БНПА прапануе "перазагрузіць" адносіны паміж бізнэсам і ўладай

№ 251 (26858) 22.12.10 Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя" Аляксандр Швец на прэс-канферэнцыі падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт таго, якую ролю павінны выконваць грамадскія аб'яднанні прадпрымальнікаў у наладжванні адносін паміж бізнэсам і ўладай, а таксама расказаў пра тое, якімі павінны быць гэтыя адносіны.

Фарміраванне грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне знаходзілася ў другім эшалоне, было другараднай задачай. Гэта часткова было аб'ектыўна, бо задачы стаялі вельмі складаныя, аднак, дзякуй Богу, мы можам сказаць, што тыя часы прайшлі, — адзначыў Аляксандр Швец. — Таму сёння найпершай задачай нашай арганізацыі я бачу ўдзел у жыцці грамадства, эканамічнай супольнасці, выказванне экспертнага меркавання і выпрацоўка аптымальных шляхоў развіцця бізнэсу ў нашай краіне. Ёсць розныя асацыяцыі ў нас, аднак мы пазіцыянуем БНПА як цэнтральную пляцоўку для дыялога бізнэсу і ўлады з мэтай паскоранага развіцця эканомікі Беларусі.
Пры гэтым галоўнай праблемай, якая замінае паўнавартаснаму разуменню ўзаемных жаданняў і чаканняў паміж бізнэсам і ўладай, Аляксандр Швец лічыць адсутнасць даверу:
Праблема даверу ёсць, я думаю, тут са мной усе пагодзяцца. Сапраўды, у некаторых галінах ступень даверу пачала паляпшацца: ёсць зрухі ў падатковай сістэме, у спрашчэнні адміністратыўных працэдур, у скарачэнні кантрольнай дзейнасці. Гэта сапраўды крок наперад, але крок недастатковы. Мы, асацыяцыі, да гэтага часу стаялі на нейкай сваёй пазіцыі, органы ўлады стаялі на сваёй пазіцыі... Але зараз мы павінны ўсе трошкі змяніцца, стаць велікадушнымі, спісаць старое, не капацца ва ўзаемных крыўдах, а, як зараз модна казаць, "перазагрузіць" адносіны і будаваць іх з пазіцыі сумеснай працы, — перакананы старшыня РГА "БНПА". — А пакуль мы часам не разумеем адно аднаго. Скажам, чыноўнік не заўсёды разумее праблему кіраўніка прыватнага прадпрыемства, а прадпрымальнік не заўсёды хоча данесці гэтую інфармацыю. Таму менавіта асацыяцыя павінна выконваць ролю такога хуткаснага моста, даносіць праблематыку бізнэсу. Вось знакамітая пастанова № 991 Саўміна — гэта найбольш яркі прыклад неразумення і адарванасці органа дзяржкіравання ад рэальнага жыцця (гэтая прынятая ўлетку 2009 года пастанова фактычна забараняла юрыдычным асобам закупляць тавары ў пасярэднікаў, аднак пасля пратэстаў бізнэс-асацыяцый і ўмяшання кіраўніка дзяржавы была адменена. — заўв. аўт.). І я хацеў бы, каб з нашай дапамогай такія інстытуты як абавязковае кансультаванне і экспертыза не дазвалялі органам дзяржкіравання выдаваць такія дакументы, — сказаў Аляксандр Швец.
Пры гэтым старшыня БНПА дадаў, што і сёння для яго няма праблемы патрапіць на прыём — напрыклад, да міністра эканомікі — і абмеркаваць надзённыя праблемы бізнэсу. Аднак сітуацыя пры гэтым змянілася б у лепшы бок, калі б у дзяржаве была створана адпаведная сістэма экспертных ацэнак законапраектаў:
Калі ў цэлым не будзе пабудавана сістэма ўзгаднення праектаў нарматыўных актаў, то ніякія асабістыя адносіны не дапамогуць. Мы ўносілі адпаведныя прапановы ў праект 4-й дырэктывы наконт павышэння ролі грамадскіх аб'яднанняў прадпрымальнікаў у развіцці заканадаўства, грамадзянскай супольнасці, дзяржаўна-прыватнага партнёрства і гэтак далей, — сказаў Аляксандр Швец. — Напрыклад, трэба, каб Міністэрства эканомікі сфарміравала пул грамадскіх аб'яднанняў, на базе якіх праводзілася б экспертная ацэнка нарматыўна-прававых актаў, што закранаюць інтарэсы прадпрымальнікаў, — перакананы Аляксандр Швец.
