Побач з тураўскім лугам

№82(26946) 05.05.11 Май — час вяртання з выраю птушак. Трэці год запар на пачатку мая ў старажытным Тураве адбываецца незвычайны фестываль, ініцыятарам правядзення якога з'яўляецца сусветна вядомая беларуская грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Зноў на гарадской плошчы сабраліся і тураўчане, і жыхары навакольных вёсак, якім цікава больш даведацца пра знакаміты тураўскі луг, побач з якім праходзіць іхняе жыццё. А можа, і стаць прыхільнікам захавання гэтага найважнейшага біятопу на прасторах Еўропы. А чаму б і не? Чаму гэты куточак Палесся цікавы жыхарам іншых краін (і нават арнітолагам Каралеўскага таварыства аховы птушак Вялікабрытаніі), але не заўсёды цікавы самім палешукам? Фестываль якраз і праводзіцца для папулярызацыі прыпяцкага берага, на якім вольна раскінуўся тысячагадовы Тураў.

 Людзі прыйшлі і прыехалі адчуць свята, паўдзельнічаць у ім, павесяліцца, убачыць сталічных артыстаў, парадавацца за сваіх, мясцовых. На фестывалі гучалі песні ў выкананні фальклорных і дзіцячых гуртоў, лілася старажытная музыка дудароў. Дэфіле на тэму птушак падрыхтавалі тураўскія старшакласніцы. Дзеці ляпілі з гліны і малявалі на асфальце птушак, а майстар-класы ім давалі мастак з Мінска Алесь Квяткоўскі і кераміст з Шуміліна Уладзімір Каласкоў. Вучняў з суседняй з Туравам вёскі Хільчыцы прывёз на свята даўні звяздоўскі падпісчык настаўнік геаграфіі Васіль Шруб, які імкнецца прывіць сваім выхаванцам разуменне ўнікальнасці тураўскага лугу і неабходнасці яго захавання.
Яго даў нам Бог, а дзеці, калі вырастуць, будуць працаваць для захавання і папулярызацыі лугу і яго насельнікаў — птушак, — са спадзяваннем сказаў Васіль Ануфрыевіч.
Прадстаўнік Каралеўскага таварыства аховы птушак Норберт Шафер, які прыехаў з Англіі, зазначыў, што тураўскі луг па сваёй значнасці стаіць на адным узроўні з іншымі вядомымі куточкамі свету, таму з боку Каралеўскага таварыства будзе ісці падтрымка важных праектаў па захаванні гэтага біятопу.
 
А ці ведаем мы, колькі птушак у гэтыя дні на тураўскім лузе? Вось што сказаў на адкрыцці фестываля дырэктар АПБ Віктар Фянчук: "Падчас вясновай міграцыі каля Турава знаходзяць сабе прыстанак больш за 50 тысяч гусей, больш за 100 тысяч турухтанаў (від кулікоў) і больш за 30 тысяч качак".
А ў гэты час на ўскраіне горада ішла звычайная праца навукоўцаў: на станцыі кальцавання (дарэчы, адзінай у Беларусі) прафесійныя арнітолагі і валанцёры працягвалі весці ўлік птушак, кальцавалі і выпускалі іх на волю. А ў самым тураўскім цэнтры на помніку куліку-марадунцы нарэшце з'явілася адноўленая скульптура птушак, якая некалі стала ахвярай мясцовых вандалаў. Тураўскі фестываль птушак якраз і праводзіцца для духоўнага ўзбагачэння людзей і сапраўды дае магчымасць адчуць гонар за свой, Богам дадзены край.
Анатоль Кляшчук
 

 

6 траўня 2011