Бізнэс у рэгіёнах хоча пазбавіцца ад давядзення планаў

№ 40 (26904) 02.03.11 У рамках абмеркавання Нацыянальнай платформы бізнэсу Беларусі-2011 Уладзімір Карагін, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, правёў сустрэчы з прадпрымальнікамі і чыноўнікамі ў рэгіёнах: Магілёве, Віцебску, Маладзечне, Бабруйску, Рагачове, Жлобіне, Ашмянах, Гродне і Смалявічах. Перад гэтым праект платформы быў апублікаваны на 32 інтэрнэт-сайтах і, па словах Уладзіміра Карагіна, з ім азнаёміліся каля 450 тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў. Сёння ў бізнэс-цэнтры "Вікторыя" пройдзе ХІІ Асамблея дзелавых колаў, на якой плануецца канчаткова абмеркаваць Нацыянальную платформу бізнэсу Беларусі-2011. А пакуль Уладзімір Мікалаевіч падзяліўся з журналістамі тымі праблемамі, якія на сёння турбуюць бізнэсменаў у рэгіёнах:

 — Людзі хочуць выгаварыцца, хочуць паскардзіцца. Шмат прыходзіць лістоў, прычым ананімных — гэта кажа пра тое, што людзі баяцца выказвацца ў адкрытую, нават калі прадпрымальнік уносіць прапановы, ён стараецца схаваць назву сваёй кампаніі, сваё імя, — расказвае Уладзімір Карагін. — У жывых стасунках, у жывых дыскусіях выказваецца больш праблемных пытанняў, чым у пісьмовым выглядзе. Менавіта таму мы лічым вельмі важным весці жывое абмеркаванне вострых пытанняў з непасрэднымі ўдзельнікамі эканамічных працэсаў. Дарэчы, мы паказваем прыклад і ўраду — як трэба абмяркоўваць законапраекты: апублікуйце на сайтах, дайце час на прапановы, выступіце ў рэгіёнах краіны з праектам, збярыце праблемныя пытанні, прааналізуйце, перапрацуйце і гэтак далей. Механізм жывога дыялогу дазваляе сабраць усе крупінкі думак, ідэй, прапаноў — чым больш галоў прымае ўдзел у дыялогу, тым большы эканамічны і навуковы патэнцыял.
Цікава, што Нацыянальную платформу бізнэсу Беларусі-2011 дзелавая супольнасць абмяркоўвае не толькі паміж сабой. Уладзімір Мікалаевіч расказаў, што адно з першых абмеркаванняў платформы было ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце — і каля 70 прадстаўнікоў адміністрацый раёнаў прынялі вельмі актыўны ўдзел у абмеркаванні, выказвалі прапаноў не менш за прадпрымальнікаў.
Дык што ж хвалюе бізнэс у рэгіёнах? Як адзначыў Уладзімір Карагін, спектр гэтых пытанняў самы шырокі: індывідуальныя прадпрымальнікі скардзяцца, што з-за немагчымасці наймаць працаўнікоў яны не могуць нават на бальнічны схадзіць, малыя прадпрыемствы скардзяцца на збыткоўную статыстычную справаздачнасць, на кантрольныя органы, якія правяраюць толькі легальных прадпрымальнікаў, але пры гэтым мала звяртаюць увагі на так званы "шэры" і нелегальны бізнэс і гэтак далей. На некаторых пытаннях Уладзімір Мікалаевіч спыніўся больш падрабязна. У прыватнасці, на праблемах развіцця вытворчага бізнэсу:
Дзяржава ў апошняе дзесяцігоддзе пастаянна дэкларуе: сябры, займайцеся развіццём вытворчасці! Але, па сутнасці, вытворчыя прадпрыемствы нікому не патрэбныя — прадпрыемства застаецца сам-насам з праблемамі пошуку памяшкання, зямельнага ўчастка... Напрыклад, у Японіі 5,5 мільёна малых прадпрыемстваў абслугоўваюць 12 тысяч буйных, якія даюць заказы, фінансуюць распрацоўку. А ў нас, на жаль, вялікі разрыў паміж айчыннымі малымі і буйнымі прадпрыемствамі — апошнія хутчэй размесцяць заказы ў Расіі, чым закажуць у беларускага малога прадпрыемства, — сказаў Уладзімір Карагін.
Ён адзначыў, што ў нашай краіне не вядзецца прамысловай палітыкі і няма адпаведнага закона, а Міністэрства прамысловасці займалася толькі сваімі падведамаснымі прадпрыемствамі, што стварала няроўныя ўмовы для дробных прыватных суб'ектаў гаспадарання. Пры гэтым Уладзімір Карагін перакананы, што зараз Міністэрства прамысловасці павінна набыць новае значэнне: не столькі кіраваць падшэфнымі прадпрыемствамі, колькі ажыццяўляць прамысловую палітыку ў сваёй галіне. Але для гэтага неабходна выпрацаваць цэлую сістэму стымулюючых мер і прыбраць усе тыя бар'еры, якія замінаюць развіццю вытворчага прадпрымальніцтва.
Наступная праблема — гэта давядзенне выканкамамі паказчыкаў да прадпрымальнікаў нягледзячы на форму ўласнасці. Уладзімір Карагін раздаў журналістам копію дакумента (факса Віцебскага гарвыканкама), адпраўленага кіраўнікам прадпрыемстваў (па спісе). У гэтым факсе, падпісаным намеснікам старшыні гарвыканкама, напісана, каб былі прыняты дадатковыя меры па скарачэнні імпарту тавараў і паслуг (у адпаведнасці з прагнознымі параметрамі на 2011 год): "У выпадку набыцця ў 2011 годзе імпартнага абсталявання, сыравіны, камплектуючых распрацуйце комплекс мерапрыемстваў, рэалізацыя якіх дазволіць кампенсаваць аб'ёмы імпарту тавараў і паслуг. Прадугледзьце скарачэнне да мінімуму, аж да спынення, спажывецкага некрытычнага імпарту. Прадстаўце інфармацыю з указаннем прычын невыканання даведзенага задання па выніках студзеня 2011 года, праблемных пытанняў, у тым ліку і тых, якія патрабуюць садзейнічання дзяржорганаў, прапаноў па выкананні параметраў знешнеэканамічнай дзейнасці на 2011 год...". Уладзімір Карагін перакананы, што такія патрабаванні парушаюць патрабаванні Дырэктывы № 4:
Ідзе спроба кіравання прадпрыемствамі любой формы ўласнасці — нічым не дапамагаючы, працягваюць навязваць, колькі вырабляць, што вырабляць, куды прадаваць, дзе камплектуючыя браць і гэтак далей. Сёння чыноўнікі стараюцца даваць указанні па тэлефоне. Але бачыце, нам пашанцавала і ў рукі патрапіў дакумент з распараджэннямі — прадпрымальнікі на сустрэчы перадалі. Ці вось у гомельскай вобласці — ідзе абзвон магазінаў і даецца ўказанне каб 90% тавараў было вытворчасці Гомельскай вобласці, а інакш пагражаюць праверкамі, — расказаў Уладзімір Карагін і дадаў, што такія сігналы ідуць з усёй краіны.
Дарэчы, беларускіх прадпрымальнікаў турбуюць не толькі праблемы, якія тычацца непасрэдна іх бізнэсу: па словах Уладзіміра Карагіна, бізнэс турбуе і дэфіцыт плацежнага балансу, і знешнія запазычанасці краіны, і дэмаграфічная сітуацыя:
Ці турбуе гэта ўсё прадпрымальнікаў? Безумоўна, у першую чаргу. Бо яны плацяць падаткі і добра разумеюць, што з іх падаткаў фарміруецца бюджэт, з якога ідзе і падтрымка сацыяльнай сферы, і выплачваюцца запазычанасці. Узяць, напрыклад, дэмаграфічную праблему: у нас расце колькасць пенсіянераў і скарачаецца колькасць тых, хто працуе ў народнагаспадарчым комплексе. Калі груба казаць, то ў нас сёння на аднаго працаўніка 2 утрыманцы, і прадпрымальнікаў турбуе, што іх можа быць і тры. Вядома ж, можна глядзець толькі сабе пад ногі і не бачыць нічога далей за свой нос, але ў нас ёсць шмат адукаваных і разумных людзей, якія добра разумеюць, што эканамічнае асяроддзе, у якім дзейнічае фірма, вельмі залежыць і ад фактараў макраэканамічнай стабільнасці, ад фактараў фінансавага забеспячэння, бо мы ўсе жывём у гэтай краіне.
Павел Бераснеў.
 
