"Будзем жыць!"

№ 76(26943)28.04.11 ...Спявалі беларускія зоркі ў сталічным атэлі "Краўн Плаза" 26 красавіка — у Дзень памяці чарнобыльскай трагедыі. Спявалі для анкалагічна хворых дзяцей. Гэта была вельмі важная дабрачынная акцыя ў падтрымку маленькіх жыхароў, якія аказаліся ў страшэннай бядзе.

Дабрачынная акцыя з такой жыццясцвярджальнай назвай прайшла ў дзень 25-й гадавіны чарнобыльскай катастрофы па ініцыятыве і падтрымцы сталічнага атэля "Краўн Плаза". Адбыўся больш чым трохгадзінны канцэрт зорак эстрады для асаблівай катэгорыі беларускіх дзетак — пацыентаў Рэспубліканскага дзіцячага анкалагічна-гематалагічнага цэнтра. А таксама для дзяцей чарнобыльскіх ліквідатараў і сацыяльна неабароненых.
Мы хочам падтрымаць дзяцей у бядзе, даць ім надзею і падтрымаць іх сілы ў пераадоленні цяжкіх хвароб, — падзялілася Ірына Арыновіч — старшыня вядомай гуманітарнай асацыяцыі "Давер", якая таксама далучылася да арганізацыі прыгожага, вясёлага і вельмі важнага мерапрыемства.
  
Андрэй Хлястоў, Георгій Калдун і Альберт Скараход, гурты "Цвет алоэ", "Федэрацыя", "Світанак" і іншыя артысты пагадзіліся праспяваць для гэтых дзяцей, некаторыя з якіх прыехалі на свята (для іх гэта было сапраўднае свята) у марлевых павязках на тварах. У гэтыя хвіліны, адчувалася, што маленькія пацыенты анкалогіі забыліся пра свае пакуты. Для незвычайных гасцей прэстыжнага атэля быў падрыхтаваны багаты на вітаміны стол, смачны і карысны полудзень.
 
Асаблівасцю сустрэчы быў удзел і колішніх пацыентаў анкалогіі і гематалогіі, якія лячыліся і дзесяць, і пятнаццаць, і дваццаць гадоў таму і цалкам выздаравелі. Станоўчы прыклад вельмі важны. Маладыя мамы прывялі нават сваіх маленькіх дзетак.
 
Свет не без добрых людзей, і таму чарнобыльская праблема не забываецца, колькі б ні мінула дзесяцігоддзяў. Словы ўдзячнасці прамаўляліся і пасольству Італіі ў Беларусі, і сталічнаму клубу львоў "Лайнз клуб", якія таксама далучыліся да таго, каб акцыя "Будзем жыць" адбылася.
Анатоль Кляшчук.
 
 
1 траўня 2011