Зямля — наш дом

№38(26902)26.02.11 Наперадзе ў нас 25-я гадавіна чарнобыльскай катастрофы, і менавіта з гэтай нагоды хочацца прыгадаць некаторыя эпізоды з жыцця і дзівоснай руплівасці гэтай жанчыны. На пачатку новага веку мы з ёй разам працавалі па праекце "Моладзевага экалагічнага руху", якім яна і яе Беларускі камітэт "Дзеці Чарнобыля" не адзін год займаліся; з ёю разам, напрыклад, мы праводзілі экалагічныя школы для лідараў школьнай моладзі, сістэматычна раз на год падводзілі вынікі конкурсу экалагічных (навукова-даследчых і практычных) праектаў маладых, юных — "Зямля — наш дом". А да гэтага ў яе былі дзясяткі іншых дасціпных, наватарскіх, смелых у тым часе праектаў, як па вырошчванні чыстых прадуктаў харчавання на забруджанай радыенуклідамі зямлі, так і па аптымізацыі ладу жыцця ў постчарнобыльскіх беларускіх вёсках — бліскучы праект, здзейснены ёю ў Валожынскім раёне. Дзякуючы яе ініцыятыве была адкрыта ў сярэдзіне 90-х гадоў таксама грамадская, але ж даволі дзейная Акадэмія экалагічнай антрапалогіі.

