Ветэранам ад беларусаў Пецярбурга

№122(26986) 01.07.11 2 ліпеня а 17-ай гадзіне ў Белдзяржфілармоніі адбудзецца дабрачынны канцэрт для ветэранаў "Дарога любові" — падарунак ад беларусаў Санкт-Пецярбурга ветэранам горада-героя Мінска да Дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Канцэрт выканае Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам дырыжора з Расіі Аляксандра Чарнабаева. Музыку для канцэрта напісаў кампазітар Леанід Левашкевіч, ураджэнец Беларусі, які ўжо шмат гадоў жыве ў Пецярбургу. Цікава, што ўсе расходы, звязаныя з канцэртам, узялі на сябе бізнэсмены — ураджэнцы Беларусі, якія жывуць у Пецярбургу. Канцэртная праграма "Дарога любові" ўпершыню была выканана ў паўночнай сталіцы Расіі ў 2010 годзе. Яна, дарэчы, выйграла расійскі прэзідэнцкі конкурс у галіне культурных сацыяльна значных праектаў. Праграма "Дарога любові" складаецца з двух аддзяленняў, прычым кампазіцыі, якія ўвайшлі ў другое аддзяленне (напрыклад "Чарльстон", "Развітальнае танга" і "Славянскі танец"), у аркестравым выкананні прагучаць упершыню.
Гэта музыка, народжаная ў Санкт-Пецярбургу, — распавядае кампазітар Леанід Левашкевіч. — Яна прасякнутая духам гэтага горада. Гэта зразумела ўжо па назвах: уверцюра "Фантаны Пецяргофа", "Кранштацкі вальс"...
Па словах Анатоля Адоньева, старшыні Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў, на дабрачынны канцэрт запрошаны ўсе ветэраны. Гэта і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і іншых баявых дзеянняў, і "блакаднікі", і ветэраны працы, і "чарнобыльцы"...
Насамрэч нашы культурныя сувязі за апошнія некалькі гадоў выйшлі на новы ўзровень. Гэта не толькі дні культуры, гэта цэлыя гады культуры Беларусі ў Расійскай Федэрацыі, — распавядае Сяргей Бярэзны, саветнік па культуры Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. — Гэта спрыяе ўзаемнаму ўзбагачэнню нашых унікальных культур. У апошнія гады ў нас з'явілася шмат новых праектаў: фестываль Юрыя Башмета, "Віртуозы Масквы" Уладзіміра Співакова, у галіне балета — "Рускія сезоны" Марыса Ліепы.
Сярод планаў арганізацый, якія займаюцца захаваннем і прасоўваннем беларускай культуры для беларусаў замежжа (Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, аб'яднанне беларусаў свету "Бацькаўшчына", Беларускае грамадска-культурнае таварыства Санкт-Пецярбурга) выданне, напрыклад, факсіміле Баркалабаўскага і Слуцкага летапісаў. А ў кастрычніку плануецца маштабная праграма для беларусаў Санкт-Пецярбурга. Так, у расійскім горадзе пакажуць спектакль Купалаўскага тэатра "Беларусь у фантастычных апавяданнях" паводле Яна Баршчэўскага.
Вольга Чайкоўская.
2 ліпеня 2011