супрацоўнічае з Лонданскім дыягнастычным цэнтрам. Можна не сумнявацца, што ў бліжэйшыя месяцы ўсе яны будуць прыведзены ў «баявую гатоўнасць».


31 жніўня 2004

  • "Кнігі — дзецям Беларусі"

    120(25133) 15.05.2004 1 чэрвеня — Міжнародны дзень абароны дзяцей. З гэтай нагоды выдавецтва "Мастацкая літаратура" запрашае ўсе дзяржаўныя, грамадскія, прыватныя арганізацыі і прадпрыемствы, усіх грамадзян нашай краіны прыняць удзел у дабрачыннай акцыі "Кнігі — дзецям Беларусі" і папоўніць бібліятэкі школ, дзіцячых дамоў і садкоў кнігамі, якія ўслаўляюць Радзіму, услаўляюць чалавека працы, нясуць дабро і любоў. Кантактная інфармацыя: 220600 г. Мінск, праспект Машэрава, 11, ВОУП "Мастацкая літаратура", тэл.: 223-83-63.

  • Споўнілася 50 гадоў з дня прыняцця Беларусі ў ЮНЕСКО

    116(25129) 12.05.2004 Поўная яе назва — Арганізацыя Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры. Сёння ў яе ўваходзяць 190 дзяржаў. БССР насуперак свайму жаданню не адразу далучылася да ЮНЕСКО. Устаноўчая канферэнцыя арганізацыі адбылася яшчэ ў лістападзе 1945 года ў Лондане. У ёй удзельнічалі дэлегацыі 44 дзяржаў. І толькі 12 мая 1954 года БССР стала членам ЮНЕСКО. Прычына затрымкі — "халодная вайна". Тым не менш, усе наступныя гады, да самага развалу СССР, наша рэспубліка ў межах сваіх магчымасцяў удзельнічала ў рабоце арганізацыі. Якасна новы бок адносінаў з ЮНЕСКО адкрыўся пасля таго, як Беларусь набыла суверэнітэт. Сёння матэрыяльныя вынікі супрацоўніцтва з ЮНЕСКО значна перавышаюць узнос краіны ў бюджэт арганізацыі. Пры яе фінансавай падтрымцы ў Беларусі ўдалося рэалізаваць шэраг сур'ёзных праектаў. На Беларусі рыхтуюцца шырока адзначыць 50-годдзе членства ў ЮНЕСКО. Распрацавана юбілейная праграма. У ёй — правядзенне тэматычных выставак (у тым ліку і ў Парыжы ў штаб-кватэры ЮНЕСКО), "круглых сталоў", прэзентацый, прэс-канферэнцый.

  • Напярэдадні свята Перамогі 30 мінскіх школьнікаў сталі піянерамі

    115(25128) 11.05.2004 Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі напярэдадні свята Перамогі правадзілі прыём у свае рады новых членаў. Пахмурнае надвор'е не перашкодзіла ўрачыстасці, якая пачалася а 10 гадзіне раніцы. У ёй было задзейнічана каля 250 чалавек. Цырымонія ўручэння значкоў пачалася пасля ўскладання вянкоў да манумента і кароткіх выступленняў ветэранаў і лідараў маладзёжнай і дзіцячай арганізацый. Па словах старшыні Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Аляксандра Бабіцкага, увогуле ў радах піянерскай арганізацыі сёння 370 тысяч школьнікаў ва ўзросце 10-14 гадоў.

  • Як студэнту стаць зоркай

    114(25127) 08.05.2004 Віцебскі фестываль моладзі "Студэнцкая вясна" — своеасаблівая "фабрыка зорак" для маладых талентаў. Традыцыйна штогод гэты форум моладзі праходзіць у маі. Сёлета ў фестывалі бяруць удзел каля чатырохсот студэнтаў дзяржаўных і недзяржаўных ВНУ, навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў. Адказваючы на пытанні, першы сакратар абкама БРСМ Уладзімір Давыдоўскі падкрэсліў, што пераможцы "Студэнцкай вясны-2004", магчыма, будуць удзельнічаць у праграмах міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Дарэчы, абкам БРСМ ужо даўно планаваў раскручваць у шоу-бізнэсе таленавітых студэнтаў. Але ж для гэтага трэба атрымаць спецыяльную ліцэнзію. Пераможцы "Студэнцкай вясны" ужо маюць вопыт выступленняў за мяжой. У прыватнасці, яны выступалі ў некаторых гарадах Расіі на аналагічных фестывалях і там вельмі спадабаліся публіцы.


