Зялёная лінія 8-801-201-5555

№104(26977) 07.06.11Цяпер інфармацыю аб бяспечным выездзе за мяжу могуць атрымаць бясплатна і абаненты мабільных аператараў МТС і Vеlсоm.

Калі раней бясплатна патэлефанаваць на "гарачую лінію" можна было толькі са стацыянарных тэлефонаў, то з гэтага года ўведзены новы "зялёны" нумар — 8-801-201-5555 — для абанентаў МТС і Vеlсоm.
Званкі бясплатныя па ўсёй тэрыторыі Беларусі, — удакладняе старшыня ГА "Клуб дзелавых жанчын" горада Брэста Ларыса ІСТОМАВА.Сярод новых дадатковых паслуг і доступ на кароткі бяскодавы нумар 113. На яго можна патэлефанаваць бясплатна са стацыянарных тэлефонаў, праўда, пакуль толькі з Брэсцкай, Гродзенскай і Гомельскай абласцей. Усе ахвотныя могуць атрымаць і пісьмовыя кансультацыі па электроннай пошце .
За 8 гадоў работы "гарачай лініі" было атрымана больш як 13 тысяч тэлефонных званкоў. З іх 69% — ад жанчын. У асноўным звяртаюцца па пытаннях працаўладкавання і законнай міграцыі, беларусаў цікавяць асаблівасці працаўладкавання ў розных краінах і правілы заключэння працоўных кантрактаў, бяспечны выезд і знаходжанне за мяжой. Жанчыны, якія збіраюцца замуж за іншаземца, таксама цікавяцца сваімі правамі. Уся інфармацыя прадстаўляецца кваліфікаванымі супрацоўнікамі "гарачай лініі" бясплатна і ананімна.
Мы таксама, — дадала Ларыса Ісмаілава, — аказваем дапамогу пацярпелым ад гандлю людзям і іх сем'ям. За час нашай дзейнасці рэабілітацыйную і рэінтэграцыйную дапамогу атрымала 258 ахвяр гандлю людзьмі. "Гарачая лінія" таксама аказвае садзейнічанне ў вышуку беларусаў. Дзякуючы ў тым ліку і яе працы, на радзіму ўдалося вярнуць 108 чалавек.
Надзея Дрыла.
 
7 чэрвеня 2011