Каля 40 тысяч птушак маразоў не баяцца

46(26910)12.03.11 Днямі былі падведзены вынікі зімовага ўліку птушак, які быў арганізаваны ў першы месяц года. Як адзначылі рэдакцыі ў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны", спецыялістамі і аматарамі прыроды ў Беларусі было зафіксавана ў гэты час 58 відаў крылатых.

Сярод рэдкіх ці занесеных у Чырвоную кнігу РБ птушак сёлета былі заўважаны ў нас арлан-белахвост, звычайная пустальга, зялёны і трохпальцавы дзятлы, жаўрук-смяцюк і белая сініца. Шмат хто з назіральнікаў бачыў шызага голуба, палявога і дамавога вераб'ёў, грака, вялікую сініцу, каўку і шэрую варону. Сёлета стала больш зімаваць у нашай краіне амялушак, сініц-апалоўнікаў, снегіроў, звычайных стрынатак і нават чорных драздоў. Увогуле ў акцыі па зімовых уліках сёлета ўдзельнічала 1459 чалавек, якія налічылі 39882 птушкі.
Цяпер на дварэ ўжо вясна і птушак у нашай краіне робіцца ўсё болей, аднак... Уначы яшчэ даволі холадна, а харчавацца крылатым пакуль няма чым. Спецыялісты АПБ рэкамендуюць працягваць дапамагаць птушкам у гэты цяжкі час. Трэба абнавіць корм у кармушках. Крыху семак сланечніку, розныя дробныя крупы, маленькія кавалачкі несалёнага сала. У заакрамах прадаецца спецыяльная сумесь для птушак, порцыя якой каштуе 3—5 тысяч рублёў. Для нас такія грошы, па сутнасці, дробязь, а слабым крылатым наша падтрымка захавае жыццё.
Сяргей Куркач.
 
14 сакавіка 2011