30 жніўня 2004

  • Салодкі уік-энд у Пінску

    193(25206) 14.08.2004 У Пінску 1415 жніўня ўпершыню пройдуць Усебеларускія дні пчалярства і Міжнародны кірмаш «Мядовы спас-2004». Удзел у гэтых салодкіх мерапрыемствах возьмуць пчаляры і пчальніковыя прадпрыемствы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Чэхіі. Арганізатарам выступіў Саюз пчаляроў Беларусі пры падтрымцы Пінскіх гарадскога і раённага выканаўчых камітэтаў. Адкрыццё пчалярскага форуму пачнецца з прэс-канферэнцыі, у якой возьмуць удзел кіраўнікі Саюзаў пчаляроў славянскіх народаў, Беларусі, Польшчы і галава Укрпчалпрама. У першы дзень пройдзе палявы малебен хрысціянскіх канфесій з асвячэннем мёду, а назаўтра ўдзельнікі свята за «круглым сталом» абмяркуюць пытанні развіцця пчалярства. Усе два дні ў гарадскім парку культуры і адпачынку будуць праходзіць народныя гулянні, выстава-продаж мёду і медавухі, вырабаў народнага мастацтва, пленэр мастакоў Беларусі. Пройдуць конкурсы «Бурштынны мёд» (з дэгустацыяй мёду), «Прыгажуня-пчалярка» і конкурс фотаздымкаў вулляў. Запрошаныя на свята пчаляры наведаюць унікальны старажытны пчальнік у вёсцы Стахава Столінскага раёна, дзе для іх будзе арганізаваны «палескі стол» з традыцыйнымі стравамі беларускай кухні.

  • Мір адкрыецца для турыстаў… і дыпламатаў

    201(25214) 25.08.2004 Першую чаргу Мірскага замка (XVI пачатак XX стст.), які рэканструюецца, можна будзе наведаць у 2006 годзе. Зараз у Мірскім замкава-паркавым комплексе скончаны работы па ўзнаўленню перакрыццяў, даху, дзвярэй і вокнаў, а таксама заменена ацяпляльная сістэма. Апошнім часам будаўнікі УП «Мінскпраект» занятыя рэканструкцыяй памяшканняў, якія знаходзяцца на падземным узроўні ўсходняй часткі замка тут мяркуецца размясціць усе тэхналагічныя службы, што будуць забяспечваць музейныя экспазіцыі, а таксама кухню. У 2006 годзе плануецца скончыць усе будаўнічыя работы ў замку і адкрыць для агляду турыстаў археалагічную экспазіцыю, выставу калекцыі зброі, фрагменты інтэр'ераў жылых памяшканняў у паўднёва-заходняй вежы, механізм пад'ёмнага моста. Акрамя таго, у паўночным корпусе замка з'явіцца выставачная зала плошчай прыблізна 1000 квадратных метраў. Пазней, як мяркуецца, завершыцца рэстаўрацыя ў найбольш складаных, з шыкоўным афармленнем, залах замка, а ва ўсходнім корпусе будуць створаны ўрадавыя апартаменты для вядзення міжнародных перамоў. Урэшце, Мірскі замак таго варты: нездарма ж гэты шэдэўр беларускай архітэктуры ўключаны ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.


26 жніўня 2004

  • Беларусь у ліку дзевяці краін СНД прапанавала ААН аб'явіць 8 і 9 мая Днямі памяці і прымірэння

    199(25212) 21.08.2004 Беларусь, Расія, Малдова, Арменія, Казахстан, Кіргізія, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан прапанавалі Генеральнай Асамблеі ААН аб'явіць 8 і 9 мая Днямі памяці і прымірэння. Аб гэтым паведаміў супрацоўнік дэпартамента грамадскай інфармацыі Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Віктар Радзівіноўскі. Паводле яго слоў, прапанова ўключыць гэта пытанне ў якасці дадатковага пункта ў парадак дня маючай адбыцца 59-й сесіі Генасамблеі змяшчаецца ў пісьме на імя генеральнага сакратара Кофі Анана, падпісаным прадстаўнікамі ўсіх гэтых дзяржаў пры ААН.

