Святкаванне 1150-годдзя Полацка пачалося з Мінска

№43(27158) 03.03.12 А калі быць дакладным, то з урачыстай вечарыны, якая прайшла ў Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі (БелТД). Мінчане яго яшчэ называюць Домам дружбы.

Днямі пад дахам Дома дружбы сабралася шмат вядомых у сталіцы і Полацку людзей. Нагода для сходу была важная — юбілей аднаго з самых старажытных гарадоў не толькі Беларусі, але і Усходняй Еўропы — Полацка, які ўпершыню ўзгадваецца ў "Аповесці мінулых часоў" пад 862 годам. Але ўзнікае пытанне: чаму месцам гэтага прадстаўнічага сходу быў абраны Мінск? Як патлумачыла старшыня БелТД Ніна Іванова, ніхто на правы палачан не замахваецца. Але Полацк належыць усёй Беларусі, усяму славянскаму свету, усёй еўрапейскай культуры, а таму ёсць логіка ў тым, што старт святкаванню гэтай слаўнай даты ў нашай краіне быў дадзены менавіта ў яе сталіцы. Тым больш што да гэтай вечарыны была прымеркавана прэзентацыя кнігі вершаў вядомага паэта, ураджэнца Полацка Навума Гальпяровіча "Я ад дрэва твайго". Чарговы свой зборнік ён прысвяціў роднаму гораду, падкрэсліла Ніна Сямёнаўна.
Натуральна, што асобныя творы паэта гучалі падчас вечарыны, у тым ліку і ў выкананні аўтара. Гучалі таксама і песні, музычныя творы ў гонар горада-юбіляра. Невялікі, але змястоўны канцэрт далі полацкія выканаўцы. А ў фае Дома дружбы разгарнулася выстаўка сувеніраў, якія зрабілі народныя майстры з Полацку менавіта да юбілею. Побач можна было набыць прысвечаныя старажытнаму гораду кнігі беларускіх выдаўцоў.
Старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк расказаў прысутным аб ходзе падрыхтоўкі да 1150-годдзя Полацка, а таксама разам з гасцямі зрабіў спробу зазірнуць у яго недалёкую будучыню. Калі ўсё атрымаецца зрабіць па плане, то неўзабаве Полацк ператворыцца ў адзін з буйнейшых турыстычна-асветніцкіх цэнтраў з сучаснай развітай інфраструктурай. Чакаецца, што яго будуць наведваць штогод тысячы турыстаў з розных краін блізкага і далёкага замежжа.
А пакуль жыхары горада заклапочаны падрыхтоўкай да свята. Ім у гэтым актыўна дапамагае дзяржава. Як вядома, ЮНЕСКА ўключыла юбілей беларускага горада ў каляндар памятных дат 2012-2013 гадоў. У штаб-кватэры гэтай міжнароднай арганізацыі ў Парыжы сёлета на кастрычнік запланавана выстава аб Полацку. Зараз падбіраюцца экспанаты да экспазіцыі, якая раскажа парыжанам аб мінулым і сучаснасці гэтага цудоўнага горада. Невыпадкова намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі заўважыў, што юбілей Полацка — гэта нацыянальнае свята беларусаў. Таму яго адзначыць будуць шырока, прыгожа і весела. Разам з тым, падкрэсліў намеснік міністра, канцэпцыя мерапрыемстваў па святкаванні юбілею распрацоўвалася доўга і старанна. У яе аснову былі пакладзены тры асноўныя складнікі: "Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці", "Полацк — нацыянальны гісторыка-культурны і навукова-асветніцкі цэнтр", "Полацк — сучасны еўрапейскі горад". У рамках святкавання юбілею шматлікія мерапрыемствы: выставы, "урокі гісторыі" ў школах, канферэнцыі, літаратурныя сустрэчы, канцэрты пройдуць у многіх гарадах краіны, а не толькі ў абласных цэнтрах. Напрыклад, у Нясвіжы, цяперашняй культурнай сталіцы Беларусі, намечана цікавая праграма. Разам усе гэтыя вялікія і малыя мерапрыемствы дадуць штуршок росту нацыянальнай свядомасці, а сам юбілей надасць больш вядомасці Полацку ў свеце, упэўнены Тадэвуш Стружэцкі.
Леанід Тугарын.
 
5 сакавіка 2012