"Быў. Ёсць. Буду"

№155(27019) 17.08.22 У Ракаве на бацькоўскім доме доктара філалагічных навук, прафесара Вячаслава Рагойшы адкрыта мемарыяльная шыльда ў гонар слыннага беларускага пісьменніка, аднаго з самых таленавітых майстроў літаратуры Уладзіміра Караткевіча, жыццёвы і творчы лёс якога шчыльна звязаны з Ракавам і Валожынскім раёнам. Шыльда зроблена на грамадскіх пачатках народным мастаком Беларусі Іванам Міско па ініцыятыве і за матэрыяльныя зберажэнні самога Вячаслава Пятровіча.

На адкрыцці выставы, якое вёў начальнік аддзела культуры Валожынскага райвыканкама В.М. Адамовіч, выступілі намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага савета па культуры і мастацтве пры Савеце Міністраў Беларусі Анатоль Бутэвіч, старшыня Ракаўскага сельвыканкама Аляксандр Мякінка, старшыня Беларускага фонду культуры, галоўны рэдактар "Краязнаўчай газеты" Уладзімір Гілеп, родная пляменніца Караткевіча, захавальніца мемарыяльнага пакоя пісьменніка ў яго мінскай кватэры Алена Сінькевіч, вядомы паэт, галоўны рэдактар радыёстанцыі "Беларусь" Навум Гальпяровіч, паэтэса, галоўны рэдактар часопіса "Маладосць" Таццяна Сівец, аўтар мемарыяльнай шыльды Іван Міско і, вядома ж, гаспадар сядзібы і ініцыятар гэтай падзеі Вячаслаў Рагойша. На адкрыцці прысутнічалі іншыя вядомыя творцы і навукоўцы, прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, а таксама работнікі культуры раёна, настаўнікі і вучні Ракаўскай сярэдняй школы. Усялякую добрую справу ў нас традыцыйна асвячаюць. Вось і адкрыццё названай шыльды асвяціў святар Ракаўскай царквы. 
Арганічным працягам гэтага мерапрыемства стала літаратурна-мастацкае свята "Быў. Ёсць. Буду" ў Ракаўскім цэнтры культуры і вольнага часу, падрыхтаванае народным літаратурна-мастацкім аб'яднаннем "Рунь".
Валянціна Верына.
 
19 жніўня 2011