  • Айчынны бізнэс падтрымаюць

    197-198(25210-25211) 20.08.2004 «Садзейнічанне развіццю малога і сярэдняга бізнэсу праз узаемадзеянне іх аб'яднанняў з дзяржаўнымі органамі». Так назвалі свой праект, рэалізацыя якога пачынаецца і які разлічаны на год, у Беларускім саюзе прадпрымальнікаў і наймальнікаў (БСПН). У саюзе адзначаюць: патэнцыял малога і сярэдняга бізнэсу выкарыстоўваецца ў нашай краіне недастаткова. На яго долю прыпадае ўсяго 8,2 працэнта валавога ўнутранага прадукту і 13 працэнтаў працуючых. Колькасць малых прадпрыемстваў у разліку на 1000 жыхароў краіны складае прыкладна 3, што значна менш, чым у іншых краінах. На думку экспертаў саюза, прычынамі такога становішча з'яўляюцца складаныя прававыя ўмовы прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама недастаткова прафесійны ўзровень менеджменту ў малым і сярэднім бізнэсе. Адпаведна, у рамках праекта намечана аказваць прадстаўнікам гэтага бізнэсу кансультацыйную і іншую дапамогу, ажыццяўляць пошук інвестараў для іх, рабіць экспертызу інвестыцыйных прапаноў, аналіз адпаведнай рызыкі. Намечана таксама правядзенне трэніровачных мерапрыемстваў па стратэгічнаму менеджменту, маркетынгу, арганізацыі продажу і г.д. У рамках праекта будзе мадэрнізаваны сайт БСПН. На ім з'явяцца партал «Як пачаць сваю справу», інфармацыйная база даных «Даведнік інвестара». Для суб'ектаў прадпрымальніцтва будзе працаваць «прамая лінія», па якой яны змогуць атрымаць усебаковую бясплатную кансультацыю.


25 жніўня 2004

  • Мастацтва без абмежаванняў

    141(25154) 10.06.2004 У бібліятэцы імя А.С.Пушкіна адкрылася выстава. Народная студыя выяўленчага мастацтва Цэнтра дзіцячай творчасці Першамайскага раёна пад кіраўніцтвам мастака Рышарда Мая прадставіла каля трыццаці работ, выкананых звычайнымі акварэльнымі фарбамі. Выстава адкрыта пры падтрымцы мінскага Ротары Клуба і Беларускага дзіцячага фонду. Некалькі гадоў таму апошні прысвоіў Рышарду Маю ганаровае званне «Сябра дзяцей». У Рэспубліцы Беларусь яго былі ўдастоены ўсяго пятнаццаць чалавек. Сёлета студыі Рышарда Мая споўнілася дваццаць пяць. Яна славіцца непаўторным педагагічным метадам. Мастак лічыць, што талент дзіцяці гэта загадка, якую трэба разгадаць. 3 адным кантакт узнікае лягчэй, з іншым трэба «паразважаць» больш працяглы час. Работы студыйцаў адрозніваюцца ад іншых дзіцячых работ сваёй выразнасцю і шчырасцю выканання. Форма навучання ў студыі вольная. Дзеці прыходзяць у любы зручны для іх час, малююць тым, чым ім больш падабаецца. Майстар не прымушае рабіць тое ці іншае і лічыць, што ад такога падыходу студыя толькі набывае. Самым маленькім 2-3 гады, а старэйшым можа быць 17 і 25 гадоў. Часам здараецца так, што бацькі, гледзячы на сваё дзіця, садзяцца побач і малююць разам з ім. Так што студыя выхоўвае не толькі дзяцей, але і дарослых. Адкрыццё выставы супала з Міжнародным днём абароны дзяцей, таму ўсім студыйцам былі ўручаны падарункі ад мінскага Ротары Клуба і Беларускага дзіцячага фонду. Падарункам для мастака стала выданне прыгожага альбома «Студыя Рышарда Мая».

