"Мы не згубіліся ў свеце!" - Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў — 20 гадоў

№ 126 (26990) 07.07.11 Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ) — гэта грамадскае аб'яднанне навуковага і культурна-асветніцкага напрамкаў дзейнасці, якое яднае даследчыкаў у галіне сацыяльных і гуманітарных навук, выкладчыкаў, дзеячаў культуры і асветы, перакладчыкаў розных краін свету, што даследуюць культурна-гістарычную спадчыну і сучаснае развіццё беларускага народа і іншых народаў Беларусі, спрыяюць пашырэнню і папулярызацыі ведаў пра Беларусь, садзейнічаюць узаемадзеянню беларускага народа з іншымі народамі. Створана МАБ у 1991 г. на ўстаноўчым сходзе ў Мінску. Пра яе набыткі, штодзённыя клопаты і планы на будучыню наша гутарка са старшынёй камітэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў доктарам гістарычных навук, прафесарам, акадэмікам НАН Беларусі, сапраўдным членам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Міхаілам Паўлавічам Касцюком.

 
Міхаіл Паўлавіч, найперш прыміце шчырыя віншаванні з нагоды юбілею і пажаданні плёну ў вашай такой патрэбнай працы. 20 гадоў — гэта ўзрост росквіту яшчэ маладых і адначасова дастаткова сталых стваральных сіл. Калі ўзважыць, што зроблена ГА "МАБ" за гэты час?
За гады свайго існавання асацыяцыя правяла, па-першае, вялікую працу па яднанні тых даследчыкаў у Беларусі, замежных краінах, якія вывучаюць культурную спадчыну беларусаў. У нас даволі трывалыя навуковыя кантакты з многімі даследчыкамі з замежных краін. У першую чаргу з Расіі, Украіны, Польшчы, затым Аўстрыі, Англіі, Канады, нават Аўстраліі, Японіі і г.д. Свежы прыклад: у канцы мінулага года група нашых актывістаў выязджала ў Польшчу на канферэнцыю па культурных узаемасувязях беларускага і польскага народаў, а нядаўна, 28—29 чэрвеня, польскія калегі былі ў нас з візітам у адказ. Плануем выдаць матэрыялы канферэнцыі. Сябраў арганізацыі шмат, аб чым засведчылі і тыя кангрэсы, якія праходзяць праз кожныя 5 гадоў. Чарговы, пяты, кангрэс беларусістаў адбыўся год таму. Зараз у камітэце каля 35 чалавек, з Беларусі і замежжа, а сама асацыяцыя налічвае не адну сотню — амаль 600 чалавек. Дарэчы, у нас ёсць і такія фарміраванні, якія выконваюць пэўную аўтаномную ролю, але ў межах асацыяцыі. Напрыклад, Цэнтр праўна-гістарычных даследаванняў пры асацыяцыі беларусістаў у Мінску. Важную ролю для аператыўных кантактаў з замежнымі калегамі выконвае наш сайт, дзе мы змяшчаем адпаведную інфармацыю і атрымоўваем інфармацыю з-за мяжы.
Наогул, мы маем багатую базу звестак па беларусістыцы і пра беларусістаў свету. І гэта неабходна, таму што беларусы ў шмат якіх адносінах з'явіліся донарамі для іншых краін. Гэта асабліва характэрна для ХІХ стагоддзя, калі пасля паўстанняў, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі, значная колькасць перадавых людзей вымушана была эмігрыраваць, ратуючыся ад рэпрэсій, ад Сібіры, ад ссылак і г.д. І нашы землякі ў шмат якіх краінах пакінулі добры след: шырока вядомае імя Ігната Дамейкі, ураджэнца Карэліччыны, які ў Чылі быў рэктарам універсітэта, Зыгмунта Мінейкі, ураджэнца Ашмяншчыны, які праз Еўропу апынуўся ў Грэцыі і там праявіў сябе як археолаг і па іншых напрамках, быў выбраны ганаровым грамадзянінам Грэцыі і г.д. Таму дзейнасць беларусаў за мяжой таксама знаходзіцца і павінна знаходзіцца ў полі зроку беларусістаў. Тут шмат што вядома, але ж навуковы пошук заўсёды не абмежаваны ні па часе, ні па змесце.
Звычайна бяром актыўны ўдзел ва ўсіх значных міжнародных мерапрыемствах, што тычацца беларускай мовы, літаратуры, гісторыі, мастацтва. Напрыклад, істотна спрычыніліся да 500-годдзя Ф. Скарыны — спачатку ў Варшаве і Беластоку, Мінску і Полацку, Вільнюсе і Нью-Ёрку, Празе і Падуі. Да 200-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча нашы гісторыкі, літаратары і мовазнаўцы разам з польскім бокам ладзілі адпаведныя мерапрыемствы. МАБ удзельнічала ў адкрыцці помніка А. Міцкевічу ў Навагрудку, у аднаўленні яго сядзібы там. Спрычыніліся мы і да 150-годдзя Магдалены Радзівіл. (Дарэчы, усё, што звязана з унёскам у культуру магнацкіх родаў, гэта ў апошнія два дзясяткі гадоў актыўна вывучаецца, што, несумненна, вельмі правільна. Варта нагадаць, што ў канцы 80-х гадоў у акадэмічным Інстытуце гісторыі было падрыхтавана даследаванне па культуры магнацкіх родаў Беларусі. Аўтар — Георгій Галенчанка, доктар гістарычных навук, вядомы спецыяліст па культуры сярэднявечча, па асобе Скарыны, кнігадрукаванні. Аднак ужо ў 2-ой карэктуры выданне было спынена, зыходзячы з тагачасных ідэалагічных меркаванняў.)
