Мама — лепшы цуд

№ 242 (27607) 24.12.13.На дабрачынную калядную акцыю «Нашы сэрцы — хворым дзецям» у Беларускі дзяржаўны тэатр лялек са Слаўгарада, што ў Магілёўскай вобласці, прыехала Ларыса Леанідаўна Ціханава з дваімі прыёмнымі дзецьмі — Машай Гасінай і Уладам Касімавым, з дачкой Настассяй і ўнучкай Юлечкай. Беларускі дзіцячы фонд запрашаў увесь дзіцячы дом сямейнага тыпу Ціханавых, але ж гаспадар, Аляксандр Міхайлавіч, гаспадарку не кіне. Хтосьці з дзяцей зараз на аздараўленні, а іншыя… ужо «выраслі» з карагодаў вакол ёлкі.

Традыцыйная акцыя Дзіцячага фонду «Нашы сэрцы — хворым дзецям» пачалася ў тэатры лялек, спектаклем «Марозка» і, вядома, падарункамі для 250 дзяцей-сірот з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, анкалагічна хворых дзяцей і дзяцей, якія перанеслі аперацыі на сэрцы.
 
Каля высокай святочнай ёлкі бачу знаёмыя твары прыёмных бацькоў… Ведаю, адчуваю, што самы вялікі цуд хаваецца ў іх сэрцах.
 
Ларыса Леанідаўна назірае, як яе дзеці спрабуюць уліцца ў агульны карагод. Спрабую прарвацца праз дзіцячы натоўп і адвесці яе ў бок, каб параспытваць аб тым, пра што можна гаварыць, у прынцыпе, некалькі сутак без перапынку. З другога боку, навошта марнаваць столькі часу? Паглядзіш у яе вочы — і ўсё становіцца зразумелым: у гэтых вачах бясконцая дабрыня…
 
Мінае колькі хвілін, і Маша, Насця, Уладзік па чарзе падцягваюцца да мамы. Якой бы чароўнай ні падавалася ёлка, ад яе так проста адарвацца, калі, ідучы ў карагодзе, ты раптам не заўважаеш мамы…
 
— Я тады працавала дырэктарам школы, — расказвае Ларыса Леанідаўна. — Неяк у райана пачула словы інспектара па апецы: «Сям’я ў нас адна распалася, жонка з’ехала, а бацька не жадае адзін выхоўваць прыёмных дзяцей… Напэўна, вяртаць будзем». Я думаю: як вяртаць? Хіба гэта тавар на гарантыі? І выпаліла: забіраю ўсіх траіх!
 
У 2001 годзе ў нас з мужам ужо было трое ўласных дзяцей — Мікалай, Максім і Наталля. Плюс трое — пад апекай. Дзіцячыя дамы сямейнага тыпу толькі пачыналі стварацца, а наша мясцовая ўлада падтрымлівала ўсе цікавыя пачынанні… Так мы з мужам пазнаёміліся з Дзіцячым фондам, які актыўна падтрымліваў такую форму выхавання сірот і выдаткоўваў спонсарскія сродкі на набыццё дамоў і бытавой тэхнікі для ахвотных выхоўваць не менш за пяцёра прыёмных дзяцей… Цяпер ужо кагосьці мы паставілі на ногі, выпусцілі ў дарослае жыццё, але сувязь не страчваецца. Старэйшыя добра сябруюць з малымі, дапамагаюць нам на агародзе працаваць. У нас жа ўся асноўная гародніна расце, і яблыні, грушы, ягады ёсць… Ураджай, вядома, пасля справядліва дзеліцца… Дзелім і мяса — парсючкоў, качак, курэй, індыкоў…
 
Знаёмыя кажуць: «Леанідаўна, у цябе проста дар працаваць з дзецьмі! Трэба помнік паставіць!». Яна толькі смяецца: «Дзе столькі пластыліну возьмеце?».
 
— Вядома, дапамагае вопыт педагога — дзеці мяне вельмі добра разумеюць… Безумоўна, яны розныя, але калі выхоўваць іх як СВАІХ, то ты проста не здольны падзяляць на «такіх» і «не такіх». Бываюць імгненні, калі хочацца трапіць на бязлюдны востраў… Але скажу шчыра: кожную раніцу прачынаюся шчаслівай. Я не патрабую ад дзяцей больш, чым яны могуць. Заўсёды стаўлю сябе на іх месца. Бывае, нехта правініўся. Я адразу пытаюся: «Як менавіта можна пакараць за такі ўчынак?» Дзеці самі даюць мне адказы на ўсе пытанні, я вучуся жыццю разам з імі…
 
Ларыса Леанідаўна гладзіць па валасах кожнага па чарзе і працягвае: «Уладзік у нас вучыцца іграць на акардэоне… Марусечка малюе… Нас кожны год запрашаюць на навагодняе свята, але мы даўнавата не выязджалі. Сёлета неяк удалося».
 
Да 25 снежня Ціханавы ставяць у доме ёлку. Усе дзеці — Настасся (10 гадоў), Улад (12 гадоў) і Марыя (15 гадоў) Касімавы, Алеся (15 гадоў) і Кацярына (17 гадоў) Елянковы, Марыя Гасіна (12 гадоў) пішуць і кладуць каля зялёнай прыгажуні свае пажаданні для Дзеда Мароза. Праўда, звычайна Дзядуля дорыць што-небудзь для агульнага карыстання: раней гэта быў музычны цэнтр, гульнявая прыстаўка…
 
У навагоднюю ноч ніхто не пойдзе спаць. На агульны падарунак трэба «папрацаваць» — з’есці «салодкі стол», пачытаць вершы, раздаць маме-тату маляваныя паштоўкі, падаруначкі…
 
Ларыса Леанідаўна пяшчотна пагладзіць кожнае дзіця па галаве і скажа: «Самы лепшы падарунак для мяне — вашы здароўе і вучоба».
 
Новы год скончыцца, а самы важны цуд — мама Ларыса і тата Саша — ніколі.
 
Святлана Барысенка
 
Можна стаць чараўніком
 
Акцыя «Нашы сэрцы — хворым дзецям» працягнецца ў краіне да 10 студзеня. Усе ахвотныя могуць стаць чараўнікамі для тых, хто мае патрэбу ў дабрыні і клопаце. Падтрымаць акцыю можна простым пералічэннем грашовых сродкаў на разліковы рахунак БДФ 3015740146011 у ЦБУ №539 ААТ «Белінвестбанк», код 739, УНН 100184002. Гэтыя грошы неабходны для набыцця навагодніх падарункаў дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам, дзецям, якія аказаліся ў святочныя дні на бальнічным ложку.
 
Партнёрамі акцыі ўжо сталі прадпрыемствы «Цэптар Інтэрнацыянал», «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», «Дыяр-Груп», аб’яднанне «Дыялог Еўразія», валанцёры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, музычны тэатр «Сюрпрыз» Цэнтра пазашкольнай работы «Кантакт» г. Мінска.
25 снежня 2013