  • Штогод беларускія донары здаюць каля 200 тон крыві

    140(25153) 09.06.2004 Беларусь з'яўляецца адзінай краінай на постсавецкай прасторы, дзе патрэбнасць у кампанентах донарскай крыві на 100 працэнтаў задавальняецца па стандартах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Аб гэтым паведаміла намеснік галоўнага ўрача па медчастцы Рэспубліканскай станцыі пералівання крыві кандыдат медыцынскіх навук Эсфір Свірноўская. Паводле яе слоў, «штогод у Беларусі нарыхтоўваецца каля 200 тон кансерваванай крыві». Па колькасці перадаваемых праз кроў інфекцый Беларусь займае адно з апошніх месцаў у Еўропе, адзначыла яна. Спецыяліст таксама сказала, што «так званы брак донарскай крыві ў Беларусі складае каля 1,5 працэнта, у Расіі і Украіне ж дадзены паказчык дасягае 4-5 працэнтаў. Э. Свірноўская падкрэсліла, што «такія паказчыкі дасягнуты ў першую чаргу за кошт унікальнай сістэмы адбору донараў». Яна таксама адзначыла, што «Беларусь з'яўляецца адзінай краінай СНД, дзе дзяржава закупляе толькі самыя дасканалыя тэст-сістэмы для праверкі донарскай крыві». У цяперашні час у рэспубліцы здаюць кроў каля 120 тысяч донараў, з якіх 111 тысяч на бясплатнай аснове, 9 тысяч донараў здаюць плазму і рэдкія групы крыві, якім дадаткова выплачваецца за адну здачу крыві сума, роўная 0,75 базавай велічыні. У гэтым годзе ўпершыню па рашэнню СААЗ Сусветны дзень донара крыві адзначаецца 14 чэрвеня.

  • Беларускае свята ў Беластоку

    135(25148) 03.06.2004 У Беластоку прайшло свята беларускай культуры, арганізаванае галоўным упраўленнем Беларускага грамадска-культурнага таварыства. 3 віншавальным словам да прысутных звярнуўся пасол Беларусі ў Польшчы Павел Латушка. Ён зачытаў пасланне міністра замежных спраў Сяргея Мартынава ўдзельнікам і гасцям свята. Ва ўрачыстым канцэрце прынялі ўдзел лепшыя фальклорныя і прафесіянальныя калектывы з Падляшша, якія выконвалі беларускія народныя і сучасныя песні. У беластоцкім амфітэатры сабралася больш як 2 тысячы чалавек. Падчас святкавання быў разгорнуты кірмаш, на якім жадаючыя маглі купіць беларускія кнігі і падручнікі, вырабы народных майстроў Беларусі і Польшчы.

  • Асіметрыі і перспектывы развіцця Беларусі

    152-153(25165-25166) 23.06.2004 Новая справаздача аб чалавечым развіцці Беларусі павінна зявіцца ў лютым наступнага года. А днямі ў офісе прадстаўніцтва ААН у Мінску адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная пачатку работы над гэтым важным дакументам. Джыхан Султаноглу, якая нядаўна пачала сваю работу ў якасці прадстаўніка ААН у нашай краіне, адзначыла, што назва справаздачы «Эканоміка і грамадства Беларусі: асіметрыі і перспектывы развіцця» адпавядае мэтам даследавання. Адна з галоўных яго задач правесці аналіз развіцця розных рэгіёнаў краіны аж да ўзроўню раёна. Новым раздзелам справаздачы стане работа па вывучэнню наступстваў для Беларусі пашырэння Еўрапейскага саюза. На яе погляд, цяпер Еўрапейскі кантынент набыў новы, беспрэцэдэнтны выгляд, і агульны ўплыў еўрапейскай інтэграцыі будзе мець надзвычайнае значэнне для нашай краіны.

  • Адзін — бяжыць, другі — глядзіць...

    144(25157) 12.06.2004 20 чэрвеня ў сталічным кінатэатры «Перамога» адбудзецца адкрыццё фестывалю некамерцыйных фільмаў «Дні кіно аб бежанцах». Арганізатарамі гэтай акцыі выступілі Прадстаўніцтва Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі і УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама. Кінапаказ прымеркаваны да чарговай гадавіны Сусветнага дня бежанцаў, які адзначаецца штогод 20 чэрвеня паводле рашэння Генеральнай Асамблеі ААН і праводзіцца ў нашай рэспубліцы ўжо ў чацвёрты раз. У рамках кінафестывалю будуць дэманстравацца якасныя мастацкія і дакументальныя фільмы на тэмы вымушанай міграцыі і пашырэння праблемы бежанцаў. Увазе гледачоў, напрыклад, з 20 па 25 чэрвеня будуць прапанаваны такія мастацкія стужкі: «Дальняе святло», «Апошні прытулак», «Зімовая спёка», «Англія!», «Вароты да раю», «Жменя травы». Пачатак усіх сеансаў а 19 гадзіне. Уваход вольны.


