Бізнэс прапанаваў сваю праграму пераадолення крызісу

№95(26968)25.05.11Планшэты для міністраў і зямельныя сертыфікаты пенсіянерам

Адкрыты ліст з мерамі па пераадоленні крызісу ў сферы валютнага рэгулявання падпісалі і адправілі ва ўрад і Нацбанк кіраўнікі вядучых бізнэс-аб'яднанняў Беларусі — Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў, Беларускага саюза прадпрымальнікаў, Рэспубліканскага саюза наймальнікаў "БелСН", Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.
У лісце адзначаецца, што "нявызначанасць у пытаннях валютнага рэгулявання, якая зацягнулася, парушае вытворча-гаспадарчую дзейнасць і падрывае дзелавую рэпутацыю ўжо не толькі асобных суб'ектаў гаспадарання, але практычна ўсіх галін эканомікі краіны ў цэлым", што "ўсё гэта правакуе павелічэнне выдаткаў на прадукцыю (работы, паслугі), што прыводзіць да росту цэн на ўсіх таварных рынках, адбіваецца на даходах працоўных, усіх грамадзян", а таксама што такая нявызначанасць "узмацняе пагрозу эканамічнай бяспекі краіны".
У сувязі з гэтым бізнэс-асацыяцыі прапануюць кіраўніцтву краіны 16 пунктаў з мерамі, якія, на думку прадстаўнікоў беларускага бізнэсу, дапамогуць пераадолець крызіс у сферы валютнага рэгулявання, а таксама зробяць мінімальнымі яго наступствы для эканомікі і насельніцтва. Цікава, што прадпрымальнікі як у ваду глядзелі — першы пункт гучыць як "Неадкладна вызначыцца і прыняць меры па дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў мэтах умацавання яе стабільнасці". Як бачым, гэты пункт аказаўся выкананым практычна ў момант падпісання ліста — з 24 мая Нацбанк ужо усталяваў новыя курсы валют.
У наступныя пятнаццаць пунктаў уваходзяць і прапановы прыняць дакладную праграму жорсткай эканоміі, ажыццявіць рэальныя меры па прыцягненні і павышэнні эканамічнай эфектыўнасці інвестыцый, паскорыць правядзенне экспертызы дзяржпраграм, зрабіць крокі па прыцягненні знешніх запазычанняў, дакладна вызначыць і неадкладна ажыццявіць канкрэтныя крокі і меры па рэфармаванні ў эканоміцы, вызначыць меры для стымулявання грамадзян і арганізацый да назапашванняў у нацыянальнай валюце, зняць усе адміністрацыйныя абмежаванні на продаж айчынных тавараў прадпрымальнікам для вывазу на экспарт, узмоцніць кантроль за сферай дзяржзакупак і іншыя
Самай апошняй ідзе прапанова з прыцягненнем спецыялістаў Парка высокіх тэхналогій тэрмінова стварыць сітуацыйны (які дзейнічае ў рэжыме рэальнага часу) электронны планшэт для кіраўніцтва і галоўных эканамічных ведамстваў краіны, каб яны бачылі рэальную інфармацыю і кароткатэрміновы прагноз па сальда даходнай і расходнай частак бюджэту і прымалі аператыўныя рашэнні і своечасовыя меры па іх карэкціроўках у мэтах жорсткага балансу расходаў краіны, галін эканомікі і рэгіёнаў з даходамі.
Пра тое, якім атрымаўся першы крок і што трэба рабіць далей, мы пацікавіліся ў старшыні ГА "МССПіП" Уладзіміра Карагіна:
Дэвальвацыя — гэта першы крок, але далёка не ўвесь пакет мер, якія трэба зрабіць. Бо калі правесці толькі дэвальвацыю і пакінуць усё як ёсць, то праз паўгода ці праз 8 месяцаў прыйдзецца яшчэ адну дэвальвацыю праводзіць. Без поўнага пакета мер па мадэрнізацыі эканомікі, змянення метадаў кіравання нічога не будзе. Таму цяпер як ніколі актуальныя нашы прапановы, сфармуляваныя ў Нацыянальнай платформе бізнэсу Беларусі — яны набываюць яшчэ большую актуальнасць і значнасць. І толькі робячы стаўку на развіццё прадпрымальніцтва і ініцыятывы, а таксама прыняўшы іншыя меры ў комплексе, можна дасягнуць эфекту.