Таму ўжо лагічным стала, што камітэт "Дзеці Чарнобыля" разам з Міжнародным фондам "Дапамога хворым на рак шчытападобнай залозы" "Арніка" і Беларускім сацыяльна-экалагічным саюзам "Чарнобыль" узяліся за падрыхтоўку і правядзенне 24—26 лістапада 2010 года ў Мінску Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Экалогія чалавека ў постчарнобыльскі перыяд", прысвечанай 25-годдзю змагання з вялікай навалай. Шырока разгорнуты форум прайшоў удала. Правялі свае дыспуты на базе 4-й дзіцячай бальніцы і ў канферэнц-зале Палаца мастацтва — як што паспрыяў таму Беларускі саюз мастакоў. За ўдачу варта лічыць удзел у грамадскай (як-ніяк — грамадскай) канферэнцыі адмыслоўцаў, кампетэнтных вучоных розных краін, акадэмікаў, прадстаўнікоў дзяржаўных структур, што было па-свойму адметным явішчам у беларускім жыцці, бо паказвала на факт грамадзянскай супольнасці!
Асноўным "рухавіком" у турботнай справе па падрыхтоўцы форуму зусім натуральна і звыкла (для яе гэта была ўжо ХVІІІ навукова-практычная канферэнцыя) выступала Тамара Васільеўна Белавокая. Асаблівасцю ж моманту было тое, што грошай на гэты праект, што меў падвесці вынікі 25-гадовай рупнасці грамадскіх і дзяржаўных структур у супрацьстаянні радыяцыі, ніхто не даў — ні свае, ні міжнародныя фонды, ні хто які іншы... І Белавокай даводзілася тут выкладвацца да апошняга і нават аддаваць дзеля справы сваю пенсію.
Я стараўся як найбольш дапамагаць ёй, асабліва ў падрыхтоўцы праграмы форуму ды ў кантактах з верагоднымі яго ўдзельнікамі. Потым, калі падрыхтоўка мерапрыемства скончылася і пачыналася дыскусія, мне давялося ўжо "збегчы" з бальніцы (куды нечакана трапіў па дзіўным дыягназе "небальнічная пнеўманія") і весці запланаваны раней у Палацы мастацтва "круглы стол" па тэме: "Набатная праўда гісторыі". Уражанне: сабраліся людзі і так шмат вылілі тут нечуванага, новага, малавядомага, што я не ведаў, як утрымаць у запасніках сваёй памяці такі аб'ём інфармацыі. Шчыра і пранікнёна, кранальна расказваў аб Чарнобылі (гэта была непамысная праўда, на самім сабе і сваіх дзецях выпрабавана) Віктар Кулікоўскі, электрык — ліквідатарам ён стаў з першых гадзін аварыі на чацвёртым блоку. Шмат цікавага паведамілі Аляксандр Глушчанка, таксама з тых жа ліквідатараў, навуковы супрацоўнік Вавілаўскага інстытута РАН, ён прыехаў з Масквы (хоць гэта і нязручна было, маючы на нагах пратэзы). Яскравы ўнёсак у дыскусію зрабілі медыкі Людміла Лосева, Алена Карповіч і Эдуард Збароўскі. Там жа разам з намі была і Тамара Белавокая. Яна расказвала пра першыя крокі ў грамадскай чарнобыльскай дзейнасці, якая пачалася ўжо 3 мая з падрыхтоўкі і распаўсюджвання памятак, лісткоў з рэкамендацыямі для насельніцтва, як паводзіць сябе ў зоне, накрытай Чарнобылем. Нярэдка ў атачэнні калег і сяброў яна нагадвала мне маці з пчалінай сям'і. Бадай, мы з ёй на гэты раз адчувалі сябе шчаслівымі ад паспяхова праведзенага і тым больш адлюстраванага сябрамі на відэакамеры "юбілейнага" дыскурсу.
Гэта была разумная, цалкам аддадзеная сваёй сям'і, дзецям, свайму грамадзянскаму абавязку жанчына, неўтаймоўная, чулая, пранікнёная, з лёгкім жартаўлівым характарам, тонкім гумарам, часам іроніяй і заўжды-заўжды знаходлівая, сімпатычная, слаўная асоба. Народжаная, між іншым, у нямецкім канцлагеры "Граёва" на тэрыторыі Польшчы. На апошнім годзе вайны. Скончыла Ракаўскую сярэднюю школу, вывучылася на доктара... Працавала ў Аксакаўшчыне, у санаторыі Лечкамісіі, які ператварылі падчас катастрофы ў клініку Інстытута радыяцыйнай медыцыны. Была ўрачом вышэйшай катэгорыі, загадчыкам аддзялення функцыянальнай дыягностыкі, мела вялікі аўтарытэт у супрацоўнікаў і пацыентаў.
Тым часам яна паспела яшчэ запусціць у друк і дачакалася частковага выхаду зборніка матэрыялаў канферэнцыі "Экалогія чалавека ў постчарнобыльскі перыяд". Атрымалася ўнікальная па сваіх навуковых абагульненнях, лагічных высновах ды сацыяльна-практычным досведзе кніга...
У Белавокай былі адпаведныя планы. Яна збіралася падоўжыць працу над раней распачатымі праектамі па пашырэнні экалагічнага руху сярод падлеткаў. Парадавала, нарэшце, і новая спонсарская падтрымка. Навіна самых апошніх дзён... Толькі ж грандыёзная па навукова-інфармацыйным выбуху ХVІІІ канферэнцыя стала яе лебядзінаю песняй.
Адчувала сябе не зусім добра (а ў яе была зацяжная хвароба — непакоілі сасуды, асабліва ног). Гэта было суровае наканаванне лёсу, прысуд, якога так хутка не чакала, а можа, і чакала: час тэрмінова збірацца ў далёкую палявую дарогу, якая нікога не выводзіць назад.
У чацвер яна запрасіла да сябе святара, знайшла свечкі і іншыя патрэбныя яму рэчы — паспавядалася, прычасцілася, зрабіла ўсё як мае быць. Прайшоў дзень. У пятніцу яшчэ адказвала на тэлефонныя званкі. Аднак яе сасуды больш не трывалі — лопнула анеўрызма падуздышнай артэрыі, і яна сама сабе паставіла дыягназ, які потым пацвердзіўся. Спецыялісты хуткай дапамогі наладзілі ёй кропельніцу, і адна рука была занятая, а другой яна абдымала дзяцей (два сыны і дачка). Без слёз і адчаю, як і жыла, пачала развітвацца, усміхалася, казала, што ёй ніхто і нішто больш не дапаможа, прасіла, каб не везлі яе ў бальніцу, наказвала ім усім жыць дружна і годна. Сілай духу трымаючыся ў гэтым шматколерным свеце, была ўсцешана тым, што не давядзецца лежма ляжаць доўга, хварэць, прыносячы клопат родным сваім. У тую ноч на суботу 12 лютага, пасля працяглай аперацыі, яна ўжо не прыйшла ў прытомнасць.
Хавалі яе на заснежаных могілках вёскі Гарані, што непадалёку ад пасёлка Аксакаўшчына, дзе яна з мужам жыла. Ён выкладаў нямецкую і англійскую мовы ў мясцовай школе.
Я ішоў за дамавінай, дакладней, нёс паперадзе крыж, і ў тым была ўцеха прысутнасці, гонару, з палыном-гаркатою разам; ад нагэтулькі вялікай страты. І вірыліся мроі пра вечную памяць і славу падзвіжніцы, што лекавала і ўсяляк ратавала народ.
Васіль Якавенка,
пісьменнік, кіраўнік Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза "Чарнобыль".
 


 

28 лютага 2011