19 жніўня 2004

  • Не да твару «багна» Грушаўскай

    187-188(25200-25201) 06.08.2004 У Мінску грамадская арганізацыя «Маладзёжны адукацыйны цэнтр «Фіальта» пры падтрымцы адміністрацыі Маскоўскага раёна ажыццяўляе праект «Дынамік». У Маскоўскім раёне сталіцы пражывае каля 60 тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 31 года. Тут знаходзяцца буйнейшыя ВНУ, 40 сярэдніх і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, вялікая колькасць студэнцкіх і рабочых інтэрнатаў. Адначасова ў раёне існуе ўсяго пяць грамадскіх аб'яднанняў і 10 устаноў, якія займаюцца работай з моладдзю, але не могуць ахапіць большую яе частку. Праект «Дынамік» мае на мэце аб'яднаць намаганні дзяржаўных устаноў, органаў кіравання, прадстаўнікоў бізнэсу і грамадскасці. «Фіальта» мае намер пры актыўным удзеле самой моладзі вызначыць праблемныя «зоны» і потым узяцца за іх вырашэнне.


21 красавіка 2004

  • На такіх турнірах фарміруецца будучыня сусветнага хакея

    93(25106) 10.04.2004 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця 6-га чэмпіянату свету па хакею з шайбай сярод юніёраў да 18 гадоў. Нягледзячы на тое, што ў дзень афіцыйнага адкрыцця спаборніцтваў беларуская зборная на лёд не выходзіла, у сталічным Палацы спорту свабодных месцаў амаль не было не кожны дзень Мінск прымае чэмпіянаты сусветнага ўзроўню, няхай і сярод юніёраў. Кіраўнік дзяржавы сардэчна вітаў спартсменаў і трэнераў, арбітраў і прадстаўнікоў Міжнароднай федэрацыі хакея, а таксама ўсіх прыхільнікаў гэтага мужнага папулярнага віду спорту. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Калерва Кумала падзякаваў арганізатарам чэмпіянату за сапраўды высокі арганізацыйны ўзровень.


16 красавіка 2004

  • Дырэктыва датычыцца і аховы флоры і фауны

    95(25108) 14.04.2004 Віцебская абласная арганізацыя грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» адна з самых буйных у рэгіёне. Яна налічвае амаль 12 тысяч членаў. У арэнду арганізацыя ўзяла каля 2,4 мільёна гектараў зямлі, альбо 64,3 працэнта ад усіх паляўнічых угоддзяў рэгіёна. Стварылі гэта таварыства яшчэ ў 1921 годзе з мэтай садзейнічання дзяржаўным органам, прадпрыемствам у ахове флоры і фауны. Паводле даных уліку мінулага года, не дасягнута ў паляўнічых гаспадарках таварыства аптымальная колькасць лася (усяго толькі 84 працэнты), казулі (53 працэнты). У асобных раённых арганізацыях колькасць ліцэнзуемых паляўнічых жывёл зменшылася да мінімальнага паказчыка.


22 сакавіка 2004

  • "Будзільнік"

    66-67(25079-25080) 13.03.2004 Віцебскі гарадскі камітэт грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» пачаў выдаваць уласную газету з назвай «Будзільнік». У «Будзільніку» юныя карэспандэнты паведамляюць аб дзейнасці БРСМ у абласным цэнтры, аб ільготах для членаў арганізацыі: дзе са скідкамі магчыма наведаць камп'ютарныя клубы, салоны прыгажосці, цырульні і г.д. Ёсць у «Будзільніку» цікавыя артыкулы па гісторыі Віцебска, друкуюцца вершы і г.д. Пакуль што газета не зарэгістраваная, выходзіць малым тыражом, але калі актывісты знойдуць сур'ёзныя фінансавыя сродкі, газета абавязкова будзе распаўсюджвацца праз кіёскі «Белсаюздруку» і на яе можна будзе падпісацца.


