Прыватны бізнэс хоча "людзьмі звацца"

№ 32 (26896) 18.02.11 Сваімі думкамі наконт актуальных праблем па лібералізацыі беларускай эканомікі падзяліўся з журналістамі Аляксандр Швец, старшыня РГА "Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя". Прынамсі, ён выказаў меркаванне, што ў Беларусі вельмі прыніжана роля грамадскіх аб'яднанняў прадпрымальнікаў:

 — Роля прадпрымальніцкіх саюзаў, грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне прыніжана, у нас дамінуе выканаўчая ўлада. Возьмем, напрыклад, 300-ы ўказ наконт спонсарскай дапамогі: ён жорстка зарэгуляваў працэс, і нават члены нашай асацыяцыі, якія хочуць аказаць дапамогу нам, вельмі абмежаваны ў гэтым. Фактычна там працуе адзін артыкул — матэрыяльна-тэхнічная дапамога асацыяцыі. Але навошта, скажам, нам аўтамабіль? Нам ён не патрэбны, у нас ва ўсіх свае — нам патрэбны сродкі, каб заказваць экспертную ацэнку сітуацыі, ацэньваць міжнародны вопыт, рабіць аналітычныя падборкі. А па-другое, апошнія гадоў 10 быў такі пасыл: даеш ты свае прапановы ці не даеш, яны ўсё роўна былі незапатрабаваныя. Я мяркую, што БНПА будзе зараз дзейнічаць трошкі па-іншаму: мы не толькі будзем даваць аналітыку, не толькі будзем прасіць урад, каб ён яе ўлічваў, але і пастараемся дабівацца гэтага, — сказаў Аляксандр Швец. — Адкуль мы бяром сваю праблематыку? Ад членаў асацыяцыі, аналізуем яе і падаём ва ўрад. урад атрымлівае знізу апрацаваную, добра структураваную інфармацыю. Але мы нават не просім даваць нам грошы — нам проста не трэба замінаць, а прымаць і ўлічваць нашы меркаванні. Вядома, мы разумеем, што не ўсе яны могуць быць рэалізаваны аднамомантна, некаторыя з іх з'яўляюцца спрэчнымі, але ж гэта дыялог бізнэсу і ўлады. Мы ў адной лодцы, і пры ўсё нашай глыбокай павазе не могуць намеснік міністра і міністр бачыць усю панарамнасць на 360 градусаў, бо ўсё могуць бачыць толькі ўсе ўдзельнікі працэсу. І я спадзяюся, што тыя прынцыпы, якія Прэзідэнт заклаў у Дырэктыву па стварэнні кансультатыўных органаў, будуць рэалізаваны.
Пры гэтым Аляксандр Іосіфавіч назваў СМІ найпершым інструментам, да якога будзе вымушана звярнуцца БНПА, калі ўсё ж такі дыялогу паміж бізнэсам і ўладай не атрымаецца:
Калі мы палічым, што нашы прапановы заслугоўваюць увагі, але мы не зможам прабіцца да кіраўнічага саставу ўрада ці міністэрстваў, то я запрашу журналістаў, раздам аналітыку і патлумачу, у чым сутнасць нашых ідэй. Мы ж не супраць, каб нам сказалі, што вашы ідэі непрапрацаваныя і аргументавалі гэта, бо ў такой сумеснай працы і нараджаюцца здаровыя зерні. Але калі нам будуць адказваць "прынята да ведама", то нас такая ветлівасць не задавальняе, — падзяліўся планамі старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі.
У сваёй гутарцы з журналістамі Аляксандр Швец акрэсліў найбольш важныя на сёння праблемы, якія трэба вырашыць як мага хутчэй — наладзіць дзяржаўна-прыватнае партнёрства і прыняць адпаведны законапраект, разабрацца з падатковым заканадаўствам, перадаць маёмасць, якая неэфектыўна выкарыстоўваецца эфектыўным уласнікам і гэтак далей. У тым ліку ён абазначыў і праблему роўных правоў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў:
