Дзед Мароз Дзіцячага фонду наведае бальніцы

№ 251 (26858) 22.12.10 Да 10 студзеня працягнецца рэспубліканская дабрачынная акцыя Беларускага дзіцячага фонду "Нашы сэрцы — хворым дзецям". Ініцыятары акцыі перакананыя, што дзеці, якія засталіся без бацькоў, цяжка хварэюць, жывуць у нястачы або трапілі ў бальніцу ў час гэтых святочных дзён, не павінны застацца без падарункаў. Дарослым жа прадастаўляецца магчымасць рабіць добрыя справы.

Дзіцячы дом сямейнага тыпу Кундзікавых Маргарыты Уладзіміраўны і Сяргея Аляксеевіча з Клічава выхоўвае 32 дзіцяці — 4 сваіх і 28 прыёмных! З бацькамі зараз жывуць 16 дзяцей, астатнія вучацца або працуюць, а на выхадныя і святы прыязджаюць у вялікі цёплы дом са сваімі сем'ямі. Кожнае дзіця Кундзікавых навучаецца розным відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, таму Дзіцячы фонд і вырашыў падарыць творцам адпаведныя падарункі — прафесійныя, якасныя фарбы для розных відаў творчасці, пэндзлі, паперу, алоўкі і г.д.
На працягу некалькіх гадоў БДФ падтрымлівае і Наталлю Астаніну з Ліды. У сям'і Астаніных — трое дзяцей. Старэйшая, 15-гадовая Наталля можа перасоўвацца толькі на інваліднай калясцы, аднак, нягледзячы на фізічныя абмежаванні, яна займаецца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, а два гады таму пачала займацца бальнымі танцамі на інвалідных калясках. Наталля была пераможцам чэмпіянатаў Беларусі, прызёрам чэмпіянатаў у Маскве. Дзіцячы фонд дорыць дзяўчынцы каляску для спартыўных танцаў, каб яна дасягнула яшчэ большых вынікаў. На ўрачыстым адкрыцці акцыі сертыфікат на атрыманне каляскі Наталлі ўручыла васьміразовая чэмпіёнка свету па веласпорце на трэку, заслужаны майстар спорту Беларусі, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года ў Афінах Наталля Цылінская.
З гульнявымі, казачнымі праграмамі, цацкамі і салодкімі падарункамі разам з Дзедам Марозам і Снягуркай супрацоўнікі і валанцёры фонду наведаюць у калядна-навагоднія дні дзіцячыя аддзяленні бальніц. У сталіцы віншаванні атрымаюць звыш 2 тысяч дзяцей, якія знаходзяцца ў дзіцячым аддзяленні НДІ пульманалогіі і фтызіятрыі, дзіцячым кардыяхірургічным цэнтры РНПЦ "Кардыялогія", дзіцячым апёкавым аддзяленні бальніцы хуткай дапамогі, РНПЦ паталогіі слыху, голасу і маўлення, іншых дзіцячых аддзяленнях клінічных бальніц. Канцэрты, конкурсы, падарункі чакаюць і дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі, аперыраваных на сэрцы.
8 студзеня па традыцыі Епархіяльнае ўпраўленне Беларускай праваслаўнай царквы, Камітэт па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларускі дзіцячы фонд запросяць дзяцей-перасяленцаў з забруджаных тэрыторый і дзяцей-сірот, якія выхоўваюцца ў сямейных дзіцячых дамах краіны, на сустрэчу да Філарэта ў Кафедральны сабор, а таксама на навагодні паказ у Вялікі тэатр оперы і балета.
Да акцыі ўжо далучыліся ЗП "Цэптар Інтэрнацыянал", ЗП "Алвеста-М", ГА "Белая кветка", ЗП "Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь". Далучайцеся і вы. Тэлефон БДФ — 8 (017) 290 62 14.
Святлана Барысенка
 
23 снежня 2010