Жарсці па будынку

№ 44 (26908) 10.03.11 У Мінгарвыканкаме хочуць пазбавіць Саюз мастакоў галоўнай экспазіцыйнай пляцоўкі
Вялізны будынак у цэнтры Мінска (ст. м. "Плошча Перамогі") з высакароднай назвай "Палац мастацтва" ўсе здавён ведаюць як уласнасць і законную тэрыторыю Саюза мастакоў. Шматлікія значныя выставы — ад такіх андэграўндных, як "Дах", да тэматычных "65 год Перамогі" і дзяржаўных культурных акцый "Зямля пад белымі крыламі" — часта праходзяць тут. Разам з тым, Саюз мастакоў здае гэтую плошчу ў часовую арэнду пад правядзенне, напрыклад, разнастайных святочных кірмашоў, каб было на якія сродкі ўтрымліваць Палац мастацтва. Мастацкая галерэя ў цэнтры сталіцы проста неабходная, як сведчанне цывілізаванасці краіны і рэпрэзентацыя для турыстаў ды і нас саміх нашага ж культурнага багацця. Але сёлета 22 лютага старшыні Саюза мастакоў Уладзіміру Савічу прыйшоў ліст з Мінгарвыканкама:
"З мэтай правесці рэканструкцыю будынка спецыялізаванага культурна-асветніцкага і відовішчнага прызначэння па адрасе вул. Казлова, 3 Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт прапаноўвае ГА "Беларускі саюз мастакоў" прыняць рашэнне пра бязвыплатную перадачу вышэйназванага будынка ў камунальную ўласнасць г. Мінска".
Вялікі будынак у цэнтры сталіцы, вядома, прывабны кавалак. Але з чаго раптам у Мінгарвыканкаме выказалі такую абыякавасць да выставачнага лёсу выяўленчага мастацтва ў Мінску? Мы паспрабавалі разабрацца.
Мой дом — мая крэпасць

Упершыню пытанне пра лёс Палаца мастацтва паўстала ў мінулым годзе, калі зайшла размова пра рэканструкцыю будынка Палаца. На думку Мінгарвыканкама будынак выкарыстоўваецца неэфектыўна.
Цяпер, па сутнасці, у Саюза мастакоў хочуць забраць гэты будынак. Толькі вось словы пра "рэканструкцыю" і "неэфектыўнасць" гучаць надта ўжо непраўдападобна.
Па-першае, як Мінгарвыканкам можа казаць пра неэфектыўнасць выкарыстання будынка, калі за апошнія гады (я кірую Саюзам мастакоў амаль 4 гады) ні старшыня, ні начальнік упраўлення аддзела культуры Мінгарвыканкама не былі ні на адной выставе, што ладзілася ў Палацы мастацтва, — распавядае Уладзімір Савіч. — У нас часта бываюць прадстаўнікі іншых дзяржаўных структур, напрыклад, міністр замежных спраў, міністр культуры, але прадстаўнікоў Мінгарвыканкама я нешта не прыгадваю. Па-другое, наш будынак не знаходзіцца ў такім крытычным аварыйным стане, калі яму патрэбная тэрміновая рэканструкцыя. Мала таго, усе неабходныя дакументы на карыстанне будынкам, у тым ліку і дазвол да 2014 года ад МНС, у нас у наяўнасці. Да таго ж мы і самі пачалі спакваля рабіць рамонт унутры Палаца. За 2009 — 2010 гг. былі праведзены рамонтныя работы на суму 930 млн бел. руб., што ў 78 разоў больш, чым у 2006—2008 гг. Рамонт унутры працягваецца, а з пацяпленнем мы плануем перайсці да вонкавага рамонту.
Саюз мастакоў рашуча настроены абараняць свае правы і захаваць сваю законную ўласнасць за сабой. Тым больш, што вялікіх выставачных пляцовак, якія б былі прыдатныя для маштабных мастацкіх праектаў, у Беларусі і так нестае. А Палац мастацтва, пабудаваны ў 1973 годзе на грошы Саюза мастакоў і Мастацкага фонду СССР (пра што СМ мае адпаведныя дакументы), складаецца з трох вялікіх выставачных залаў: жывапісу (1450 кв. м.), графікі (670 кв. м.), дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (500 кв. м.). Акрамя таго, мае вестыбюль з антрэсолямі (745 кв. м.), канферэнц-залу (больш за 200 месцаў) і ўтульны ўнутраны дворык, дзе часта ладзяцца разнастайныя перформансы і чытанні на свежым паветры.
Мне, як кіраўніку Саюза мастакоў, не зразумела, чаму наогул узнікла такая сітуацыя, — распавядае Уладзімір Савіч,Будынак Палаца мастацтва — гэта не проста будынак. Гэта культурная "мека" краіны. На нашы выставы ахвотна прыязджаюць людзі з усёй Беларусі і нават з іншых краін. А калі будынак у нас незаконна хочуць забраць, то паўстае пытанне: ці патрэбна наогул Мінгарвыканкаму культура? Ёсць закон, паводле якога Палац мастацтва — наша ўласнасць. Закон — не пусты гук. А раз так, мы будзем абараняць свае правы. Цягам бліжэйшых дзён мы дадзім адказ Мінгарвыканкаму, у якім будуць прыведзены ўсе нашы аргументы. А распараджацца маёмасцю творчага саюза, паводле нашага статута, зацверджанага Мінюстам, можа толькі Рада альбо з'езд арганізацыі, а не адзін старшыня. Калі дзяржава не цікавіцца выяўленчым мастацтвам, то гэта сведчанне вялікага крызісу. Палац мастацтва — гэта будынак, за кошт якога выжывае Саюз мастакоў. Між іншым, мы не маем ніякіх запазычанасцяў перад дзяржавай. Без Палаца мастацтва — закрывай Саюз мастакоў і гавары: "Такой арганізацыі няма!"
Сітуацыя, якая склалася вакол Палаца мастацтва, турбуе многіх творчых людзей краіны. Але на сёння мы агучылі пазіцыю толькі аднаго боку — Саюза мастакоў. На жаль, атрымаць каментарый у Мінгарвыканкаме пакуль не ўдалося. Спадзяёмся на справядлівае рашэнне праблемы і ў хуткім часе вернемся да гэтай тэмы.
Вольга Чайкоўская.

11 сакавіка 2011