Як і сто гадоў таму — каб не прапасці ў агні

№ 6 (26870) 13.01.11 Аказваецца, так званаму Вольнаму пажарнаму таварыству ў Брэсце больш за сто гадоў. У ХІХ стагоддзі горад моцна цярпеў ад пажараў. Найбольш жорсткія і ахвярныя з іх здараліся ў 1802, 1822, 1828, 1835 гадах. Не пакінула гэтая навала горад і пазней. І вось у 1897 годзе кіраўніцтва горада заснавала названае вышэй таварыства. Мецэнаты ахвяроўвалі сродкі, гараджане арганізоўвалі пажарныя каманды.

Традыцыя дажыла да нашых дзён. Сваё ўвасабленне яна мае ў цяперашнім рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднанні "Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства". Цяпер гэта, вядома, іншая арганізацыя, чым была стагоддзе таму. Яна мае свае прадпрыемствы, вытворчасцю разнастайнага супрацьпажарнага абсталявання і іншых тавараў зарабляе грошы. Але галоўная мэта аб'яднання, як і сто гадоў таму — навучаць людзей бяспецы, дапамагаць захоўваць меры прафілактыкі.
Нядаўна на канферэнцыі быў абраны новы старшыня савета Брэсцкай абласной арганізацыі Ігар Аўсянік. Ігар Анатольевіч шмат гадоў праслужыў у сістэме МНС, мае вопыт работы ў гарадскім Савеце дэпутатаў. Таму яго кандыдатуру таварышы па арганізацыі падтрымалі амаль аднадушна. Удзельнікі сходу абмяняліся думкамі наконт паляпшэння сваёй работы і шляхоў развіцця арганізацыі.
 
Валерый Астапаў, старшыня Рэспубліканскага савета добраахвотнага пажарнага таварыства сказаў, што дзяржаўна-грамадская арганізацыя не карыстаецца ніякімі датацыямі з бюджэту:
Што можам, тое і зарабляем. Хоць ва ўмовах рынку пры жорсткай канкурэнцыі годна выглядаць у эканамічным плане робіцца ўсё больш складана, лічым сваім абавязкам кожны год не менш за 10-15% ад прыбытку накіроўваць на арганізацыю прафілактычных мерапрыемстваў. Актывісты БДПТ не толькі праводзяць прапагандысцкія і асветніцкія мерапрыемствы, але і аказваюць шэраг адпаведных паслуг насельніцтву, устанаўліваюць пажарныя апавяшчальнікі ў якасці дапамогі ветэранам вайны, састарэлым, адзінокім людзям, шматдзетным сем'ям.
Новы старшыня абласнога савета Ігар Аўсянік акрэсліў свае бліжэйшыя планы так:
Найперш трэба ўмацаваць структуры нашага таварыства ў кожным раёне. А потым працаваць з канкрэтнымі камандамі прадпрыемства, сельсавета, СВК. Трэба, каб добраахвотных пажарных каманд было як мага больш. Людзі, якія ўваходзяць у гэтыя фарміраванні, як правіла, годна паводзяць сябе ў экстрэмальнай сітуацыі. Сёння мы можам ганарыцца ўчынкам нашага актывіста, лесніка Гарадзішчанскага лясніцтва Баранавіцкага лясгаса Мікалая Сташэўскага. Ён бясстрашна ўвайшоў у палаючы дом аднавяскоўца і выцягнуў з пажару гаспадара. А зусім нядаўна, у снежні мінулага года, добраахвотнікі СВК "Рубельскі" Столінскага раёна выратавалі у начным пажары адразу двух чалавек.
Начальнік Брэсцкага абласнога МНС Канстанцін Шаршуновіч выказаў сваю пашану арганізацыі, якая праводзіць вялікую работу па прафілактыцы пажараў і навучанню насельніцтва азам бяспечных паводзін у сваім штодзённым жыцці.
Святлана Яскевіч
 
14 студзеня 2011