За час дзейнасці МАБ праведзена шмат міжнародных навуковых канферэнцый, сімпозіумаў, "круглых сталоў", матэрыялы якіх надрукаваны ў 30 выпусках нашага серыйнага выдання "Беларусіка=Аlbаruthеnіса". Попыт на гэтыя кнігі актыўны і ў Беларусі, і за мяжой. Па-за рамкамі серыі "Беларусіка-Аlbаruthеnіса" ГА "МАБ" сумесна з іншымі арганізацыямі і ўстановамі выдадзены "Асtа Аlbаruthеnіса: Навуковы зборнік" М. Хаўстовіча, А. Баршчэўскага,
С. Запрудскага; "Ежы Гедройц і Беларусь" пад рэдакцыяй А. Мальдзіса; анталогія "Тысяча гадоў нашага добрасуседства" (з Пасольствам Літвы ў Беларусі), англамоўны і беларускамоўны варыянты манаграфіі швейцарскага беларусіста Поля Шустэра пра беларускіх татараў і іх аль-кітабы.
У 1996—2002 гг. МАБ выдавала штомесячны інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь "Кантакты і дыялогі" (выйшлі 82 нумары). У 2000 г. два нумары бюлетэня (першы з іх здвоены) выйшлі на англійскай мове. З сакавіка 2003  г. "Кантакты і дыялогі" ў выглядзе асобных старонак друкуюцца ў газеце "Голас Радзімы", а рыхтуе іх доктар філалагічных навук прафесар Адам Мальдзіс, які 15 гадоў узначальваў ГА "МАБ", цяпер ён ганаровы старшыня камітэта.
— А чым заняты дзень сённяшні і якія планы, надзеі на будучыню?
— Амаль гатовы да друку матэрыялы апошняга кангрэса беларусістаў. Мы вырашылі выдаць іх у трох кнігах: адна прысвечана мовазнаўству, другая — літаратуразнаўству, як традыцыйна склалася ў арганізацыі, а трэцяя будзе называцца "Культуралогія", куды ўвойдзе этналогія і іншыя пытанні, якія ахопліваюцца гэтым напрамкам.
Сярод надзённых задач і стварэнне сваёй бібліятэчкі, і нават, я сказаў бы, бібліятэкі. Паколькі ў нас такія значныя кантакты, кожны сябра МАБ за мяжой, гэта стала традыцыяй і добрым правілам, дасылае па экзэмпляры сваіх кніг або публікацый па беларусістыцы, якія з'яўляюцца ў яго краіне. Некаторых з іх няма нават у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Такіх выданняў сабралася ўжо багата, плюс нашы выданні, таму мы фактычна скамплектавалі ўнікальную бібліятэку МАБ, што знаходзіцца ў Белдзяржуніверсітэце, на базе якога, у першую чаргу, асацыяцыя цяпер і працуе. Але пакуль што карыстальнікі бібліятэкі — толькі вузкае кола навукоўцаў.
Яшчэ адзін важны напрамак, які мы прапрацоўваем, — гэта рэстытуцыя — вяртанне ў Беларусь, беларускаму народу тых матэрыяльных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за мяжой. Як мы ведаем, нашых каштоўнасцяў за мяжой вельмі шмат, на розных этапах гістарычнага развіцця яны траплялі туды: і ў ранейшых стагоддзях, напрыклад, бібліятэка Храптовіча; у сярэдзіне ХХ ст., калі ў гады вайны, як вядома, са сховішчаў у Магілёве прапаў крыж Еўфрасінні Полацкай. Не толькі дзясяткі, нават сотні такіх найменняў, менавіта рэліквій нашага народа. Праблемы вяртання нашых каштоўнасцяў мы абмяркоўвалі разам з прадстаўнікамі ЮНЕСКА і на спецыяльнай канферэнцыі, і на спецыяльных секцыях кангрэсаў, і на старонках сямі зборнікаў пад назвай "Вяртанне" — тут асабліва вылучыўся вядомы беларусіст з Санкт-Пецярбурга Мікола Нікалаеў. Мы не цешым сябе спадзяваннем, што нешта рэвалюцыйнае тут зробім, але не займацца гэтай праблемай проста нельга, тым больш што заснавальнікамі Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сузаснавальнікамі з'яўляюцца міністэрствы замежных спраў, адукацыі, культуры і Нацыянальная акадэмія навук. Праз міністэрствы мы спадзяёмся знайсці выхад на іншыя краіны, на адпаведныя органы. Безумоўна, задача цяжкая, але яе трэба ставіць, ёй патрэбна займацца. Нам ужо ўдалося навесці пэўныя кантакты з тымі органамі, якія гэтым займаюцца, ёсць у нас сістэматызаваны пералік каштоўнасцяў, які налічвае сотні найменняў, таму хочам вызначыцца, па якіх напрамках ісці, каб рушыць далей. Кола спецыялістаў, якія цікавяцца вяртаннем каштоўнасцяў, даволі значнае. Гэтым заняты і ўніверсітэты. Але тут такі вялікі ўчастак працы, і яна настолькі складаная, што хопіць яшчэ многім пакаленням.
Такім чынам, за 20 гадоў свайго існавання Міжнародная асацыяцыя беларусістаў заявіла аб сабе як аб важнай, патрэбнай арганізацыі, яна вядомая ў свеце. А тое, што мы павінны такія кантакты пашыраць — натуральная справа, як і ўключаць у асацыяцыю людзей маладзейшых, каб яны пранікаліся гэтай працай, каб была пераемнасць.
Ланіта Тарасевіч.
 
9 ліпеня 2011