Уладзімір Карагін мяркуе, што перш за ўсё трэба ліквідаваць прычыны, якія прывялі нас да валютнага крызісу — адмоўнае гандлёвае сальда, дыспрапорцыі на спажывецкім рынку рэспублікі:
Трэба ліквідаваць гэтыя карэнныя прычыны, бо інакш ўсё будзе працягвацца па-ранейшаму. Краіне патрэбны эфектыўны і адказны ўласнік, таму трэба не прадаваць маёмасць нейкаму замежнаму далёкаму ўладальніку, а рабіць стаўку на ўласных прадпрымальнікаў. Зрабіць гэта можна праз перадачу ў давернае кіраванне прадпрыемстваў, якія неэфектыўна працуюць, з наступным выкупам гэтых прадпрыемстваў з часткі іх прыбытку. Бо інакш у нас не будзе беларускіх уласнікаў прадпрыемстваў. Гэта магістральны шлях, на які сёння пакуль не могуць асмеліцца. А зараз якраз самы час абаперціся на эфектыўнага ўласніка. Дарэчы, калі мы вывучалі прычыны дэфіцыту гандлёвага балансу, то мы ўбачылі, што ў геаметрычнай прагрэсіі вырастаў прамежкавы імпарт у першую чаргу на дзяржпрадпрыемствах. Чаму? Бо гэта не ўласнікі, гэта наёмныя менеджары, якія хочуць да зарплаты яшчэ дадаць суму адкатаў і розных бонусаў ад замежных рэгуліроўшчыкаў.
Таксама Уладзімір Мікалаевіч перакананы, што дзяржава мусіць кампенсаваць насельніцтву страты ад праведзенай дэвальвацыі:
Народ у шоку зараз — мне знаёмыя пенсіянеры тэлефануюць і пытаюць: "А што, наша пенсія фактычна ў два разы па пакупніцкай здольнасці ўпала?". Таму цяпер ніяк нельга абысціся без механізму кампенсацыі. Мы лічым, што зараз неабходна ўвесці такое паняцце, як "зямельны сертыфікат" — і ўклады ў банках, і пенсіі надзяліць пэўным вартасным напаўненнем. Мы вельмі багатыя зямлёй, таму трэба запусціць у абарачэнне не паветра, а рэальны актыў, які сёння ляжыць мёртвым грузам. Гэта і маральна, і матэрыяльна кампенсуе людзям страты, яны зразумеюць, што дзяржава клапоціцца пра іх. Трэба зрабіць, каб гэтыя каштоўныя паперы можна было і захоўваць у банку, і прадаваць — нешта накшталт чэкаў "Маёмасць". Гэта ўзмоцніць і рынак каштоўных папер, і створыць кампенсацыйны механізм — нельга ж спачатку залезці людзям у кішэню, а потым нічога не даць узамен.
Сваю думку на гэты конт "Звяздзе" выказаў і Аляксандр Швец старшыня РГА "БНПА":
Я мяркую, што Нацыянальнаму банку як рэгулятару ў валютнай сферы, трэба пачаць рэгуляваць. І тое, што ён пачаў рэгуляваць, падымаючы курс, — гэта толькі пачатковы крок. Каб прывесці валютны рынак у працоўны стан, трэба яшчэ цэлы шэраг крокаў, зрабіць якія мы (з нашага пункту гледжання) і агучылі ў адкрытым лісце.
Мы лічым, што ўтрымліваць рэальны курс на ўзроўні 4930 без валютнай інтэрвенцыі з боку рэгулятара Нацыянальнаму банку будзе вельмі цяжка. Бо я не думаю, што ў экспарцёраў, якія прадавалі валюту па курсе 7000-8700, з'явіцца жаданне прадаваць яе па 5 тысяч. Таму я мяркую, што экспарцёры будуць утрымліваць валюту, і нам будзе вельмі цяжка забяспечыць адэкватную прапанову валюты, якая б адпавядала попыту.
Наконт магчымай рэакцыі на адкрыты ліст Аляксандр Швец сказаў, што ніякіх асаблівых ілюзій бізнэс не мае, але лічыць патрэбным выказацца:
Ілюзій наконт таго, што адразу пачнуць прыслухоўвацца да нас, мы не маем, але лічым сваім доўгам выказаць экспертную пазіцыю БНПА, бо ў склад нашай асацыяцыі ўваходзяць вельмі паважаныя людзі. Наша грамадзянская пазіцыя — рабіць свае прапановы, якія носяць абсалютна сяброўскі і канструктыўны характар.
Павел Бераснеў.
26 траўня 2011