У якасці яшчэ аднаго прыкладу і прычыны адсутнасці даверу бізнэсу да ўлады старшыня БНПА прывёў дэвальвацыю 2008 года:
— Я сутыкнуўся з тым, што бізнэсмен закладвае маржу ў два разы большую, чым гэта можна разумна абгрунтаваць. Ён мне кажа: "Ты такі цікавы хлопец! Вунь у 2008 годзе ўсё казалі, што дэвальвацыі не будзе, а яна была. Так што я цяпер закладваю гэтыя 20%, каб не рызыкаваць. І гэтыя 20% у нас у галовах будуць яшчэ гадоў 10 жыць". Бачыце, як дэвальвацыю ўспрыняў бізнэс — як адабранне грашовых сродкаў. Вось менавіта таму я і кажу пра даверлівыя адносіны паміж уладай і бізнэсам.
Разам з тым Аляксандр Швец звярнуў увагу, што вельмі важнай задачай на сённяшнім этапе з'яўляецца не толькі ўсталяванне даверлівых адносін паміж усім бакамі і суб'ектамі эканамічнай дзейнасці, але і развіццё канкурэнцыі, адыход ад пратэкцыяналізму. І неабходным момантам тут старшыня БНПА бачыць стварэнне моцнага і незалежнага антыманапольнага органа:
Без фарміравання добрага антыманапольнага органа, незалежнага ад мясцовых улад, без абароны прадпрымальніка ад нядобрасумленнай канкурэнцыі, без супрацьдзеяння манапалістычнай дзейнасці не можа быць сапраўднай лібералізацыі. Я хачу, каб усе ўдзельнікі рынку разумелі, што калі мы сказалі "а) лібералізацыя", то ёсць і "б", "в", "г" як лакмусавыя паперкі, і адзін з гэтых пунктаў — антыманапольнае рэгуляванне. Таму калі мы кажам "лібералізацыя", але не робім антыманапольнага рэгулявання, то значыць, гэта не зусім лібералізацыя. Таму мы гатовыя ўдзельнічаць у канструктыўным дыялогу, каб усе гэтыя "б", "в" і "г" былі сфарміраваныя, — сказаў Аляксандр Швец.
Таксама ён лічыць вельмі важным стварыць эфектыўную па-
датковую сістэму, якая б дазваляла беларускаму нацыянальнаму бізнэсу развівацца і пераходзіць спачатку з малога ў сярэдні, а потым і ў буйны. Гэта, на думку старшыні БНПА, паўплывае і на прыход стратэгічных замежных інвестараў:
Мы не можам казаць пра вялікія інвестыцыі, пакуль не зробім спрыяльную сітуацыю нашаму бізнэсу, нашаму маленькаму інвестару. Бо замежныя інвестары, прыязджаючы сюды, просяць завітаць на якое-небудзь канкрэтнае прадпрыемства. А там ім кіраўнік расказвае, з якімі цяжкасцямі ён сутыкаецца, — і інвестары пачынаюць задумвацца... Так, мы павінны шукаць вялікіх стратэгічных інвестараў, якія дадуць нам тэхналогіі, створаць працоўныя месцы і гэтак далей. Але гэта толькі адна частка задачы: паралельна мы павінны расціць з нашага малога нацыянальнага бізнэсу сярэдні, а з сярэдняга — вялікі, — лічыць Аляксандр Іосіфавіч.
Напрыканцы прэс-канферэнцыі "Звязда" пацікавілася ў Аляксандра Швяца, ці не апасаецца ён, што пасля выбараў лібералізацыя скончыцца і Беларусь зноў вернецца да адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання эканомікай:
Выключаць гэтага нельга, але я аптыміст. Мяне запрашалі на працу ў іншыя краіны, але мне падабаецца жыць у нашай Беларусі, я хачу, каб тут жылі мае дзеці, каб яны тут вучыліся і працавалі, тут жывуць мае бацькі ў старажытным Тураве. Я — шчыры аптыміст, і таму лічу, што змяняецца жыццё, а значыць, і мы ўсе павінны змяняцца: і органы ўлады, у тым ліку. Калі мы не будзем змяняцца, то мы не атрымаем таго жыцця, якое хочам. Мы павінны прызнаць свае недахопы, памылкі, мы павінны іх бачыць і змагацца з імі — без гэтага нічога не будзе. Але яшчэ раз паўтаруся, што я — аптыміст, — адказаў Аляксандр Швец.
Павел Бераснеў.
22 снежня 2010