4 сакавіка 2004

  • Аднаўленне работы пасольства Ізраіля ў Мінску — ў красавіку-маі

    56(25069) 03.03.2004 Аб гэтым паведаміў старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх арганізацый і суполак Леанід Левін. Паводле яго слоў, у цяперашні час ідзе "прапрацоўка тэхнічных пытанняў, а таксама пошук будынка для размяшчэння дыпламатычнай місіі".

  • 4 сакавіка ў Мінску адкрыецца першая прыватная галерэя "Эрмітаж"

    37(1850) 02.03.2004 Яе гаспадары — член Саюза мастакоў Беларусі, ганаровы акадэмік Еўрапейскай акадэміі мастацтваў мастак Андрэй Смоляк і яго жонка, якая з'яўляецца і менеджарам майстра, Вольга Сычык — плануюць, што іх галерэя будзе ўяўляць сабой арт-клуб, дзе будуць праходзіць не толькі выставы, але і маленькія спектаклі, прэзентацыі. Галерэя адкрыецца выставай карцін Андрэя Смоляка, прысвечаная жаночаму святу 8 Сакавіка. У далейшым у планах мужа і жонкі змяняць экспазіцыі кожныя 20 дзён. У хуткім часе наведвальнікі "Эрмітажа" змогуць убачыць яшчэ тры выставы карцін Смоляка, а таксама працы вядомага майстра Алены Адамчык. Акрамя экспазіцый сучасных мастакоў у галерэі плануецца выстаўляць і антыкварыят. У далейшым Андрэй Смоляк і яго жонка мараць стварыць калекцыю работ айчынных мастакоў, каб прапагандаваць беларускае мастацтва.

  • Сляпыя жадаюць быць пачутымі...

    57(25070) 04.03.2004 80-гадовы юбілей адзначыць у бягучым годзе Беларускае таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ). Першы арганізацыйны сход сляпых адбыўся ў Мінскім вучылішчы для сляпых у 1924 годзе, на ім быў прыняты Статут таварыства, якое яб'яднала на той момант 30 чалавек. Сёння ў БелТІЗ уваходзяць 6 абласных і 143 пярвічныя арганізацыі, якія аб'ядноўваюць 19619 інвалідаў па зроку (на ўлік Таварыства трапляюць толькі інваліды І і ІІ груп). БелТІЗ з'яўляецца ўладальнікам 16 прамысловых вучэбна-вытворчых прадпрыемстваў, на якіх працуюць больш як 7 тысяч чалавек, у тым ліку 3,5 тысячы інвалідаў па зроку. Аднак, нягледзячы на будучы юбілей, падставы для радасці ў інвалідаў па зроку адсутнічаюць. Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для сляпых так і не пабудаваны. Увогуле, акрамя гэтага даўгабуду ў Таварыства хапае і іншых праблем: многія раённыя арганізацыі не маюць сваіх памяшканняў; грошы на набыццё тэхнічных сродкаў для інвалідаў па зроку не выдзяляліся з абласнога бюджэту тры гады; фінансавы стан вытворчых прадпрыемстваў вымушае жадаць лепшага


24 лютага 2004

  • Браты па Афгану

    42(25055) 18.02.2004 Віцебская гарадская арганізацыя "Брацтва" грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане" у гонар 15-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана выдала першы нумар зарэгістраванай газеты "Брацкі веснік". Тыраж газеты пакуль што 3 тысячі экзэмпляраў. Плануецца, што яна будзе выходзіць чатыры разы ў месяц і распаўсюджвацца не толькі ў Беларусі, але таксама і ў Расіі, Украіне, Малдове. У газеце будуць старонкі для жанчын "Настасся" і для моладзі — "Спадчына". Зараз у арганізацыі 890 членаў, а ўсяго на Віцебшчыне жывуць больш як 4,5 тысячы "афганцаў".


17 лютага 2004

  • Ваша кампазіцыя — у Батанічнам садзе

    37-38(25050-25051) 13.02.2004 Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый (БКМА), у які ўваходзяць розныя маладзёжныя і дзіцячыя аб'яднанні, сумесна з міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Камітэтам лясной гаспадаркі, Цэнтральным батанічным садам праводзіць Рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшы праект экспазіцыі, прысвечанай 60-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца ўсе жадаючыя. Стварацца экспазіцыя павінна з драўнінна-хмызняковых і кветкавых раслін, праз форму і колер якіх раскрываецца пэўны змест. Лепшая ідэя будзе выкарыстана пры распрацоўцы тэхнічнай дакументацыі, а тры пераможцы конкурсу атрымаюць грашовыя ўзнагароджанні. Работы прымаюцца да 22 сакавіка ўключна.