Беларусы заўсёды імкнуліся "людзьмі звацца", як пісаў калісьці класік, быць такімі, як і іншыя суседнія народы. Зараз вельмі падобная сітуацыя, калі прыватны бізнэс таксама імкнецца "людзьмі звацца". Нягледзячы на тое, што напісана ў Канстытуцыі пра роўныя ўмовы, дзяржаўны пратэкцыянізм ужо дасягнуў такіх высокіх формаў развіцця, што даюцца вусныя загады, якія трэба абавязкова выконваць (напрыклад, не пускаць прадукцыю з адной вобласці ў іншую, дзе ёсць аналагічнае прадпрыемства з аналагічнай прадукцыяй. — Аўт.), — сказаў Аляксандр Швец і прывёў станоўчы вопыт Расіі, дзе існуе моцная антыманапольная служба, якая жорстка сочыць за тым, каб нішто не перашкаджала канкурэнцыі.
Мы лібералізуем цэнавае заканадаўства, зніжаем яго адміністраванне, аднак у нас няма органа, які б мог і ўмеў кантраляваць канкурэнтнае асяроддзе, змагацца з нядобрасумленнай канкурэнцыяй, спыняць манапалістаў. Мы пастаянна кажам ураду: давайце зоймемся прапрацоўкай гэтага пытання, яго нельга адкладваць. Бо мы знаходзімся ў Мытным саюзе, мы імкнёмся да стварэння адзінай эканамічнай прасторы, аднак пры добрай адпрацоўцы і маніторынгу гэтых пытанняў у Расіі і Казахстане і пры сырасці і недапрацаванасці ў нас — выгадна будзе парушаць заканадаўства менавіта ў нас. Мы павінны глядзець наперад і, зыходзячы з таго, што мы хочам мець праз два гады, ужо зараз пачаць гэтым займацца, — выказаў меркаванне Аляксандр Швец і дадаў, што замежныя інвестары таксама зацікаўленыя ў моцным антыманапольным органе, які будзе абараняць канкурэнцыю і іх інтарэсы.
Пры гэтым, калі вяртацца да пытання пра дзяржаўны пратэкцыянізм, то Аляксандр Іосіфавіч не лічыць моцны адміністратыўны рэсурс дрэннай з'явай:
Моцны адміністратыўны рэсурс — гэта вельмі добра, асабліва ў крызісны і пасткрызісны час. Мы проста карыстаемся ім не зусім адэкватна. Узгадайце Паўднёвую Карэю — там таксама быў моцны адміністратыўны рэсурс — і паглядзіце, якіх поспехаў яны дасягнулі за апошнія 50 гадоў. Так што наяўнасць добра арганізаванай сістэмы органаў дзяржкіравання і добрая кіруемасць краінай і яе эканомікай дае гіганцкія магчымасці, але іх мы не да канца выкарыстоўваем. Спалучэнне ініцыятывы з цэнтралізаваным рэсурсам пры правільным дазіраванні можа даць вельмі добры вынік, — перакананы старшыня РГА "БНПА".
Выказаў ён сваё меркаванне і наконт таго, як у цэлым ідзе працэс лібералізацыі ў нашай краіне:
З аднаго боку, дзяржава падышла да таго, што трэба заняцца лібералізацыяй, а з іншага — бізнэс прыйшоў да высновы, што не час маўчаць і вяла прапаноўваць свае ініцыятывы. І вельмі добра, што гэтыя пазіцыі супалі, — сказаў Аляксандр Швец і дадаў, што пры гэтым не трэба падыходзіць да лібералізацыі з фармалізмам. — Мне гэта трошкі нагадвае той час, калі ў 1985 годзе была аб'яўлена перабудова. І мог патэлефанаваць партыйны чыноўнік і спытаць: хто ў вас на прадпрыемстве "перабудаваўся"? І яму адказвалі: сёння "перабудаваўся" сакратар прафкама і дырэктар, а заўтра "перабудуецца" тэхнічны дырэктар і яшчэ хто-небудзь. Шмат было фармалізму. Так і зараз — сістэма бярэ пад казырок і кажа: "Так, мы лібералізуемся!" Аднак, па сутнасці, гэта толькі даклад пра лібералізацыю, а не сама лібералізацыя. Скажам, калі інвестар у кабінеце кажа адны словы, а на кухні — іншыя, то значыць, у нас ёсць праблемы. А калі ён на кухні і ў кабінеце кажа адно і тое, то значыць, што вялікай колькасці праблем мы ўжо пазбавіліся, — мяркуе Аляксандр Швец.
Павел Бераснеў.
 
 
20 лютага 2011