Аднаго трэнера па джыу-джыцу прыгаварылі да смяротнага пакарання, другога — да пажыццёвага зняволення

№ 40 (26904) 02.03.11 Аб гэтым  паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Расследаваннем устаноўлена, што заснавальнік і старшыня Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Джыу-джыцу і самаабарона" Аляксандр Козыраў у чэрвені 2009 года стварыў і ўзначаліў арганізаваную ўзброеную групу з мэтай разбойнага нападзення на грамадзян. У яе склад увайшлі трэнеры-выкладчыкі вышэйназванага грамадскага аб'яднання. Банду затрымалі 12 верасня 2009 года. Да гэтага часу яна паспела з прымяненнем агнястрэльнай зброі здзейсніць разбойныя напады на 6 чалавек, замах на забойства 2 чалавек і пазбавіць жыцця 4 чалавек. Пры гэтым чужыя аўтамабілі і маёмасць, якая знаходзілася ў іх, прысвойвалі. Усе пацярпелыя — грамадзяне Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Малдова. Органам папярэдняга следства, адзначылі ў Генпракуратуры, устаноўлены і іншыя эпізоды злачыннай дзейнасці банды.
Крымінальнае праследаванне ў адносінах Козырава было спынена 20 красавіка 2010 года ў сувязі са смерцю. Яго ж напарнікаў, былых трэнераў па джыу-джыцу, суд Магілёўскай вобласці прыгаварыў да суровых мер пакарання: Мяліку прызначана пакаранне смерцю з канфіскацыяй маёмасці, Сычову — пажыццёвае зняволенне таксама з канфіскацыяй маёмасці. Абодва мужчыны прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні забойства дзвюх і больш асоб з карысных пабуджэнняў, у разбоі, крадзяжах, бандытызме. Прысуд уступіў у законную сілу, касацыйныя скаргі падсудных пакінулі без задавальнення.
Надзея Дрыла.
 
2 сакавіка 2011