4 лютага 2004

  • Быць здаровым — гэта модна!

    27(25040) 03.02.2004 Так гучыць дэвіз 1-й Міжнароднай спецыялізаванай выставы "Тыдзень моды на здароўе", якая сёння гасцінна адчыніць дзверы ў Нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа". На гэтым "саміце здароўя", які прадоўжыцца да 8 лютага ўключна, будуць прадстаўлены тавары і паслугі для здаровага ладу жыцця. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі міністэрства інфармацыі, НВЦ "Белэкспа", Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, міністэрства спорту і турызму, міністэрства адукацыі, міністэрства гандлю, міністэрства аховы здароўя, Камітэт лясной гаспдаркі, БРСМ і іншыя. Адкрыццё выставы адбудзецца ў 12.00.


15 студзеня 2004

  • Ордэн Францыска Скарыны для куцюр'е

    4-5(25017-25018) 09.01.2004 Днямі вядомы французскі куцюр'е, мецэнат і грамадскі дзеяч, член Французскай акадэміі, Пасол добрай волі ЮНЕСКО спадар П'ер Кардэн атрымаў вышэйшую ўзнагароду нашай дзяржывы — ордэн Францыска Скарыны. А ўчора мэтр сустрэўся з віцэ-прэм'ерам беларускага ўрада Уладзімірам Дражыным. Павіншаваўшы спадара Кардэна з Новым годам і Калядамі, Уладзімір Дражын ад імя беларускага ўрада пажадаў госцю ўсяго самага добрага падчас знаходжання на беларускай зямлі. Ён адзначыў, што беларусы ведаюць пра ўклад П'ера Кардэна ў вырашэнне шэрагу праблем нашай краіны і глыбока ўдзячныя яму за гэту маральную і матэрыяльную дапамогу — у прыватнасці, па лініі праграмы "ЮНЕСКО — Чарнобыль".

  • Новы міжнародны праект па барацьбе з наркотыкамі

    4-5(25017-25018) 09.01.2004 Па ініцыятыве і пры фінансаванні Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН (ПРААН) пачалося ажыццяўленне праграмы "БУМАД" (Барацьба з незаконным абаротам і гандлем наркотыкамі на Беларусі, Украіне і Малдове). Бюджэт першага этапу праграмы, разлічанай на пяць гадоў, складае 2,2 мільёна еўра. З іх 700000 еўра прызначаны для Беларусі. Асноўная мэта праграмы — змяншэнне патокаў нелегальных наркотыкаў праз вышэйназваныя краіны ў ЕС. "БУМАД" на Беларусі ўключае ў сябе шэсць праектаў, накіраваных на развіццё заканадаўчай базы, зніжэнне попыту на наркотыкі і паляпшэнне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў гэтай сферы. У рамках праграмы будзе створана нацыянальная сістэма маніторынгу за наркатычнымі сродкамі і наркаспажываннем у адпаведнасці са стандартамі ЕС. Яшчэ адзін кампанент праекта накіраваны на прафілактыку злачынстваў, звязаных з наркотыкамі.


10 студзеня 2004

  • Алімпійскі баль падвёў вынікі

    3(25016) 06.01.2004 Навагодні алімпійскі баль стаў своеасаблівым падвядзеннем вынікаў вялікіх дасягненняў беларускага спорту і алімпійскага руху за 2003 год. Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя спартыўнай прэсы" сумесна з Нацыянальным алімпійскім камітэтам РБ, Міністэрствам спорту і турызму РБ ужо другі год запар праводзіць такое мерапрыемства, на якім па традыцыі можна ўбачыць практычна ўсіх "зорак" айчыннага спорту. Адбыўся таксама дабрачынны аўкцыён. Атрыманыя ад яго сродкі накіраваныя на дапамогу дзецям, што засталіся без бацькоўскай апекі, і будуць уручаны ў рамках акцыі "Спартсмены — дзецям".