Павер вачам сваім

№94(26967)24.05.11 Што ўяўляе сабой ірыдадыягностыка? Наколькі эфектыўны такі метад даследавання і якое месца ён займае ў сучаснай медыцыне? Пра гэта мы размаўляем са старшынёй праўлення Беларускай ірыдалагічнай асацыяцыі, кандыдатам медыцынскіх навук, урачом-уролагам Валерыем Сердзюком.

Ірыдадыягностыка — гэта метад вызначэння па радужнай абалонцы вачэй захворванняў унутраных органаў. Лічыцца, што кожны орган, а таксама яго паражэнне мае адлюстраванне на радужцы. І распазнаць хваробы можна па змяненні формы, структуры, колеры і рухальнасці радужнай абалонкі вока.
Ірыдадыягностыка мае далёкую гісторыю. Захаваліся звесткі і аб тым, што каля 5 тысяч гадоў таму гэты метад прымяняўся жрацамі ў Егіпце. Але, верагодна, ірыдадыягностыка нарадзілася яшчэ раней — 10 тысяч гадоў таму. У некаторых крыніцах сцвярджаецца, што такім чынам старажытныя шумеры-пастухі беспамылкова выяўлялі і хворых, і самых моцных авечак.
Потым, калі старажытныя цывілізацыі загінулі, зніклі і звесткі аб ірыдадыягностыцы. І толькі ў канцы ХІХ стагоддзя інтарэс да паўзабытага метаду адрадзіў венгерскі вучоны Пікчэлі.
У 80-я гады мінулага стагоддзя з ірыдадыягностыкай пачалі лічыцца ў былым СССР. У Беларусі ж асаблівай прычынай інтарэсу да яе стала чарнобыльская катастрофа. На кафедры ўралогіі БДМУ шукалі спосаб, як зменшыць прамянёвую нагрузку на чалавека, бо менавіта ва ўралогіі рэнтген-здымкаў даводзіцца рабіць больш, чым у любой іншай галіне медыцыны.
У той час я сур'ёзна заняўся вывучэннем ірыдадыягностыкі. Вынікі даследаванняў, назіранняў, практычнай работы з хворымі выліліся ў кандыдацкую дысертацыю, дзе дакладна адсочвалася сувязь паміж уралагічнымі захворваннямі і маркерамі на радужцы.
Як на практыцы праводзяцца сеансы ірыдадыягностыкі?
— Урач-ірыдолаг праводзіць абследаванне радужкі вока візуальна і з дапамогай розных павелічальных прыбораў. Ён аналізуе малюнак і структуру абалонкі вока, параўноўваючы яе са спецыяльнымі ірыдалагічнымі схемамі. На гэтай падставе спецыяліст вызначае не толькі паражэнне канкрэтнага органа чалавека, а і генетычную схільнасць да пэўных захворванняў, памежкавыя станы, схаваныя і вялацякучыя запаленчыя працэсы ў органах і г.д.
Урач быццам счытвае гэту інфармацыю з вока. Дакладнасць дыягностыкі складае 95—100%. Працэс абследавання займае ўсяго 7—10 хвілін.
Пасля абследавання ўрач-ірыдолаг можа накіраваць пацыента да канкрэтнага вузкага спецыяліста, прызначыць прэпараты (у асноўным травяныя), даць прафілактычныя парады.
— Якія захворванні лепш за ўсё паддаюцца ірыдадыягностыцы?
— Захворванні страўнікава-кішачнага тракту (гастрыты, язвы, панкрэатыты, халецыстыты і інш.), захворванні нырак, пазваночніка, палавых органаў і сардэчна-сасудзістай сістэмы.
— А ці паддаецца гэтаму метаду анкалогія?
— Яе вельмі цяжка выявіць. Але, улічваючы рост гэтых захворванняў у краіне, то можна сцвярджаць, што некаторыя напрацоўкі ў нас з'явіліся і пэўныя пухліны мы ўжо можам выяўляць — напрыклад, нават ранні цыроз печані. А вось дабраякасныя пухліны ірыдадыягностыцы паддаюцца добра: мастапатыя, фібраматозныя вузлы шчытападобнай залозы. І гэта дзякуючы таму, што мы прымянілі новую методыку фатаграфавання на вялікім павелічэнні.
— У чым перавага гэтага метаду дыягностыкі перад іншымі?
Па-першае, магчымасць адным полем зроку ацаніць стан усіх органаў і сістэм арганізма. Па-другое, яго прастата і бяспечнасць. Па-трэцяе, ірыдадыягностыка не мае супрацьпаказанняў, не патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі і ў большасці выпадкаў дазваляе даць заключэнне адразу пасля праведзенага агляду.
— Дзе ў нашай краіне рыхтуюць такіх спецыялістаў?
— Толькі ў нас у асацыяцыі. Зараз у яе ўваходзяць 92 урачы розных спецыяльнасцяў: хірургі, гінеколагі, неўрапатолагі і інш. Людзі, якіх мы навучаем, абавязкова павінны мець вышэйшую медыцынскую адукацыю, каб разумець, што адбываецца ў кожным органе чалавека.
— Як звычайнаму беларусу трапіць на абследаванне да ірыдолага?
— Мы абследуем толькі членаў Беларускай ірыдалагічнай асацыяцыі. Уступіць у яе можа кожны. Для гэтага трэба звязацца з намі па тэлефоне ці электроннай пошце, аплаціць членскі ўзнос. Калі вы жадаеце абследавацца віртуальна, то якасць фотаздымка, які вы нам дашляце, павінна быць даволі высокай. Варта па такую паслугу звяртацца да фатографа з прафесійнай фотакамерай.
Гутарыла Вольга Шаўко.
24 траўня 2011