Хочаш стаць валанцёрам?

№ 20 (26884) 02.02.11 Праца зрабіла некалі з малпы чалавека. Адсюль выснова: праца — гэта самы каштоўны скарб чалавецтва. Асабліва, калі яна прыносіць карысць. Таму валанцёрства — вельмі ганаровы занятак. І ён добра падыходзіць для маладых, сумленных, мэтанакіраваных, працавітых хлопцаў і дзяўчат. Менавіта такіх чакаюць у "Лізе добраахвотнай працы моладзі".

Што ёсць Ліга?
 
Гэта Рэспубліканская моладзевая грамадская арганізацыя, заснаваная ў 1994 годзе. З'яўляецца членам Каардынацыйнага камітэта Міжнародных арганізацый добраахвотнай працы (ССІVS) і Альянса еўрапейскіх арганізацый добраахвотнай працы. Мае партнёраў больш як у 35 краінах свету. У праектах Лігі штогод прымаюць удзел больш як 5000 чалавек.
 
Валанцёрскія праграмы
 
"Можна сказаць, што ў нас дзве асноўныя вялікія праграмы: студэнцкі педагагічны атрад "Rеsпубліка" і Міжнародныя валанцёрскія лагеры. Першая дае магчымасць папрацаваць у складзе атрада ў якасці важатага, выхавальніка, арганізатара культурна-масавых мерапрыемстваў у дзіцячым аздараўленчым лагеры. Ужо зараз праходзіць набор пачаткоўцаў (працягвацца ён будзе да 1 лютага), каб да красавіка яны былі падрыхтаваны. Плануецца адправіць каля 600 чалавек. Другая складаецца з некалькіх праектаў: ёсць кароткатэрміновыя праграмы (на два-тры тыдні), сярэднетэрміновыя (на месяц у Францыю) і доўгатэрміновыя (гадавы праект у Германіі)", — расказвае Вольга Шмігельская, старшыня праўлення Лігі. Усе гэтыя праграмы — летнія. Зімовыя — нямэтазгодныя, бо ў нас няма канкрэтна вызначаных для ўсіх універсітэтаў канікулаў.
"Галоўнае патрабаванне да валанцёраў — узрост ад 18 гадоў і веданне замежных моў для міжнародных праграм, — запэўнівае Вольга. — Да таго яшчэ патрэбна правільная матывацыя: каб чалавек, напрыклад, разумеў, што ён не адпачываць едзе, а працаваць. Давядзецца напружвацца, стамляцца. Але галоўны набытак пасля гэтага — новыя ўражанні і шмат сяброў, бо зарабіць таксама асабліва не атрымаецца: грошы хоць і плацяць, але вельмі невялікія". Дарэчы, праезд трэба аплачваць таксама самому валанцёру (выключэнне: сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя праекты). А вось ежа і пражыванне аплачваюцца (толькі не разлічвайце на асаблівы шык). 
яшчэ: хлопцаў-валанцёраў менш, чым дзяўчат. Таму, хлопцы, актыўней, не адставайце ад дзяўчат!.
 
Акадэмія важацкага майстэрства
 
Гэта "навучальная ўстанова", якая дзейнічае ў Лізе. Там навучаюць тым рэчам, якія могуць потым спатрэбіцца пры працы ў лагеры. Адукацыя складаецца з трох ступеняў: школа важатых (для пачаткоўцаў), Fаnсу-студыі (розныя гульні і "рамёствы"), майстар-класы (сакрэты майстэрства ад старэйшых калег).
Якога кшталту бываюць валанцёрскія лагеры?
Тут мы маем, так скажам, поўны асартымент:
 сацыяльныя (праца з дзецьмі, інвалідамі і састарэлымі людзьмі);
 экалагічныя (высадка дрэў, кветак, уборка смецця і інш.);
 рэстаўрацыйныя (напрыклад, пафарбаваць сцены ў якімсьці памяшканні);
 музычныя/тэатральныя (аматарскія, але шмат крэатыву).
 
З першых вуснаў
 
Студэнтка 5 курса лінгвістычнага ўніверсітэта Алена Сырамятнікава ўжо некалькі разоў прымала ўдзел у праграмах Лігі. Яна вельмі хацела пабываць у Францыі і здзейсніла сваю мару дзякуючы менавіта Лізе. "Увогуле мне вельмі падабаецца атмасфера ў гэтай арганізацыі. Я цяпер у школе важатых "выкладаю". Навучанне ідзе па прынцыпе: "Роўны навучае роўнага". Там заўсёды так. І калі ў чалавека ёсць жаданне, то там яму дапамогуць знайсці ў сабе тое, што ён зможа аддаць у якасці валанцёра".
Р.S.
Калі ты захацеў стаць валанцёрам, заходзь на сайт Лігі http://lyvs.bn.by/ . Там ты знойдзеш больш падрабязную інфармацыю. Набор на некаторыя праекты ўжо ідзе.
Уладзіслаў Кулецкі.
 
 
3 лютага 2011