Размаўляеш па-беларуску? Будзь юрыдычна падкаваным!

№ 99 (26457) 02.06.09  Юрыдычную школу "Ведаем свае правы" адкрывае Мiнская гарадская арганiзацыя ГА "Таварыства беларускай мовы". Яна прызначана для тых грамадзян, якiя хочуць адстойваць сваё права паўнавартасна выкарыстоўваць у жыццi беларускую мову, але не ведаюць, як гэта рабiць граматна, у адпаведнасцi з дзейным заканадаўствам. Напрыклад, як дабiцца выхавання дзiцяцi ў беларускамоўных садку i школцы, цi як атрымаць адказ ад чыноўнiкаў па-беларуску.

Юрыдычная школа будзе складацца з двух этапаў — тэарэтычнага, на якiм юрысты раскажуць тонкасцi заканадаўства ў сферы рэгулявання моваў, i практычнага, на якiм будуць прааналiзаваныя жыццёвыя сiтуацыi парушэнняў права выкарыстоўваць беларускую мову. Там жа слухачоў курсаў навучаць, як правiльна пiсаць звароты, лiсты i скаргi ў абарону сваiх правоў. Напрыканцы арганiзатары плануюць правесцi "круглы стол" "Нашы прапановы па паляпшэннi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь адносна функцыянавання дзяржаўнай беларускай мовы". Першы занятак пройдзе сёння, 2 чэрвеня, а 19-й гадзiне на сядзiбе "Таварыства беларускай мовы" (Мiнск, вул. Румянцава,13). Усе семiнары i навучанне — цалкам бясплатныя. Не бяда, калi прапусцiце першы занятак — семiнары будуць праходзiць кожны аўторак (тэарэтычныя — да пачатку лiпеня, практычная — да верасня).
 

2 чэрвеня 2009