Уладзімір Карагін падзяліўся назіраннямі, што ўсё менш і менш маладых людзей хочуць пачынаць сваю справу і станавіцца бізнэсменамі:
Калі раней ва аўдыторыях пыталі, хто хоча мець свой бізнэс, то 50—60% падымалі рукі. Зараз — максімум 10—15 гатовыя ўзяць на сябе цяжкасці бізнэсу. Чамусьці астатнія хочуць ісці ў кантрольныя органы, МУС, Мытны камітэт, урадавыя структуры, а не імкнуцца быць незалежнымі і весці сваю справу. Больш за тое, нават калі пачынаеш размаўляць з тымі, хто хоча пачынаць свой бізнэс, то аказваецца, што працэнтаў 70 з іх маюць вельмі абстрактнае ўяўленне пра гэта.
Як прызнаўся Уладзімір Карагін, ён і сам яшчэ не знайшоў адказу на такі парадокс, чаму пры правядзенні лібералізацыі і спрашчэнні ўмоў для вядзення бізнэсу моладзь усё менш хоча быць прадпрымальнікамі. Магчыма, яшчэ не так лёгка ў нашай краіне можна адкрыць сваю справу: існуюць вялікія рызыкі і страх, што яна не будзе паспяховай. У любым выпадку, праблема маладых бізнэсменаў, мяркуе Уладзімір Карагін, патрабуе дадатковага аналізу.
 
 
3 сакавіка 2011